ВОДГУКІ

 

Aбы «добразычліўцы» не дабілі

Апошнім часам, відавочна, зважаючы на традыцыйнае летняе «бястэм’е», газэтчыкі нашы вырашылі ўзяцца, нарэшце, за тое, што яшчэ да канца не раскрытыкавана і, пагатоў, не аплявана. Усё гэта нагадвае абавязковыя заняткі «крытыкі й самакрытыкі», што праводзіліся ў палпотаўскай Камбоджы, перад тым, як «крытыкаваным» ды «самакрытыкаваным» найчасьцей адсякалі галовы матыкамі. Гэтым разам пэўным «жэрцам праўды» закарцела пагаварыць пра «заняпад» Беларускага гуманітарнага ліцэю. Напачатку ў «сьцёбавай» Радавай Беларусі зьяўляецца напісаны зусім ня сьцёбавым стылем злосны артыкул пад аж якою гучнаю назваю «Сьмерць беларускага духу». Наконт гэтага артыкулу можна меркаваць, што схаваны за псэўданімам («Яніна Мялешка») аўтар (ці аўтарка?) сам вучыўся ў Беларускім ліцэі й, відавочна, меў праблемы з гэтай самай вучобаю, альбо з паасобнымі выкладчыкамі. Бо ж анічога, апроч звычайнай падтасоўкі агульнавядомых фактаў, у тым артыкуле не ўтрымоўваецца. Ну, проста злы атрымаўся «сьцёб», разумееце? Але ж далей, дык болей. Чытаю ў артыкуле «Стратэгія фальшаваньня» паважанага заступніка рэдактара «Нашае Нівы» Андрэя Дынько наступныя словы: «Прыклад ліцэю, які стаў занепадаць, як толькі яго ўзялі пад навязьлівую дзяржаўную апеку» (НН, № 32, за 7 жніўня г.г.) — і тут ужо ўзьнікае пытаньне: адкуль? што прымусіла пісаць гэткія словы? Дарэчы тут было б узгадаць дасьціпную прапанову аднаго чытача НН, выказаную ў тым жа нумары за 7 жніўня, — замест слова «інфармацыя» па-беларуску ўжываць слова абас (Адна Баба Аднойчы Сказала). Зрэшты, абвяргаць згаданыя сьцьверджаньні, не адчуваючы ані «заняпаду» ў ліцэі, ані «навязьлівай» дзяржаўнай апекі, немажліва, бо немажліва апраўдвацца за шматгадовую працу з раніцы да вечара за тыя капейкі, якія (амаль што як зьдзек) плоціць за гэтую працу «дзяржава». Хацелася б толькі сёе-тое дакінуць да абасу. Вось жа, у ліцэі сёньня працуюць Уладзімер Колас (в.а.дырэктара), Міхась Тычына, Васіль Сёмуха, Павал Лойка, Вінцук Вячорка, Уладзімер Емяльянчык, Валянцін Мазец, Аляксей Крукоўскі альбо найлепшыя, не пабаюся сказаць, у Беларусі выкладчыкі ў сваіх дысцыплінах – Валянціна Сіўковіч (беларуская мова), Віялет Крывашэін (ангельская мова), Ірына Сідарэнка (геаграфія; яна ж заступнік дырэктара ў навучальнай працы)... Працуюць, бо, не зважаючы на мізэрныя заробкі, нейкую адказнасьць адчуваюць ды – бачаць плён сваёй працы (у тым ліку й шэраг чытачоў ды аўтараў «Нашае Нівы»!). Няма тут патрэбы пералічваць, каго ўжо даў Беларускі ліцэй нашай культуры (у шырокім сэнсе гэтага панятку), ды яшчэ хто на падыходзе. Паўстае пытаньне: няўжо ж некаму карціць, каб, пачытаўшы падобныя публікацыі, людзі, што сёньня «цягнуць» гэты ліцэй ды ствараюць годную канкурэнцыю спрэс расейскамоўнай школе ў Беларусі, наўпрост кажучы, разьбегліся й пайшлі на больш высокааплатную працу ці заняліся банальным рэпэтытарствам за «круглыя» сумы? A propos, хачу нагадаць, што ліцэй наш у цэнтры Менску, у яго можна заўсёды прыйсьці ды ня толькі ўбачыць, што ў нас атрымоўваецца лепш альбо горш сёлета, а й спытацца, што было лепшым ці горшым учора. Рознымі ў нас атрымоўваюцца й наборы вучняў, што прыходзяць ня зь Месяца й, на жаль, не з рамантычнага Karaleмstva Bieжarusi... Але ж усьлед за горшымі заўсёды прыходзяць лепшыя. Гэтым жа, спадарства, мы й жывем вось ужо дзясяты год! І будзем жыць далей, спадзеючыся, што нарэшце нехта зробіць яшчэ лепшыя беларускія ліцэі, чым гэта робім мы. Абы толькі «добразычліўцы» нас не дабілі...

