Палахлівыя пераможцы

Беларускія спартоўцы крыху пабойваюцца кантактаў з аўстралійскай беларускай дыяспарай

 

У Аўстралii пабольшала беларусаў. Часова, вядома. Афiцыйная прэса дае ўяўленьне пра тое, як складаюцца адносiны беларускай дэлегацыi з прадстаўнiкамi iншых дэлегацыяў, мытнiкамi, абслугай Алiмпiйскай вёскi i нават зь мясцовымi кенгуру. А што наконт дачыненьняў з тамтэйшымi беларусамi?

Вячаслаў Елькановiч, кіраўнік Беларускае службы Аўстралійскага радыё, кажа, што пасьпеў ужо сустрэцца зь некалькiмi нашымi спартоўцамi ды адным з трэнэраў. У яго склалася ўражаньне, што тыя ня вельмi ахвочыя да размоваў, асьцярожнiчаюць, крыху пабойваюцца. Небясьпечна, вiдаць, “засьвяцiцца” дзе-небудзь у незалежнай газэце. Спартовец, кажуць, залежыць ад чыноўнiка ня менш, чым ад сiлы сваiх цяглiцаў. Зробiш памылковы крок, можаш пазбавiцца ня толькi таннай кватэры ў менскiм алiмпiйскiм комплексе, але й пуцёўкi на наступную Алiмпiяду. Афiцыйныя асобы пазьбягаюць кантактаў з дыяспарай. Зрэшты, гэтага ад iх нiхто не патрабуе – аўстралiйскiя беларусы вырашылi ня мець нiякiх афiцыйных сустрэчаў з чыноўнiкамi ад беларускага НАК у знак пратэсту супраць палітыкі таго, хто гэты камітэт узначальвае. А вось да спартоўцаў стаўленьне цудоўнае, усе iм зычаць перамогi.

Што да акцыяў пратэсту, дык iх папросту ня будзе. Мала ад iх карысьцi, вырашылi аўстралiйскiя беларусы.

А вось аўстралiйскiя абарыгены вырашылi сабраць мiтынг. Яны лiчаць, што аўстралiйскiя ўлады карыстаюцца Алiмпiядай, каб пахаваць памяць пра некалькi стагодзьдзяў гвалту i забойстваў, якiя пачалiся ў 1788 годзе пасьля прыбыцьця першых белых пасяленцаў.

Аўстралiйскiя ўлады дарма баялiся, што магутныя пратэсты могуць папсаваць цырымонiю адкрыцьця. Дэманстрацыя атрымалася ня вельмi ўражальная. Каля дзьвюх сотняў абарыгенаў ды iх белых прыхiльнiкаў з плякатамi “Сорам, сорам Аўстралii” прайшлiся па Сыднэі ды цiха падаліся кожны па сваiх справах.

Абарыгенаў у Аўстралii засталося няшмат – каля 400 тысячаў, прыкладна 2,1% 19-мiльённага насельнiцтва краіны-кантынэнту. I ўсё-ткi алiмпiйскi агонь запалiла сапраўдная абарыгенка – атлетка Кэцi Фрымэн, чэмпiёнка сьвету ў бегу на 400 мэтраў. Шэсьць гадоў таму на спаборнiцтвах у Канадзе яна пранесла абарыгенскi сьцяг, робячы фiнальны пераможны круг па стадыёне. Шышкі вялiкага спорту былi вельмi незадаволеныя. Вiдаць, Кэцi Фрымэн, якая не збаялася тады крытыкі белых расістаў, можна назваць першай зь пераможцаў Алiмпiяды-2000. Пажадаем таго ж i нашым спартоўцам.

Алесь Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0