Усё чэсна

15 верасьня на плошчы Бангалор адбыліся арганізаваныя газэтай “Навінкі” выбары ў “Будку Прадстаўнікоў”, галоўнымі дзеючымі асобамі якіх былі сабакі.

 

Выбары падтрымала шырокая сабачая грамадзкасьць, аднак гражданоў усё ж прыйшло больш. У адрозьненьне ад будучых гражданскіх, на сабачых усё было чэсна: у прыватнасьці, былі зарэгістраваныя ўсе ахвотныя кандыдаты. Пасьля іх гаспадары (ці гражданскія прадстаўнікі) агучылі сабачыя перадвыбарчыя праграмы, паколькі самі сабакі, як вядома, гаварыць ня ўмеюць. Прамовам перашкаджаў брэх са стану шалёнай апазыцыі, аднак удзельнікі выбараў на правакацыі не паддаваліся. Затым пачалася “перадвыбарчая гонка”, пад час якой сабакі мусілі як мага хутчэй аббегчы вакол трыбуны. У гонцы перамог, здаецца, незалежны кандыдат Чыгір, але, як вядома, той, хто перамагае ў перадвыбарчай гонцы, зусім не абавязкова перамагае на выбарах. Потым удзельнікі выбараў распачалі непасрэдна галасаваньне. Каб усё было сапраўды чэсным, выбары зрабілі абсалютна адкрытымі і публічнымі: кожны сабака падыходзіў да выбарчай скрыні і спраўляў у яе свае натуральныя патрэбы. Пасьля зноў жа адкрытага падліку галасоў выявілася, што перамог Шарык, аднак у “Будку Прадстаўнікоў” яго не пусьцілі, бо яе рэквізавалі міліцыянты, якія напачатку вельмі нэрвова ставіліся да акцыі. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што сапраўды свабодныя і адкрытыя выбары ўладам недаспадобы. Але адна справа — загад зьверху, і зусім іншая — жывая і наглядная дэмакратыя, таму пад час выбараў твары ўсіх прысутных міліцыянтаў асьвятляліся ўсьмешкамі і шчасьцем.

Даеш выбары 2001! Падтрымайма новага прэзыдэнта Рэкса!

Напэўна, “Будка Прадстаўнікоў” будзе вырашаць у гэтай краіне больш, чым палата прадстаўнікоў. А імкненьне да “дзяржаўнай місы” і “цёплай дэпутацкай кануры” ёсьць, як мы пабачылі, і ў цюцькаў.

Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0