Нэкралёгі


ПАМЁР ЕЖЫ ГЕДРОЙЦ

14 верасьня на 95-м годзе жыцьця памёр рэдактар польскага часопіса “Kultura”, што выдаваўся ў Парыжы

 

Калі я пачуў пра сьмерць Гедройца, мне адразу падумалася: разам зь ім адышла цэлая эпоха. Думка была не мая, яна відавочна заляцела звонку, з той прасторы, дзе людзі ходзяць шыхтамі, думаюць рэйтынгамі і скарыстоўваюць як інфармацыйную нагоду ўсё, што могуць, нават сьмерць. Я выдраў яе зь сябе без шкадаваньня. Эпохаў зусім не шкада, калі яны адыходзяць, наадварот – эпоха толькі й пачынае жыць па-сапраўднаму тады, калі яна памірае. На радасьць гісторыкам. Калі ж паміраюць людзі, якіх ты ведаў асабіста, тваё жыцьцё таксама – на хвілінку – прыпыняецца, і ты знаходзіш сябе ў нейкім разрыве, побач з сваім жыцьцём і іхнай сьмерцю, але ня тоесным ім.

Тры гады таму ў Парыжы мне было няёмка яму званіць, бо я, як і шмат хто, блытаў яго з чымсьці іншым – зь ягоным часопісам “Культура”, зь ягонай эпохай, якую ён сам прыдумаў, зь ягонай палітычнай пазыцыяй, зь ягонай дапамогай нам, дзякуючы якой я й бадзяўся па Парыжы. Дапамогай, за якую трэ было быць удзячным, а мне хацелася быць ня ўдзячным, а вольным…

Калі ж я пераламіў сябе і патрапіў да яго, я ўбачыў не эпоху і не пазыцыю, я ўбачыў толькі Гедройца – старога чалавека, які аднойчы нарадзіўся ў Менску і які дакладна ведаў, што памрэ ў Парыжы.

Усё астатняе пакінем гісторыкам і журналістам.

Ігар Бабкоў


 

Памерла Галіна Русак

 

З ЗША прыйшла смутная вестка. Ня стала Галіны Русак.

Галіна Русак нарадзілася ў Заходняй Беларусі. Ад 1949 году жыла ў Амэрыцы. Да ад’езду ў Новы Сьвет скончыла Фрайбурскі й Лювэнскі ўнівэрсытэты. Адукацыю давяршыла ў Амэрыцы ў Канэктыкуцкім каледжы, ступень магістра гуманітарных навук атрымала ў Ратгерскім унівэрсытэце.

Творчасьць мастачкі Г.Русак была добра вядомая ў ЗША і Канадзе, дзе яна шматкроць выстаўлялася ў розных галерэях, але толькі ў 1992 годзе з выставай яе твораў змаглі пазнаёміцца і ў Беларусі. Перад вачыма беларускае публікі паўстаў ня толькі дзіўны й экзатычны сьвет мастацтва Галіны Русак, але й яе невынішчальная любоў да роднага краю.

Вечны спакой яе душы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0