Амэрыканскія беларусы — за Беларусь

 

У Кліўлендзе прайшла 24-я сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі. 3 верасьня там прынялі Рэзалюцыю наступнага зьместу:

«ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО амэрыканцы й канадцы беларускага паходжаньня вельмі ўстурбаваныя станам справаў у Беларусі, краіне іхнага паходжаньня, і жадаюць спрычыніцца да поступу дэмакратыі, незалежнасьці й дабрабыту беларускага народу; і

ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО палітычнае й эканамічнае палажэньне ў Беларусі стаецца апошнімі гадамі ўсё горшым з прычыны груба недэмакратычнай палітыкі цяперашняга (ужо нелегітымнага) прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі; і

ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО Лукашэнкаў дыктатарскі рэжым парушае канстытуцыйныя асновы краіны ды падкопвае сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусі праз шэраг пагадненьняў з Масквой, каб гэтым задавольніць Лукашэнкава асабістае імкненьне да вядучай ролі на шырэйшай расейска-беларускай палітычнай арэне; і

ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО ў Беларусі зьнікаюць ведамыя лідэры апазыцыі (некаторыя зь іх, як мяркуецца, былі забітыя з удзелам урадавых дзейнікаў), тысячамі налічваюцца выпадкі беспадстаўных арыштаў і пабояў дзеячоў няўрадавых арганізацыяў і прафсаюзаў, безьліч паказных судовых працэсаў і зьнявольваньня прадстаўнікоў апазыцыі ды незьлічоныя выпадкі гвалтаваньня правоў чалавека; і

ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО лукашэнкаўскі ўрад, у якім расейцы займаюць вядучыя становішчы, сыстэматычна праводзіць палітыку русыфікацыі мэтадам выключнага ўжываньня расейскай мовы ў афіцыйных установах і дыскрымінацыі беларускай нацыянальнай культуры, беларускамоўнай адукацыі ды сродкаў масавай інфармацыі; і

ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО пасярэдніцтва міжнародных установаў (такіх як, АБСЭ, Рада Эўропы, Парлямэнцкая Асамблея Эўропы) на карысьць дэмакратыі, правапарадку й справядлівасьці не прынесьлі значных вынікаў (у вялікай меры таму, што Масква падтрымвае Лукашэнку як свайго галоўнага паслугача ў Беларусі);

ДЗЕЛЯ ТАГО мы, удзельнікі 24-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, аднадушна пастанаўляем:

ПРАЦЯГВАЦЬ бараніць права беларускага народу на дэмакратыю й незалежнасьць Беларусі;

ВЫКРЫВАЦЬ праўдзівы твар лукашэнкаўскага рэжыму як дыктатуры, што пагражае бясьпецы Заходняй Эўропы й дэмакратыям паўночна-атлянтыцкай сям’і дзяржаваў праз выконваньне ролі агента расейскага імпэрыялізму;

ПРАЦАВАЦЬ над кансалідацыяй дэмакратычнай апазыцыі да лукашэнкаўскага рэжыму як у Беларусі, гэтак і ў замежжы;

ЗАКЛІКАЦЬ амэрыканскія й канадзкія ўлады й дзелавыя колы мацней ціснуць на афіцыйны Менск, каб ён спыніў перасьлед абаронцаў дэмакратыі й нацыянальнай культуры ў Беларусі, а таксама культураў нацыянальных і рэлігійных мяншыняў, ды паважаў права краіны на незалежнасьць;

ВЫКАЗАЦЬ УДЗЯЧНАСЬЦЬ Кангрэсу Злучаных Штатаў за прыняцьце Рэзалюцыі 304, якая асуджае палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ды заклікае ўрад ЗША дзейнічаць у дачыненьні да Менску й Масквы на карысьць дэмакратыі ў Беларусі й захаваньня ейнага сувэрэнітэту й незалежнасьці;

ПАДЗЯКАВАЦЬ АСАБІСТА кангрэсмэнам Сэму Гэйдансану, Крыстафору Сьміту й Бэнджаміну Гільману ды сэнатарам Джэсі Гэлмсу, Бэну Кампбэлу й Рычарду Дэрбіну, а таксама спсп. Гаральду Коу, Росу Ўільсану й Джону Армстронгу зь Дзяржаўнага Дэпартамэнту ды многім іншым афіцыйным асобам ува ўрадзе Злучаных Штатаў і Кангрэсе за іхны выдатны ўклад у справу абароны дэмакратыі ў Беларусі ды незалежнасьці краіны».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0