Тыдзень нашага жыцьця

 

Усе супраць аднаго

 

Сьвятлана Алексіевіч абвясьціла пра сваё рашэньне выехаць зь Беларусі на два гады ў Італію. Яна робіць тое самае, што ўжо зрабілі да яе Васіль Быкаў і Ўладзімер Някляеў. У эміграцыі аказваецца трэцяя эмблематычная постаць сучаснага беларускага пісьменства — лідэр беларускай расейскамоўнай літаратуры. Гэта значыць, што ў краіне пануюць змрок і задуха, што творцам цяжка, няма як дыхаць.

Гэткае задушэньне адчуваюць у Беларусі мільёны, тысячы бягуць адсюль, дзясяткі тысячаў мараць пра бегства. Сярод іх нямала беларускіх нацыяналістаў. Вось на мінулым тыдні абвешчана пра ад’езд на вучобу ў Чэхію 12 актывістаў «Маладога фронту», «Грамадзянскага форуму» і іншых няўрадавых арганізацыяў моладзі. Выехалі нібыта тыя, хто спазнаў у Беларусі перасьлед. Праграма адукацыі ажыцьцяўляецца пры падтрымцы ўраду Чэхіі і чэскай грамадзкай арганізацыі «Чалавек у бядзе». Маладыя людзі спачатку закончаць курсы чэскай мовы, пасьля чаго будуць вучыцца па тых жа спэцыяльнасьцях, якія спрабавалі атрымаць у Беларусі.

Гісторык Аляксей Кароль, сябар рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», паведамiў, што за дзесяцiгодзьдзе зь Беларусi эмiгравала больш за 300 навукоўцаў, каля 100 спартоўцаў i значная колькасьць палітыкаў, творцаў і інжынэраў. Пакінула краіну і лідэрка самой «Бацькаўшчыны» Ганна Сурмач, папрасіўшы прытулку ў Чэхіі. У Амэрыцы атабарыўся і нашчадак самога Аляксея Караля.

Але калі ў дачыненьні да нашых найлепшых творцаў гэткая эміграцыя падаецца цалкам справядліваю, бо як інакш ім захаваць сваю індывідуальнасьць у жорсткім і агрэсыўным сёньняшнім беларускім сьвеце, дык ад’езд дзясяткаў юнакоў і дзяўчатаў здаецца страшным, недаравальным марнаваньнем нацыянальных сілаў, і без таго расьцярушаных. Нідзе няма такой колькаснай і якаснай канцэнтрацыі беларушчыны, як у Менску. Значыць, у Менску сыходзяцца ўсе нашы спадзяваньні. Кожная эміграцыя зь Менску робіць гэтыя спадзяваньні ўсё больш кволымі. Зрэшты, што было б Беларусі карысьці ад такіх, для якіх мэта жыцьця — зьбегчы?

Усе бягуць адсюль, адзін ляціць сюды, як на крылах. Славамір Адамовіч паведаміў пра сваё заўчаснае вяртаньне з творчага стажу ў ЗША. Ён мае вярнуцца ў Менск у кастрычніку, а не ў красавіку наступнага году, як плянавалася раней. Паэт ня можа без радзімы. А мы радыя ягонаму вяртаньню!

 

Манэўры

Упершыню за апошнія шэсьць гадоў расейскія стратэгічныя бамбавікі, здольныя несьці ядзерную зброю, прызямліліся на беларускія аэрадромы. Адбывалася гэта 7 верасьня, напярэдадні Дня беларускай вайсковай славы. Пара стратэгічных ракетаносцаў Ту-95МС ажыцьцявіла пасадку і ўзьлёт з аэрадрому Мачулішчы пад Менскам, а пара звышгукавых бамбавікоў Ту-22МЗ — з аэрадрому Баранавічы. Самалёты далёкай авіяцыі Расіі былі выведзеныя зь Беларусі ў 1994 годзе. Датуль яны базаваліся ў Мачулішчах, Баранавічах і Быхаве.