Лявон БАРШЧЭЎСКІ,
заступнік дырэктара ліцэю ў навукова-мэтадычнай працы

 

Проста абрыдла

Напісаць у рэдакцыю мяне вымусіла дыскусія, якая ўзьнікла на старонках «Нашай Нівы». Яшчэ я магу зразумець сытуацыю з наморднікам. Магчыма і набалела народу, як правільна пісаць «намысьнік» ці «нарыльнік».

Аднак я пра іншае, пра дыскусію паміж Паўлам Севярынцам і Аляксеем Шыдлоўскім, якія дзеляць не падзеляць на старонках газэты аморфнае цела пад назвай «Малады фронт». Хлопцы (з «НН»), Вам што матар’ялу бракуе? Што Севярынец, што Шыдлоўскі так расьпісваюць подзьвігі сваіх падначаленых, як быццам гаворка ідзе не пра Малады Фронт, які ведае вузкае кола колькасна абмежаваных людзей, а прынамсі пра «Шын фэйн». Такое ўражаньне, што менчукі ў грамадзкім транспарце толькі й абмяркоўваюць падзел і праблемы Маладога Фронту. Хацелася б выказаць сваю думку, што гэта ня так, што людзей хвалююць іншыя праблемы: заробкі, катастрофы Канкордаў, ці пакатаецца Ўсенародны на камбайне па калгасных палёх, людзей нават цікавіць праблема выбараў, але толькі ня Вы, шаноўныя маладафронтаўцы. Бо Вашая спрэчка нагадвае бітву дыстрофікаў пад канапай.

Калісьці Аляксандру Керанскаму прапаноўвалі радыкальны сродак барацьбы з бальшавікамі і Ленінам: «Саша! Пасадзі гэтых бандытаў усіх на баржу і ўтапі ў Фінскай затоцы». Нашаму Аляксандру ня трэба нават гэтага рабіць, бо слон не баіцца ўкусу камара. Гледзячы на маладафронтаўцаў, складваецца ўражаньне, што яны толькі й здатныя, падобна бэтмэнам, вешаць сьцягі і, падобна героям «Сабачага сэрца», сьпяваць патрыятычныя песьні.

Хлопцы і дзяўчаты з Маладога Фронту, кіньце дзяліць скуру незабітага зайца, а займецеся прынамсі адукацыяй ці самаадукацыяй, гэта яшчэ нікому не замінала і дазволіць вам не зацыклівацца на праблемах Новай Беларусі і адрозьніваць Арцюра Рэмбо ад Джона Рэмба. Гледзячы на вашую дыскусію, паважаныя Павал і Аляксей, на спрэчку, зь якога боку і як павінна ўзысьці сонца Новай Беларусі, прыгадваецца «гарык» Ігара Губермана, што праўда, па-расейску:

Есть люди с тайным геном   комиссарства,
Их мучит справедливости мираж,
Они запойно строят Божье  царство,
И кровь сопровождает  их кураж.

P.S. А яшчэ я чуў пра праблемы «Маладой грамады» і «Маладых сацыял-дэмакратаў», і напружаную абстаноўку ў Беларускай Партыі Свабоды…

А. Гардзіенка

 

Сабе я ня здраджваў

Зьвярнуцца да Вас мяне прымусіў зьмешчаны ў №30 Вашай газэты артыкул Віктара Мухіна «У палоне аднаго міту».

