У цэнтры Азіі

 

Сярэдняя Азія сталася на гэтым тыдні крыніцай самых цікавых падзеяў. Пры тым расейскія СМІ гэтак абстрактна падавалі інфармацыю, што абыходзіліся амаль без імёнаў і лічбаў. У Аўганістане талібы прасунуліся далей на поўнач і амэрыканцы з расейцамі склікалі сваю камісію па Аўганістану, каб абмеркаваць, як паслабіць талібаў. Прычым расейцы спадзяюцца на тое, што ЗША, нібыта замяшаныя ў стварэньні Талібану, скарыстаюць свае старыя рычагі. ЗША апошнім часам, відаць, стаміўшыся дзейнічаць пасярод дыктатураў і ісламістаў, усё больш здаюць абшар Расеі.

Ва Ўзбэкістане таямнічы аддзел (ці два) з прыкладна 100 маджахедаў нібыта перайшоў ці то аўганскую ці то таджыцкую мяжу і ўступіў у нядзелю у Сурхандар’інскай вобласьці ў бой з урадавымі войскамі. Выясьнілася, што гэта той самы аддзел апазыцыйнай групоўкі Ісламскі рух Узбэкістану Дж.Амадані і Т.Юлдашава, які летась у верасьні ваяваў у Кыргыстане. Як сказаў сп.Юлдашаў таджыцкай рэдакцыі радыё Свабода, ім давялося тады ваяваць, бо кыргыскія ўлады не пускалі іх да Ўзбэкістану. Ён жа заявіў, што цяпер уварваньня не было, а было прасочваньне па адным на працягу колькіх месяцаў. Вайсковы досьвед ягоныя байцы атрымалі ў Таджыкістане й Чачэніі, але цяпер пакінулі Таджыкістан. Узбэкі выказалі падозраньні пра сувязь іх з аб’яднанай таджыцкай апазыцыяй, якая ўваходзіць цяпер у таджыцкія ўрадавыя ўстановы, а таксама пра датычнасьць да гэтай справы Талібану, але галава паўстанцаў гэта адмаўляе. Тады ўрадавыя войскі заявілі, што ісламісты размаўляюць паміж сабой на аўганскай мове пушту. Магчыма і сапраўды сярод іх ёсьць выхадцы з Аўганістану, але ж там жыве больш за мільён узбэкаў.

Трэба сказаць, што ваююць ісламскія байцы добра. Пад канец тыдня зьявіліся зьвесткі пра 2 зьбітыя ўзбэцкія летакі. Як кажа сп. Юлдашаў, іншыя ўрадавыя аддзелы наогул пазьбягаюць уступаць у бой і проста абыходзяць ісламістаў бокам. Узбэцкае войска толькі-толькі пачало ўнутраныя пераўтварэньні, і таму можна сумнявацца ў ягонай баяздольнасьці. Нездарма Ташкент паглядае ў бок Масквы і згадвае пра нядаўнюю Ташкенцкую сустрэчу. Урад цьвердзіў, што паўстанцы аточаныя, выбітыя, але вось сышлі высока ў горы і з-за лавінаў іх цяжка штурмаваць. У сваю чаргу, кіраўніцтва паўстанцаў усё тое адмаўляла і казала, што зусім вольна можа з баямі перасоўвацца па мясцовасьці, маўляў, да іх нават рэгулярна прыляталі шрубалёты. З журналістаў у той раён амаль ніхто не дабраўся, таму казаць нешта пэўнае цяжка.

У чацьвер-пятніцу ісламскі фронт пашырыўся. Яшчэ адна група узбэцкіх апазыцыянэраў (каля 50 чалавек) паспрабавала прарвацца на бацькаўшчыну з кыргыскага боку ў той самай Баткенскай вобласьці ля сумежжа трох дзяржаваў, дзе адбываліся леташнія баі. Гэта ня надта ў іх атрымалася, бо кыргызы цяпер набудавалі тамака блёк-пастоў і распачаліся баі. Дарэчы, кыргызы зьбіраюцца ўправіцца сваімі сіламі і не спадзяюцца на Масковію.