Дзень славы сёлета аказаўся болей шматлюдны на Крапівенскім полі, чым у Менску. Гэткае здараецца ўпершыню пасьля 1995 году. Прычына, мабыць, у кепска артыкуляваных арганізатарамі часе і месцы правядзеньня акцыі. Па вялікім рахунку, людзям прапаноўвалася сабрацца недзе паміж шостаю і сёмаю недзе паміж Плошчаю Перамогі і паркам Янкі Купалы. Так і зьбіраліся. Затое хораша сьпявалі.

А перад Днём танкiста, што сьвяткуецца праз два дні пасьля Дня славы, было абвешчана пра накірункі мадэрнізацыі беларускіх танкаў. Яна будзе ажыцьцяўляцца на базе Барысаўскага заводу з дапамогай заводаў «Пэленг» i «БелОМА» супольна зь нейкай францускай фiрмай, што вырабляе цеплавiзары. Цеплавiзiйная камэра — дарагое абсталяваньне, але адзiн танк, абсталяваны ёю, нібыта здольны замянiць тры звычайныя машыны. Сярод iншых кiрункаў мадэрнiзацыi асноўнага баявога танка беларускага войска Т-72 намесьнiк мiнiстра абароны Пятро Рагажэўскі назваў замену аналягавых сыстэмаў апрацоўкi iнфармацыi лiчбавымi і ўдасканальванне бранявой абароны.

 

Марш Свабоды-3 – 1 кастрычніка

«Марш Свабоды-3» пройдзе ў Менску 1 кастрычнiка, а кіраўніком ягонага аргкамітэту стаў прафэсар Юры Хадыка, які, як вядома, быў таксама арганізатарам найбуйнейшай беларускай дэманстрацыі 90-х – «Чарнобыльскага шляху» 96-га. Марш Свабоды мае пачацца а 12-й ад Акадэмii навук. Шэсьце пойдзе праспэктам Скарыны да плошчы Незалежнасьцi, дзе адбудзецца мiтынг.

 

Хваробы і рэакцыі

У Горадні выяўлены новы распаўсюднік шаленства. Хворая ліса забегла ў горад і пакусала бадзяжных сабак у дварах вуліцаў Прыгараднай і Прамыслоўскай. У выніку ў горадзе мусілі арганізаваць карантыну. Будуць лавіць і страляць усе незарэгістраваныя жывёліны, а ўсіх зарэгістраваных будуць прышчэпліваць.

У Менску ўлады забаранілі гей-прайд. Замест акцыяў у клюбах і залях сталіцы, ягоныя ўдзельнікі мусілі правесьці сэсію ля вогнішча за горадам. Але й гэтага аказалася мала праціўнікам аднаполага каханьня. Дзясятак чалавек з плякатамі «Не блакітным і ружовым», «Не Садому і Гаморы», «Геі і лесьбіянкі, лячыцеся — вы хворыя» правялі пікет ля Акадэміі навук Беларусі. Аднак супрацоўнікі міліцыі разагналі гэтае мерапрыемства. Тады грамадзяне, разгарнуўшы плякаты, прайшлі па праспэкце Скарыны да плошчы Перамогі. Людзі на праспэкце даволі актыўна рэагавалі на правядзеньне падобнай акцыі. Агенцтва БелаПАН перадае, што яны «сьмяяліся, размахвалі рукамі, выкрыквалі жартаўлівыя прывітаньні». Міні-шэсьце арганізавалі грамадзкая арганізацыя «Дапамога пацярпелым ад псыхалягічнай агрэсіі», Брацтва праваслаўных дактароў, брацтва пры царкве Пятра і Паўла і іншыя.

Вось што значыць, калі грамадзянамі рухае сапраўдная ідэя! У гэтым выпадку сьмеласьць гарады бярэ! Было б добра правесьці таксама акцыі пратэсту супраць тых, хто не змывае пасьля сябе ў прыбіральні і супраць наркаманаў.

Не зьдзіўлюся, калі нехта з удзельнікаў няўдалага менскага гей-прайду папросіць палітычнага прытулку за мяжой. Хоць, здаецца, гэтая група насельніцтва звычайна знаходзіць іншыя шляхі інтэграцыі ў сусьветную супольнасьць.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0