З «інтэграцыйных палёў»

 

Беларуска-расейская інтэграцыя ўсё часьцей дае пра сябе знаць ня нейкімі супольнымі посьпехамі ў эканоміцы ці сацыяльнай сфэры, а ўсялякімі нэгатыўнымі праявамі жыцьця, якія прыходзяць у Беларусь з «саюзнай» Расеі. Вось і ў інфармацыйнай зводцы мінулага тыдня — некалькі пацьверджаньняў гэтай адмоўнай інтэграцыі.

Хоць Беларусь і не вядзе вайны на Каўказе, але тэрарыстаў шукаюць і тут. Называецца гэта мерапрыемствамі па прафіляктыцы тэрарыстычных актаў. У антытэрарыстычных мерапрыемствах задзейнічаны асабовы склад менскай міліцыі. Міліцыя шукае выбуховыя прыстасаваньні на ўваходах і выхадах у мэтро, падземныя пераходы, на гарышчах, у падвалах жылых і адміністрацыйных будынкаў. Асаблівыя меры бясьпекі прымаюцца таксама на чыгунцы і аўтамабільным транспарце. Самі міліцыянты тлумачаць гэткую сваю актыўнасьць выбухам, які адбыўся ў цэнтры Масквы 8 жніўня. Толькі за адзін дзень менскія ахоўнікі парадку затрымалі каля 60 гасьцей з Каўказу.

Тымчасам на трасе «Менск–Масква» былі абрабаваныя «чаўнакі», якія накіроўваліся ў Расею. Пасажыры двух аўтобусаў, што зьдзяйсьнялі камэрцыйны рэйс у Маскву, сталі ахвярамі дзеяньняў пяці рабаўнікоў. Пагражаючы пісталетамі, невядомыя злачынцы, якія ехалі ў гэтых жа аўтобусах, патрабавалі ад кіроўцаў зьвярнуць у лес у раёне горада Смалявічы пад Менскам. Аднаму з вадзіцеляў, які паспрабаваў папярэдзіць захоп аўтобусу, рабаўнікі з агнястрэльнай зброі прастрэлілі нагу, параніўшы мяккія тканкі. Адабраўшы ў пасажыраў грошы і іншыя каштоўныя рэчы, рабаўнікі селі ў аўтамабіль, які чакаў іх каля месца злачынства, і зьніклі.

І яшчэ адно наступства «інтэграцыі» на мінулым тыдні. Беларусы-інваліды ў Італіі сталіся ахвярамі расейскай мафіі. Агенцтва БелаПАН паведаміла, што італьянская паліцыя арыштавала шасьцёх расейцаў, якія ўвезьлі ў Італію 200 глуханямых беларусаў і прымушалі іх пабірацца на пляжах і ў рэстаранах, а пасьля адбіралі грошы. Агенцтва France Press паведаміла, што ў расейцаў канфіскавалі 14 тысячаў даляраў.

А на расейскім палігоне Хмелеўка ў Калінінградзкай вобласьці адбываліся супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні. Тэма — высадка марскога дэсанту. У вучэньнях бралі ўдзел караблі і катэры брыгады дэсантных караблёў расейскага Балтыйскага Флёту, марскія пехацінцы і вайскоўцы Маскоўска-Менскай мотастралковай дывізіі (ёсьць, аказваецца, ужо й такая), самалёты і гелікоптэры марской авіяцыі Балтыйскага флёту.

Яшчэ ў праграме гэтага інтэграцыйнага мілітарнага шоў былі тактычныя вучэньні супрацьпаветранай абароны на мысе Таран. Стралялі па ракетах — хто трапнейшы — беларусы ці расейцы. Расейскія інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць пра ўсё гэта так, нібыта ў вучэньнях бяруць удзел войскі адной дзяржавы. А беларусы... Перажываюць чарговы казус інтэграцыі. Няма ў Беларусі мора, затое ёсьць марскія дэсантнікі. І вялікае жаданьне высадзіць іх дзе-небудзь, дзе мора ёсьць.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0