З усёй краіны

 

Вялікі наезд на «малую» прэсу

Перад выбарамі ўлады спрабуюць цалкам манапалізаваць рынак СМІ на тэрыторыі ўсёй краіны. Пад «зачыстку» пападаюць усе, нават малыя і незарэгістраваныя газэткі.

Як мы ўжо паведамлялі, у сярэдзіне красавіка рэдактарам крычаўскіх недзяржаўных выданняў «Крычаўскі праваабарончы весьнік», «Наша думка» і «Маладзёжны кур’ер» патэлефанавала галоўны спэцыяліст аддзелу друку Магілёўскага аблвыканкаму В.Ткачова. Маўляў, «дзяржава павінна кантраляваць на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці ўсе выданьні…». На гэтым размова скончылася.

І вось гісторыя атрымала працяг. Рэдактары «Крычаўскага праваабарончага весьніку», «Нашай думкі» і «Маладзёжнага кур’ера» былі выкліканыя ў мясцовую пракуратуру, дзе зь іх памочнік міжрайпракурора Г.Новікаў узяў тлумачэньне . Пракурорскага работніка цікавіла найперш, адкуль грошы на выданьне.

Кожнаму, хто знаёмы з Законам аб друку, вядома, што ён тычыцца друкаваных сродкаў масавай інфармацыі з накладам звыш 300 асобнікаў. А крычаўскія незалежныя газэты выходзяць накладам да 299 асобнікаў.

Андрэй Кузьмін

Фронт займаецца мірнай працай

У мінулую сераду ў прыёмную Баранавіцкага гарвыканкаму пачалі паступаць дзясяткі званкоў з патрабаваньнем добраўпарадкаваць канцавы прыпынак па вуліцы Тэльмана. Гэтая акцыя была сплянавана мясцовай суполкай БНФ. Былі надрукаваныя адмысловыя ўлёткі з тэлефонам гарвыканкаму.

За некалькі дзён да гэтага фронтаўская суполка падала зварот да мясцовых уладаў з гэткаю ж прапановаю.

Дарэчы, месяц таму ходнікі па вул. Тэльмана, ля аўтавакзалу, былі заасфальтаваныя й прыведзеныя ў нармалёвы стан пасьля аналягічнага звароту фронтаўцаў.

Равяка Руслан, Баранавічы

Статыст вінаваты

Клімавіцкі раён на сваім прыкладзе можа выдатна праілюстраваць становішча, якое склалася ў народнай гаспадарцы краіны. За 1999 год, у параўнанні зь мінулым годам, прамысловая вытворчасьць скарацілася на асобных прадпрыемствах на 4-8%. Усяго ж у раёне 46 стратных прадпрыемстваў, а камбінат будаўнічых матар’ялаў увогуле спыніў сваю працу. Вытворчасьць тавараў народнага спажываньня склала 80% да ўзроўню 1998 года. Некаторыя калгасы і саўгасы не атрымлівалі заробку з сакавіка гэтага году. Рост злачыннасьці склаў 124%. Каб неяк паправіць становішча, улады пайшлі на радыкальны крок — зьнялі з пасады начальніка аддзела статыстыкі Аляксандра Марфеля. А няхай благую статыстыку не дае.

С.Аржанцаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0