Найперш маю зазначыць, што заўжды ў сваім «сьвядомым» жыцьці лічыў сябе ліцьвінам, і ніхто лепш за Віктара ў гэтым ня быў дасьведчаны, таму ягоны кпін: «Вадзім Лабковіч, колішні вязень, які сядзеў за надпісы «Жыве Беларусь!», цяпер мае зусім іншыя погляды», ня мае аніякага падмурку, я заўжды выказваўся за адраджэньне Вялікага княства Літоўскага, нават некаторыя аўтографы падпісваў «Жыве Вялікая Літва ад мора да мора!», канечне гэта не было сур’ёзна, але пацьвяржае, што сабе я ня здраджваў.

З павагаю да рэдакцыі

старшыня Вызвольнага камітэту Літвы Вадзім Лабковіч

 

Неўласьцівая заклапочанасьць

Дасылаю адказ на ліст Ірэны па прозьвішчу Ікс зь вёскі Ігрэк з старанна распрацаваным ёю сцэнаром распрананьня жаночай паловы дэлегатаў Усебеларускага зьезду пры ўшанаваньні сьцяга («НН», №28 за 2000 г.).

З довадаў Ірэны беларускам ня ўсё зразумела і натуральна, бо сэксуальная заклапочанасьць ніколі не ўваходзіла ў пералік якасьцяў беларускага характару. Але мы заўсёды з павагаю ставімся да традыцыяў іншых народаў. Шкада, што Ірэна саромеецца называць сваё прозьвішча і вёску, у якой жыве.

Алеся Шэймановіч, Менск

 

Чым болей нашых, тым лепш

На мой погляд, ня трэба друкаваць артыкулы кшталту «Беларускі калярыт у расейскай мове» («НН», №25 за 2000 г.). Сапраўды, на кожным кроку мы сустракаем такія прыклады рэклямы, як там і напісана. Ды й ня толькі рэкляма! Паслухайце наўкол нашу «трасянку» — на вуліцы, у краме і г.д. Дык што? Усіх нас трэба высьмейваць, крытыкаваць? Па лёгіцы аўтаркі згаданага тэксту так і трэба рабіць. Але ці не атрымаецца так, што ў людзей павялічыцца няўпэўненасьць («А раптам скажу ці напішу няправільна. Сьмяяцца будуць, крытыкаваць»). Вось і згубілі яшчэ аднаго беларускамоўнага! Калі ж мы навучымся чаму-небудзь? Каб не губляць, а знаходзіць? Можа той самы хлопец-максымаліст з шапіку на Камароўцы, напісаўшы «Гандлёвая крама», хацеў зрабіць як лепш, паспрыяць роднаму слову, зыходзячы з сваіх магчымасьцяў. А тут... высьмеялі. Ці рызыкне ён яшчэ калі ўжыць беларускае слова? Напіша «магазин» ці «охотный ряд» ці іншае.

Божа, да гэтай пары памятаю (а мне ўжо 57), як нас, 14-гадовых, у фінтэхнікуме высьмейвалі за кожнае беларускае слова! Памятаю, як зьявіліся сьлёзы на вачах хлапчука, майго аднакурсьніка, калі выкладчык перадражніў яго за ўжытае слова «гэта». Высьмеяў такім чынам: «Гэны гэнага піхнуў, гэны паваліўся». І сьмяяўся. За ім — уся група.

А тут, праўда, наадварот — з расейскай на беларускую. Але ж мэтода адна — высьмейваньне.

Мяне радуе кожнае слова па-беларуску. Хоць далей і дадаецца трасянка. Бо дзе ўзяць «грамацеяў», якія сёньня дасканала ведаюць Мову? Усе мы «пакалечаныя» расейскай школай, навучальнымі ўстановамі, асяродзьдзем.

Тут не сьмяяцца трэба, а дапамагаць людзям, паважаючы кожнае памкненьне кожнага чалавека авалодаць Мовай. Нават агітаваць. Праз друкаваныя выданьні. Пры вусных размовах і г.д. Але не адштурхоўваць. Радуе з гэтай нагоды артыкул у «НН» пад назвай «Нашы ў горадзе». Чым больш будзе ў нас нашых, тым лепш.

З павагай

Алена Стома, Наваградак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0