Новыя героі Маладога Фронту

 

Працяг дыскусіі

 

Іншым разам карысна пачытаць артыкул, поўны асабістае крыўды, помсьлівасьці й расчараванасьці — такі, які ў мінулы нумар «НН» напісаў Лёша Шыдлоўскі. Атрута ў невялікіх дозах для здаровага арганізму — мэдычны прэпарат: аслабленую заразу ўводзяць у цела, каб яно займела ўстойлівы імунітэт. Неапраўдана эмацыйныя ацэнкі ды ярлыкі выяўляюць найбольш небясьпечныя вірусы і патрабуюць па-аптэкарску дакладнага аналізу. Але што яшчэ важней, Лёшава публікацыя дае падставу нашмат больш выразна й ясна асьвяціць прынцыпова важныя моманты, не кранутыя ў «Новай эры Маладога Фронту» — і канчаткова расставіць усе кропкі над «і».

 

Вобраз героя

Ужо больш за дзесяцігодзьдзе ў нетрах беларускага грамадзтва варушацца глябальныя перамены, балотна-дрымотная, каляніяльная, няверуючая Советская Белоруссия ніяк ня можа пераўтварыццца ў Новую Беларусь, дэмакратычную, эўрапейскую і духовую. Апатыя, раздражнёнасьць, азлобленасьць у беларускім могільніку СССР дасягае піку. Палова краіны ўжо ненавідзіць Лукашэнку, але пры тым рэйтынгі апазыцыйных партыяў і палітыкаў застаюцца нізкія. Людзям не засталося ўва што верыць, яны баяцца, расчараваліся і стаміліся. Людзі, хто падсьвядома, хто асэнсавана, прагнуць новага.

Героі, народжаныя ў савецкай хлусьні й нянавісьці, шукалі вінаватых сярод жыдамасонаў, спэцслужбаў і таемных змоўшчыкаў. Адзіным выбарам для іх быў выбар ворага, адзіным лёзунгам — «мачыць!». Такія героі паціху ніякавеюць і адыходзяць — разам з кананьнем Імпэрыі зла. А новая эра кліча новых герояў.

Новыя героі — тыя, хто прыцягвае людзей не халодным бляскам вачэй і сталёвай нянавісьцю, а духовай цеплынёй, палымянай вераю і шчырай любоўю. Тыя, хто ня лічыць свой народ быдлам і моладзь — дэбілізаваным натоўпам, а адчувае ў правале краіны агульную бяду і ўласную віну. Яны ўмеюць выслухоўваць і спачуваць, яны ведаюць, што такое пакаяньне і здольныя дараваць, а не «забывацца». Ім ведамая ўся глыбіня нашае цемры, для іх шмат што кажа вобраз Нямігі, і бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста ўспрымаецца імі ня проста як скрываўлены бінт, а баліць як асабістая рана. Гэта героі ня плошчаў і вуліцаў, а чалавечых душаў і сэрцаў.

Новыя героі зьдзіўляюць і бянтэжаць тых, хто прызвычаіўся бачыць у змроку. Бо Новая Беларусь надыходзіць як дзень, сьвежым і сьветапоглядным фронтам новае генэрацыі. Абноўленае, абуджанае пакаленьне распраўляе плечы, пачуваецца сапраўдным гаспадаром, і гэта ўжо не паэтычная «новая зямля» й нават ня рокавае «Новае Неба» — гэта жывая новая эра, 2000 год ад Нараджэньня Хрыстова.

 

Новыя імёны

Колішнія героі нацыянальнага руху, рамантычныя дывэрсанты й патэнцыйныя тэрарысты, сыходзяць — іх мяняюць абсалютна новыя людзі. І дзе ж зьявіцца новым героям, як не ў Маладым Фронце! Маладафронтаўская каманда сёньняшняга дня дае ўяўленьне ўжо не пра баявое сяброўства ці агульнасьць ідэалёгіі, а пра духовае братэрства — еднасьць найвышэйшага парадку, якая трымае цывілізацыі й народы.

Многія з гэтых імёнаў ужо знаёмыя чытачам «НН», а іншыя, не сумняюся, яшчэ прагрымяць на ўсю краіну.

