Жыбартоўшчына.
Фальварак Дамейкі

 

Колькі гадоў таму «НН» распавядала пра сваю вандроўку, здаецца, з Давыда Гарадку да Вільні. Было там колькі прыемных радкоў і пра маё Дзятлава.

Падчас таго падарожжа нашаніўцы цікавіліся збольшага сьлядамі архітэктуры па маршруце руху. Указальнік «Жыбартоўшчына» празь якіх пару кілямэтраў ад Дзятлава па Віленскай шашы мала чым мог зацікавіць. Чым можа прыцягнуць месца, дзе лекуюць п’яніц?

У тыя часы і я нічога асаблівага пра гэтую мясьціну ня ведаў. Трохі пазьней, здаецца, у «Полымі» выйшаў пераклад дзёньнікаў ці падарожных замалёвак Ігната Дамейкі, які зрабіў Кастусь Цьвірка. Там ішлося пра нейкую Жубуртоўшчыну, дзе жыў дзядзька гэтага вядомага чалавека.

Колькі гадоў у дзяцінстве жыў там і сам Ігнат Дамейка. Потым гаспадыняй сядзібы стала дачка ўжо вядомага ў сьвеце навукоўца, узяўшы шлюб зь мясцовым панічам, які да таго ж яшчэ прыходзіўся ёй раднёю.

Пасьля адыходу ў адстаўку Дамейка яшчэ раз наведаў Дзятлаўшчыну і прагасьцяваў у дачкі зь зяцем, у Жыбартоўшчыне, некалькі гадоў.

Калі я быў трошкі больш чым «зусім малы», мой бацька працаваў у Жыбартоўшчыне. Там быў сухотны дыспансэр і лякарня. Мэдыкам давалі па колькі сотак у садзе былога маёнтку — пад гародчыкі. Мы сям’ёю і хадзілі туды капаць, саджаць, паліваць, грабсьці.

Трэба бачыць тутэйшыя навакольлі. Яны й цяпер, як па мне, дык дзіўнаватыя. Дарога ідзе ўгару… да балота. Луг. Прадраны мэліярацыяй. Каля сьцежкі, у канаве — крынічка. Страшна і загадкава прыцягальна для дзіцяці глядзець, як зь зямлі імкне струменьчык, расштурхоўваючы на шляху пясочнае месіва. Пахне ракітай. Над галавой «вісіць» жаваранак, а ў стрыжаную макаўку смаліць сонца. Абавязкова трэба прыкласьціся вуснамі туды, дзе варушыцца пясок, і пацягнуць халоднай вады.

Шлях далей, зноў на пагорак. Затым дарога спускаецца між бульбяных дзялак і ўваходзіць у вальховы калідор. «Калідор» сканчаецца драўляным мостам. Ты ўжо прызвычаіўся да змроку. За мостам алешнік разыходзіцца, і мы трапляем на невялікую пляцоўку паміж сажалкамі. Над імі навісаюць вялізныя дрэвы. Па левай руцэ, за сажалкай, дрэвы сыходзяцца і адгароджваюць ад вачэй яшчэ адну сажалку. Берагі апутаныя зарасьцямі ажыньніку, зь сінімі вочкамі кіслых ягад. Бліскаюць крылцамі стракозы. Пасярэдзіне вадзяной паверхні ледзь варушацца чорныя сьпіны карпаў. Яны вялікія і страшныя. Але нам па справах. Дарога пераскоквае масток між сажалкамі і імкне да муроў з валунамі. Там стайня і да яе трэба ісьці проста.

Каб трапіць да панскага дому, трэба браць лявей і ісьці густою бэзавай прысадай. Мы збочваем з прысады раней, каля закінутай клюмбы, ледзь адзначанай зялёнай пукатасьцю, і ідзем у сад. Нас чакаюць гуркі, памідоры і пустазельле.

Дамейкі не адзін год дапамагалі нам самым натуральным чынам. Колькі гадоў запар мы варылі сочыва з дармовых парэчак. Насоўвалі ў кішэні гарэхі. Насіць за колькі кілямэтраў яблыкі не было патрэбы. Іх разам з ігрушамі і сьлівамі апарадкавалі мясцовыя насельнікі.

Зноў я зазірнуў у Жыбартоўшчыну напрыканцы лета 99 году.

Ізноў наведаў я мясьціны,

Дзе леты першыя прайшлі…

Цяжка было пазнаць. Сад амаль увесь сьсеклі. На месцы былой бэзавай прысады пустка. Дзе былі гароды, вялізных памераў ці то яма, ці то катлаван. Замест сажалак — канава амаль без вады. Побач тырчыць шыльда: маўляў, рыбу… нельга — нейкая зараза.

Доўга хадзіў, шукаючы відарыс, каб ня пёрла ў вочы мярзота занядбаньня. «Лечашчыеся» выглядвалі з вокнаў і гукалі: «Вам каво пазваць?»

Уладзімер Мароз


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0