Дробны расізм «Советской Белоруссии»
«Русское радио» круціць у сваім эфіры дасьціпны жарт, што нібы адмыслова прыдумалі пра БТ: «У тэатар аднаго актора ўвесь білет прададзены». Цяпер шляхам БТ, што працуе толькі на аднаго гледача, упэўнена пакрочыла лукашэнкаўская «Советская Белоруссия».
Амаль палову першай старонкі свайго нумару за 8 верасьня «СБ» адвяла каляроваму фота ўсіх кіраўнікоў дэлегацыяў на аанаўскім «саміце тысячагодзьдзя», дзе Аляксандар Лукашэнка апынуўся першым зьлева ў першым шэрагу. Але ў той жа дзень і «Наша свабода», і «Белорусская деловая газета» апублікавалі тое самае фота ў чорна-белым варыянце, і на ім лявейшым за Лукашэнку (даруйце двайны калямбур) апынуўся яшчэ адзін чалавек. У сьветлым нацыянальным строі зьлева ад Лукашэнкі стаіць чорнаскуры лідэр адной з афрыканскіх краінаў. «СБ» ня толькі адрэзала ўсе левыя плечы левафланговых людзей з вышэйшых радоў на фота, але й замалявала чорным той фрагмэнт сьветлага адзеньня, што меў застацца каля Лукашэнкі. Падобным чынам фотаздымкі ў Беларусі не рэтушавалі, відаць, з тых часоў, калі дзейнічаў прынцып «ёсьць чалавек — ёсьць праблема, няма чалавека – няма праблемы».
Нешта не шанцуе Лукашэнку зь ягонымі мас-мэдыямі ў гэтым туры на захад. Ягоны паўафіцыйны рупар «Інтэрфакс-Запад» паведаміў пра перамовы ў Рэйк’явіку зь віцэ-прэм’ерам Ісьляндыі, якіх наагул не было, што выклікала міжнародны скандал, а потым «Інтэрфакс» маскоўскi распаўсюдзіў інфармацыю, што Лукашэнка датэрмінова зьбег зь Нью-Ёрку, бо пакрыўдзіўся на адсутнасьць запрашэньня на банкет, чаго таксама не было.
Або рэч проста ў тым, што верны сябар Лукашэнкі «Інтэрфакс» слухмяна дапамагае яму рэалізоўваць «стратэгію Жырыноўскага»: няважна, што пра цябе гавораць у СМІ, галоўнае, каб гаварылі?
Косьця Пернік