Людміла Рублеўская

Квадраты школьнага вальса

 

Ангельскі філёзаф 17 ст. Джон Лёк налічваў у жыцьці чалавека пяць школаў — школу маленства або мацярынскай клапатлівасьці; школу дзяцінства — ад шасьці да шаснаццаці гадоў; школу падлеткаў або гімназіі моваў і мастацтваў, маралі і дабрадзейнасьці; школу сталасьці, у якой належыць выбраць свой стыль жыцьця й рабіць усё сур,ёзна й на карысьць; і нарэшце — школу старасьці, у якой належыць вучыцца зьбіраць плён мінулага жыцьця і рыхтавацца да ўступленьня з радасьцю ў вечнае жыцьцё, якое, паводле Лёка, ёсьць акадэміяй.

Школа — гэта ўсяго толькі расьцягнуты на гады абрад ініцыяцыі. Таіцяне задавольваюцца пакутлівай татуіроўкай, дзяўчынкі аднаго з індзейскіх плямёнаў мусяць, каб атрымаць статус дарослай дзяўчыны, праседзець тры дні на дрэве ў клетцы. Дзіцёнка цывілізацыі зь дзясятак гадоў, як калядную гусь з арэхамі, напіхваюць квінтэсэнцыяй навуковых ведаў, большасьць якіх ніколі яму не спатрэбіцца й да канца яго жыцьця безнадзейна састарэе. І выдаюць урэшце, як рытуальны знак ініцыяцыі, кавалак паперы — атэстат сталасьці.

Першае, што робяць захопнікі чужой краіны — будуюць школы, дзе будуць вучыць туземцаў сваёй мове і сваёй культуры. Некалькі стагодзьдзяў таму ў беларускіх калегіюмах шкаляроў прымушалі размаўляць на лаціне нават за межамі калегіюму. І насельніцтва мястэчка, дзе знаходзіўся калегіюм, — рыначныя гандляркі, краўцы, цырульнікі — таксама пачыналі размаўляць на «кухоннай лаціне». Так што мястэчка, паводле выразу тагачаснага аўтара, здавалася захопленым рымлянамі.

Менавіта ў школе адбываецца падзел, як і ў любой групоўцы маладых жывёлаў, паводле натуральнай ерархіі. На правадыроў, шасьцёрак, пакорлівы натоўп і ізгояў, якім прынята чапляць на сьпіну паперкі з крыўднымі надпісамі і пакідаць у самоце за партай.

Праўда, некалі гэтыя ізгоі, як правіла, найбяднейшыя, нерадавітыя шкаляры, акрым шматлікіх гаспадарчых абавязкаў па школе і прыслугоўваньня багацейшым аднаклясьнікам, мусілі на загад настаўніка гэтых жа аднакласьнікаў сьцябаць розгамі.

Школа — асяродак уніфікацыі. Але ў беларуска-савецкім кантэксьце гэта не славутая пінкфлойдаўская мясарэзка, а нейкі зусім не злавесны, няўклюдны штампавальны станок, зацыклены на простых лініях.

Тыповая менская школа сямідзясятых уяўляла зь сябе простакутнік з бэтонных панэляў, пафарбаваных жоўтай крэйдавай фарбай. Нас выстройвалі на штотыднёвую лінейку квадратам на шэрых квадратах бэтоннай падлогі. Усё навокал было простакутным… Рукі, складзеныя на парце роўненька адна на адной. Нават вальс, які вывучвалі на ўроках рытмікі, запомніўся квадратам: крок наперад, крок улева, крок назад…

На жорсткую рэглямэнтацыю школы шкалярства спаконвеку адказвала сваімі ня менш жорсткімі ўнутранымі законамі. Ніхто больш бязьлітасна ня ставіцца адзін да аднаго, чым самыя прыгнечаныя і бяспраўныя. Страшныя ўспаміны дзяцінства — гэта моманты, калі ты парушаў унутраныя законы клясы. Наша кляса называлася бандай, па руках хадзілі сьпісы яе матрыярхальнай ерархіі. На чале атаманша — здаровая дзеўка татарскай нацыянальнасьці. У яе дзьве намесьніцы, некалькі «шасьцёрак»-асьведамляльніц… Мяне і яшчэ трох маіх пасьлядоўніц, якія не жадалі паводле загадаў клясных «аўтарытэтаў» удзельнічаць у «цёмных» для ізгояў, запісалі ў «анархісты».