Гэта Жэня Скочка, на рахунку якога 6 «палітычных» крымінальных справаў за арганізацыю масавых шэсьцяў, які прарываў кардоны і выклікаў паніку ў менскіх райаддзелах — цяпер займаецца спартовымі праграмамі ў найбуйнейшым дабрачынным беларускім фондзе «Дзецям Чарнобыля». Гэта адважная Натальля Маковік, кіраўніца Асацыяцыі Маладых Прадпрымальнікаў, удзельніца практычна ўсіх апазыцыйных шляхоў і маршаў, якой давялося паспытаць і выключэньня з унівэрсытэту, і дубінкі спэцназу, і пастарункі — і вось яна з чароўнай усьмешкай даруе кветкі міліцыянтам на Акцыі Любові і абяззбройвае ціхароў шыкоўнымі, у нацыянальны колер, строямі. Гэта Лёша Шэін, які на маіх вачох, рызыкуючы жыцьцём, па-над 15-мэтровым прахонам вывешваў бел-чырвона-белы сьцяг, у свае 24 гады — прэс-сакратар БНФ, галоўны рэдактар адначасова маладафронтаўскага «Весьніку», бюлетэню «Супольнасьць» і «Навінаў БНФ». Гэта Аляксей Чарняеў, праграммайстар і спэцыяліст у Інтэрнэце, стваральнік сайтаў і беларусізаваных інфармацыйных прадуктаў, здольных разбураць рэжым і імпэрыю без крыві і зброі, за клявіятурай кампутара. Гэта Андрусь Кавалёў, настаўнік, старшыня Магілёўскага МФ, які, апроч усіх мітынгаў, пікетаў і вечарынаў, са сваімі сябрамі, сабраўшы больш за 1000 новых подпісаў па ўсім горадзе, аднавіў папулярны тралейбусны маршрут, а цяпер арганізоўвае ў школах беларускія клясы для дзяцей мясцовых маладафронтаўцаў (ужо падрастаюць). Гэта Андрэй Мялешка і Сяржук Антусевіч, лідэры гарадзенскага Маладога Фронту, кожны зь якіх у дадатак кіруе некалькімі грамадзкімі арганізацыямі. Гэта Сяржук Бахун, берасьцейскі старшыня, якога, калі й затрымліваюць, дык толькі з нарадам аўтаматчыкаў — ён жа кіраўнік турыстычнага клюбу для «цяжкіх» падлеткаў. Гэта Юрась Зянковіч, які за год бурлівае дзейнасьці літаральна напружыў усю намэнклятуру Менскага раёну, займаючыя і гарачай вадой у Ждановічах, і беларускамоўнай адукацыяй у вёсцы Атоліна, і маладзёвым рухам у Калодзішчах — менавіта ён увасабляе апазыцыю для мясцовых уладных кабінэтаў, гарсаветаў і выканкамаў. Гэта Віталь Станішэўскі, які перакладае і выдае сусьветныя кінагіты па-беларуску: «Адважнае сэрца», «Пяты элемэнт», «Ісус». Гэта юная мастачка Лія Кійко, якая ўжо робіць кніжныя ілюстрацыі для выдавецтваў, вэрнісажы на незалежніцкія сьвяты й аграмадныя маладафронтаўскія расьцяжкі ды транспаранты — напярэдадні юблею Нараджэньня Хрыстова яна сваімі рукамі выразала 2000 белых папяровых анёльчыкаў, каб упрыгожыць Управу Фронту. Гэта вядомы музыка Аляксей Фралоў, адзін зь лепшых фагатыстаў Эўропы, аўтар «Нашае Нівы», кіраўнік хору «Адраджэньне» і пастар кальвінскае грамады ў Менску. Гэта «ды-джэі Адраджэньня», якіх ужо больш дваццаці, старшыні раённых радаў, рэгіянальныя лідэры й кіраўнікі сатэлітных арганізацыяў... Яны на вачох робяцца новымі героямі Маладога Фронту.

 

Вера і праўда

А цяпер — пра самае важнае. У згаданым артыкуле, на Лёшаву бяду, хлусьня зайшла надта далёка. Выразы, якія дазволіў сабе Шыдлоўскі на адрас хрысьціянаў — цынічныя і правакацыйныя. Урэшце, у спэкуляцыях вакол веры і праўды надышоў час расставіць усё на свае месцы.

Па-першае, калі ў Маладым Фронце пачалі займацца духовымі асновамі нацыянальнае ідэі, я палічыў сваім абавязкам абысьці і аб’ехаць найбольш вядомыя й беларусізаваныя менскія цэрквы: і праваслаўныя храмы, і касьцёлы, і пратэстанцкія малітоўныя дамы. Былі і маладзёвыя сходы ў Арцыкатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі, і паездкі ў прыгарадную Ратамку, дзе мясцовы бацюшка часта служыць па-беларуску, а расклад набажэнстваў абавязкова вывешвае на тарашкевіцы, і гасьцяваньні ўва ўніятаў, і кальвінісцкія служэньні. Былі канфэрэнцыі «Хрысьціянскае ініцыятывы», дзе прысутнічалі сьвятары й вернікі ўсіх існуючых у Беларусі канфэсіяў, у тым ліку й супольнасьці Яна Хрысьціцеля, якую Лёша невядома чаму называе незарэгістраванай сэктай.

Што да маёй асабістай канфэсійнай прыналежнасьці (якой я насамрэч — sic! — ня маю), дык ужо даводзілася сустракаць на гэты конт і здагадкі, і легенды, і анэкдоты. У адной газэце мяне называюць палымяным пратэстантам, у іншай — завочным уніятам, некаторыя знаёмыя не разумеюць маіх сымпатыяў да беларускамоўных праваслаўных братчыкаў, а мая бабуля ўсё перапытвае, ці я ўжо не каталік, ці мо з баптыстамі хаджу («ох, ня нашая вера»). З праваслаўнай сям’і, фармальна ўніят, тэарэтычна экумэніст, практычна пратэстант — усё адно, проста хрысьціянін.

Паверце, гэта проста цудоўна — сустракаць Раство Хрыстова спачатку ў Чырвоным касьцёле, а праз два тыдні ў Петрапаўлаўскай царкве на Нямізе; слухаць пропаведзь пра хрышчэньне ў баптыстаў — і паўсюль адчуваць выразную еднасьць Царквы Хрыстовай! Ня ведаю, як каму, а для мяне галоўнае, што ў розных храмах сярод розных людзей у кожным імгненьні праймае прысутнасьць Найвышняга. Адзіны Госпад Бог, адзіны Дух, адзіная сутнасьць — і, урэшце, фармальныя дэталі абраднасьці або багаслоўскія дылемы не такія ўжо й прынцыповыя ў гэтым моры веры, любові й еднасьці.

А наапошку — самому Лёшу. Прашу цябе, не шукай ворагаў у Маладым Фронце. Калі штосьці здарыцца й ня будзе каму дапамагчы — зьвяртайся ў МФ. Калі нешта для сябе вырашыш ці ў чымсі пераменісься — не сумнявайся: у МФ цябе чакаюць шчырыя сябры. Мы перажываем і молімся за цябе, нягледзячы ні на што, Бог любіць нас усіх — і грэшных, і праведнікаў, і атэістаў, і эвангелістаў, і старых сябраў, і новых герояў.

Павал Севярынец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0