Выбары ці легітымізацыя рэжыму?
Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету лічыць рэальным выхадам з сытуацыі, якая склалася, правядзеньне дэмакратычных выбараў Парлямэнту і Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі пры выкананьні чатырох вядомых умоваў. Гэтая пазыцыя Прэзыдыюму была зацьверджана сэсіяй Вярхоўнага Савету. Без выкананьня пералічаных умоваў удзел беларускай апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах толькі паспрыяе легітымізацыі рэжыму, які кіруе ў краіне.
Яшчэ раней такія ўмовы ўдзелу ў выбарах былі распрацаваны і ўзгоднены паміж прадстаўнікамі апазыцыі, улады і кіраўніцтвам КНГ АБСЭ. Зь імі пагадзіліся і прадстаўнікі Рабочай Групы АБСЭ па Беларусі, якую ўзначальвае Адрыян Севярын.
2 ліпеня 2000 году Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі пацьвердзіў у сваёй рэзалюцыі, што без выкананьня пералічаных умоваў “любыя выбары ператвараюцца ў фарс, удзел у якім для дэмакратычных сілаў немагчымы”. Кангрэс заклікаў міжнародныя арганізацыі, парлямэнты і ўрады дэмакратычных краін заявіць, што ў выпадку невыкананьня гэтых умоваў выбары ў Беларусі ня могуць быць прызнаныя легітымнымі і дэмакратычнымі.
На жаль, асобныя дэпутаты Вярхоўнага Савету сталі заклікаць да ўдзелу ў выбарах, прызначаных нелегітымным рэжымам на 15 кастрычніка, ужо без усялякіх умоваў. А шмат хто зь іх і актыўна ўключыўся ў выбарчую кампанію ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Я ня буду пералічваць іх прозьвішчаў і крытыкаваць іх дзеяньні. Няхай гэта застанецца на іх сумленьні.
Зьдзіўляе іншае. Трэцяя Тэхнічная Канфэрэнцыя АБСЭ ў Вене, якая адбылася 30 жніўня 2000 году і ў якой узялі ўдзел прадстаўнікі Дзеючага Старшыні АБСЭ, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, КНГ АБСЭ, Генэральнага Сакратара АБСЭ, Эўрапарлямэнту, Эўракамісіі, Аўстрыйскай дэлегацыі ў АБСЭ, ПАРЭ, дэлегацыі Міжпарлямэнцкай Асамблеі СНД, а таксама прадстаўнікі афіцыйных беларускіх уладаў і Кансультацыйнае Рады апазыцыйных партыяў, знайшла нейкі прагрэс ува ўсіх чатырох умовах, зьвязаных з арганізацыяй дэмакратычных выбараў. У гэтай сувязі неабходна ўзгадаць, што зьнікненьне В.Ганчара і Ю.Захаранкі, а таксама А.Красоўскага і З.Завадзкага адбылося ў пэрыяд правядзеньня трохбаковых паседжаньняў. І ўлады нічога ня робяць, каб іх адшукаць. Працягваюцца і зьдзекі зь сям’і М.Чыгіра. Арыштоўваліся і рэпрэсаваліся іншыя дзеячы і прыхільнікі апазыцыі. Дык які ж гэта прагрэс?!
Няма ніякага прагрэсу і з доступам прадстаўнікоў апазыцыі да СМІ. Бо ці ж можна лічыць прагрэсам тое, што прадстаўнікам апазыцыі даецца магчымасьць выступіць па тэлебачаньні дзьве-тры хвіліны, а пасьля на працягу паўгадзіны іх паліваюць брудам.
Ніякіх захадаў ня зроблена і дзеля таго, каб прывесьці выбарчае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі і з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі. Няма ніякага падзелу функцыяў паміж галінамі ўлады: “палата” застаецца кішэнным парлямэнтам дыктатарскага рэжыму.
Мабыць, усё гэта і прымусіла прадстаўнікоў эўрапейскіх структураў прызнаць, што гэты прагрэс усё ж такі не дастатковы для адпаведнасьці “міжнародна ўзгодненым крытэрыям”. Дык тады незразумелым зьяўляецца і рашэньне аб пасылцы тэхнічнай місіі на выбары ў Беларусь. Тым больш што, як і трэба было прадбачыць, гэтае рашэньне Трэцяй Тэхнічнай Канфэрэнцыі ў Вене ўжо выкарысталі прадстаўнікі А.Лукашэнкі і прадставілі тэхнічную місію АБСЭ як сапраўдных назіральнікаў, чый прыезд нібыта аўтаматычна пацягне за сабою прызнаньне выбараў легітымнымі. І ўжо зусім незразумела, якім чынам прысутнасьць Парлямэнцкай Тройкі і тэхнічнай місіі на выбарах будзе спрыяць разьвіцьцю і ўмацаваньню дэмакратыі ў Беларусі, калі А.Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што яму ўсё роўна, якія высновы зробяць дадзеныя прадстаўнікі. І гэта ня проста заявы. На практыцы ён працягвае рабіць сваю справу — вычышчаць урад Беларусі ад беларусаў, далей злучацца з прадстаўнікамі шавіністычных колаў Расеі і кіраўнікамі камуністычнай экстрэмісцкай плыні, якія ставяць сваёй задачай інкарпарацыю Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі.
У сытуацыі, якая склалася, застаецца толькі адна надзея - розум усё ж такі павінен узяць верх. І, як і прадугледжана пунктам 10 “Заключэньня і Рэкамэндацыяў Трэцяй Тэхнічнай Канфэрэнцыі АБСЭ ў Вене”, погляды эўрапейскіх структураў на заплянаваны фарс могуць быць перагледжаны ў адпаведнасьці з рэальнай сытуацыяй у Беларусі. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што выбары ў так званую “палату” стануць пробай сілаў перад будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі і надзвычай важна, каб ужо зараз перамогу атрымала не хлусьня і цемрашальства, а здаровы розум.
Сямён Шарэцкі,
Старшыня Вярхоўнага Савету
Рэспублікі Беларусь 13 скліканьня