Падобная школа — падрыхтоўка да арміі і зоны. Чацьвёра ці пяцёра з маіх былых аднаклясьнікаў пабывалі ў апошняй.

І хаця мне здавалася, што ва ўсёй нашай школе, заціснутай між турмой на Апанскага, чыгункай і радыятарным заводам, няма ніводнага «нармальнага»»(у маім разуменьні) чалавека, пасьля я даведалася, што ў паралельнай клясе вучыўся Міраслаў Шайбак, брат Адама Глёбуса, а іхная маці працавала ў нашай школьнай бібліятэцы.

Дарэчы, сёньня наша «атаманша» — прыстойная сямейная жанчына, працуе краўчыхай у атэлье.

Чамусьці самыя вялікія пэдагогі-рэфарматары ня мелі ўласных дзяцей.

Або былі, як Жан-Жак Русо, нікуды ня вартымі бацькамі.

Калі я перавялася на завочнае аддзяленьне філфаку, апынулася ў асяродку вясковых настаўніц. Гэта ў большасьці былі мілыя, хранічна стамлёныя жанчыны, заклапочаныя тым, што пакінулі гаспадарку без прыгляду. За дзьвярыма — іспыты па гісторыі сусьветнай культуры, а ў калідоры, сярод тых, хто чакае на сваю чаргу здаваць, тужлівыя нараканьні на сьвіньню, што апарасілася ды захварэла, і пахвалёны, што купілі ўласны міні-трактар.

Выступаем у вёсцы. Пасьля вечарыны, па традыцыі, бяседа з настаўнікамі школы. Пажылы выкладчык з кранальным гонарам гаворыць, што нядаўна перачытваў поўны збор твораў Дыкенса, а цяпер бярэцца за Чэхава… Успомнілася, як Рабінзон чытаў папугаю і казе псальмы. Чалавек да апошняга ратуе сваю чалавечую душу…

Пэдагагічная практыка ў суседняй школе. Дзіцёнак з усьведамленьнем уласнай годнасьці лічыць за партай свае «баксы». Другі, у якога «зялёных», відавочна, няма, адводзіць ад «багацея» тужлівы позірк і раптам пачынае, як малады бабуін, калашмаціць рукамі па парце, падскоквае і крычыць камусьці нешта прыкольна-абразьлівае. Дзіцёнак з «баксамі» паблажліва глядзіць на «прадстаўленьне».

Школьная праграма — надзейны сродак прыгашваць цікавасьць да любога прадмету і любога твору. Мусіць, таму ў нашым пакаленьні стыхійна ўзьніклі тыя, хто палюбіў беларушчыну і Караткевіча, якім у школьнай праграме месца не было.

На бацькоўскім сходзе ў дзіцячым садку выступаюць дырэктарка і настаўніцы суседняй школы. Бацькі непакояцца, што хлопчыкі адразу пасьля школы, якую зьбіраюцца рэфармаваць у дванаццацігадовую, трапяць у армію. «Дарагія бацькі, — стамлёна гаворыць дырэктарка. — Успомніце, колькі за апошнія тры-чатыры гады было школьных рэформаў у нашай дзяржаве, што з гэтых рэформаў выйшла, і супакойцеся».

Са школьнай бібліятэкі дачкі павыкідвалі старыя, «сьпісаныя» падручнікі. Пакуль прыехала па іх машына, дзеці парасьцягнулі, што маглі. Дачка прынесла «Родную літаратуру» зь вершамі Ларысы Геніюш і Натальлі Арсеньневай. Па гэтым падручніку цяпер дзяцей вучыць ня будуць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0