Сабраныя на заклад Дзянісу Дзянісаву грошы дазволілі актывісту выйсці на волю яшчэ 11 красавіка. Крымінальную справу спынілі, аднак грошы ўсё яшчэ знаходзяцца ў распараджэнні следчых органаў. Як толькі іх аддадуць, арганізатар збору Жана Ямайкіна збіраецца вярнуць усе сродкі тым, хто іх пералічваў.

Нагадаем, грамадскага актывіста Дзяніса Дзянісава арыштавалі 16 лютага і абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. За гэта яму пагражала 3 гады зняволення. У канцы сакавіка ў Інтэрнэце распачалася акцыя па зборы грошай на заклад. 11 красавіка Дзянісава выпусцілі. А 29‑га траўня крымінальную справу спынілі.

У ахвяраванні ўдзельнічалі каля ста чалавек. Назбіраная сума складае 15 з паловай мільёнаў рублёў. Як да рашэння вярнуць гэтыя грошы ставіцца сам Дзяніс, расказала «Еўрапейскаму радыё» Жана Ямайкіна:

«Вядома, ён згодны. Як ён мне ў прыватных размовах казаў, ён вельмі ўсім удзячны і, па магчымасці, хоча кожнаму падзякаваць. Ну, а калі штосьці застанецца, мы ўсё роўна будзем звязвацца з тымі, хто здаваў і хто не хоча забіраць. І тады ўжо ў іх будзем пытацца, што яны хочуць, каб з гэтымі грашыма зрабілі».

Магчыма, гэтыя грошы маглі б пайсці на выплату штрафаў грамадскім актывістам. Толькі за травень апазіцыяй было выплачана амаль 5 тысяч долараў. У кожным разе, куды грошы ні пойдуць: на аплату штрафаў, вызваленне палітвязняў, ці вернуцца назад да сваіх уладальнікаў, — паслужаць яны карыснай справе. Галоўнае, каб грошы вярнулі.

Эўрарадыё via Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0