Таго году змаганьне маджахедаў закончылася нічым. Гэтым разам іх кіраўнікі заяўляюць пра буйнамаштабную апэрацыю і адмаўляюцца ад перамоваў. Яны, маўляў, зьбіраюцца зрынуць рэжым і вызваліць 100 тыс. (!) палітвязьняў. Улады ж закідаюць ім стандартнае — спробу стварэньня адзінай сярэднеазіяцкай ісламскай дзяржавы-каліфату.

Чаго б яны ні хацелі, гэта вялікае выпрабаваньне для зусім недэмакратычнага Ўзбэкістану. Узбэкістан — вельмі амбітная дзяржава, што замахваецца на панаваньне ў рэгіёне, прычым спрабуе дабіцца таго, ня маючы да сёньняшняга дня аніякіх дактрынаў і праграмаў, апроч хіба што недаломкаў савецкае ідэалёгіі, упрыгожаных элемэнтамі фэўдалізму разам з культам аміра Тымура дый, мабыць, уяўляючы сабе, што ўсё залежыць ад колькасьці насельніцтва, бо вельмі высокі натуральны прырост не спыняе. Але ўмоваў для жыцьця дзяржава не стварае, і пакідаюць ўзбэкі дом. У нашым Маладэчне, напрыклад, да гэтага траўня іх пэўна зусім не было. Дык зьявіліся ў траўні, пачалі гандляваць тэкстылем, а за лета іх колькасьць павялічылася ўдвая... Ня думаю, што іх стане меней.

Кампартыя УзССР ператварылася ў Народна-Дэмакратычную грамаду на чале з прэзыдэнтам Карымавым, ніхто не чапаў і КГБ, а апазыцыі далі ролю савецкіх дысыдэнтаў. Складана нават казаць пра яе рэальнае йснаваньне, бо дзьве самыя значныя (прынамсі, гадоў 10 таму) апазыцыйна-дэмакратычныя партыі — Бірлік і Эрк знаходзяцца па-за межамі краіны. Партыі тыя былі (і нават сёньня ёсьць паміж маладых) уплывовымі й паважанымі, кіравалі імі прафэсар Булатаў і літаратар М.Саліх, але большую частку сваіх сілаў яны трацілі на грызьню міжсобку. У выніку, ачуняў ад дэмакратыі сп. Карымаў і... Карацей, апазыцыі цяпер фактычна няма, таму ня дзіва, што, ня бачачы выйсьця пасярод росту галечы, паспаліты народ пайшоў па ісламскім сьветлым шляху.

Шмат узбэкаў (і іншых жыхароў краіны — татараў і нават карэйцаў) скіравалася ў ісламскія вышкальныя табары, а пасьля на Радзіму. Паўстанцы цэляць гэтым разам прабіцца ў самыя закінутыя і бедныя раёны Ўзбэкістану, спадзеючыся атрымаць там шырокую падтрымку. Зразумела, іх чын мае падтрымку сярод аўганскіх і іншых маджахедаў-інтэрнацыяналістаў, згадайце нядаўнія мары талібаў пра Фэргану. Кажуць, сп.Юлдашаў тэлефанаваў у Свабоду з Савудаўскай Арабіі.

Прывід вайны блукае ў Сярэдняй Азіі...

Тымчасам побач распачынаецца яшчэ адна вайна — эканамічная, паміж нашымі саўдзельнікамі ў пяцігаловым мытным зьвязе Казахстанам і Кыргыстанам. Прамысловыя й харчовыя тавары ў Паўднёвы Казахстан завозяцца з Кыргыстану. Віцэ-прэм’ер Кыргыстану загадаў строга аглядаць казахскія вялікавагавыя аўтамашыны з тэхнічнага боку, што вылілася ў фактычнае спыненьне іх руху, а казахі значна ўскладнілі транзытны рух вялікавагавых аўтамашын між Расеяй і Кыргыстанам. Казахі спынілі пастаўкі вугалю кыргыскім электрастанцыям, а кыргызы не далі вады Поўдню Казахстану. Іх непакояць нацыянальныя інтарэсы.

Азія!

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0