Дзесяць гадоў таму

 

Дзесяць гадоў таму ў Полацку адбылося першае агульнакраёвае Скарынаўскае сьвята. Беларусь адзначала 500-я ўгодкі свайго слаўнага сына Францішка Скарыны. Каго толькі ні сустрэць было на вуліцах! Увесь беларускі сьвет — ад Вітаўта Кіпеля да Адама Мальдзіса, ад айца Аляксандра Надсана да айца Яна Матусевіча. Некаторых зь іх ужо няма на гэтым сьвеце, але для мяне яны жывыя разам з тым днём. Францішку пашанцавала зь юбілеем – час для сьвята быў спрыяльны. У гэты год 26 студзеня быў прыняты Закон аб мовах, паводле якога беларускую абвясьцілі дзяржаўнай, у Віцебску яшчэ ня ведалі ні пра якія «Славянскія базары» – 18 ліпеня тут пачаўся другі Фэстываль польскай песьні, а 27 ліпеня, як найлепшы падарунак першадрукару, Вярхоўны Савет Беларусі прыняў «Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Я хадзіў з двухгадовым сынам па Полацку і забаўляў яго, называючы імёны людзей, якія бесьперапынна праходзілі побач. Большасьць гасьцей пазнаваў па партрэтах з кніг. Адчувалася нейкая агульная ўзьнёсласьць — эўфарыя беларускага духу. Здавалася, спаконвечны тутэйшы страх пакінуў беларусаў і яны разагнулі сьпіны. Рыхтуючыся да першага нацыянальнага сьвята, тутэйшыя ўлады былі вымушаныя зьвяртацца па дапамогу да былых гэтак званых антысаветчыкаў і нацдэмаў. Вінцэсь Мудроў, напрыклад, кансультаваў гаркамаўскіх спэцыялістаў у галіне культуры — трэ было скласьці сцэнар Скарынаўскага сьвята.

Вымысьлілі шмат розных мерапрыемстваў і відовішчаў. Па горадзе можна было праехаць на бутафорскай карэце. На цэнтральным пляцы гандлявалі вырабамі народных майстроў — у гарадзенца Алеся Аўчыньнікава (пазьней ягонымі малюнкамі мы аздобілі часопіс «Калосьсе» № 2-3) я купіў сыну дудку. Яна так і ляжыць у мяне. Колькі ўжо людзей гралі на ёй немудрагелістыя мэлёдыі, але найлепш атрымлівалася ў мастака Сяргея Цімохава.

У гэты сьвяточны дзень быў адчынены Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня. Над канцэпцыяй музэю працавалі два наваполацкія дызайнэры — Ігар Куржалаў і Сяргей Дзьмітрыеў. Яны хадзілі сярод гаманлівага натоўпу як галоўныя юбіляры, асабліва выфранціўся Куржалаў – у вясельным гарнітуры зь вялікім матыльком. Усе ціснулі дызайнэрам рукі і віншавалі. Музэй уражваў. У правінцыйным Полацку зьявіўся асяродак культуры. Менавіта тут адбываюцца цяпер цырымоніі ганараваньня літаратурнай прэміі Таварыства Вольных Літаратараў «Гліняны Вялес», тут ладзяцца прэзэнтацыі кніг палачанаў, тут адбываюцца сустрэчы зь цікавымі гасьцямі.

Я сілюся ўзгадаць штосьці яшчэ – не атрымліваецца. Помняцца толькі людзі і людзі, якія прахо-дзяць міма. Вясёлыя, узбуджаныя. Гэта іх сьвята… Якое хутка скончылася.

Пазьней я даведаўся, што на наступны дзень, 8 верасьня, у маленькім гатэльным пакойчыку наваполацкага гатэлю «Беларусь» адбылося адраджэньне полацкага ўніяцтва. Айцец Ян Матусевіч пахрысьціў у грэка-каталіцкую веру каля 30 палачанаў і навапалачанаў і правёў для іх першую ўніяцкую літургію. Пазалетась айца Яна Матусевіча ня стала.

У Полацку многія забыліся пра той прыгожы Скарынаўскі юбілей. Толькі ўніяты не забыліся. 8 верасьня ўрачыстым набажэнствам яны адзначылі ўгодкі таго юбілею.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0