Помнім Ганчара

Мінуў год пасьля зьнікненьня Ганчара і Красоўскага

 

Зь Віктарам Ганчаром мне давялося разам працаваць у час травеньскай выбарчай кампаніі 1999 году. Я была сябрам Цэнтравыбаркаму, які ўзначальваў ён. Пад час той напружанай і нэрвовай кампаніі памылак мы нарабілі нямала. Але аналізаваць памылкі — задача палітолягаў. Я ж проста ўзгадваю тыя часы, калі ўсе мы кожны дзень рызыкавалі сабою, каб нашая краіна зноў стала на шлях дэмакратыі. На жаль, у нас не атрымалася.

Але я магу ўспомніць Віктара Ганчара толькі з удзячнасьцю. Працаваць з ім было лёгка. Гэта вельмі прыстойны чалавек. Апошнім часам я часта вяртаюся ў думках да таго арышту Цэнтральнай выбарчай камісіі, калі нас арыштавалі проста ў кавярні. Хоць мы і былі арыштаваныя тады, хоць адседзелі па некалькі сутак у турме, я ведаю - мы тады перамаглі. Дзякуючы вытрымцы і інтэлігентнасьці Віктара Ганчара. Сябрамі ЦВК былі і тры жанчыны. Памятаю, як мы ўсе сядзелі ў цесным пакойчыку Ленінскага ГРАУС г. Менску. У дзьвярах - АМАПаўцы з аўтаматамі на шыі. Суправаджалі нас нават у прыбіральню. Віктар Ганчар абараняў нас, жанчын, як мог. Мо таму ніводзін з тых хлопцаў у камуфляжы не асьмеліўся пакрыўдзіць нас ні словам, ні ўчынкам.

Спадзяюся, што Ганчар жывы, як жывыя і здаровыя астатнія: Анатоль Красоўскі, Юры Захаранка і Зьміцер Завадзкі. Добрыя людзі чакаюць іх вяртаньня.

Лілія Сазанавец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0