Каляндар

 

18 верасьня 1925 г. на пасяджэньні ЦК КП(б)Б сакратар беларускай кампартыі Аляксандар Крыніцкі выступіў з дакладам, у якім канстатаваў павелічэньне колькасьці буржуазных элемэнтаў у краіне і рост папулярнасьці нацыянал-дэмакратычнай пляцформы. С амога Крыніцкага часта прыводзілі як прыклад дасягненьняў беларусізацыі ў 20-х. Маўляў, расеец, а прыехаў на Беларусь, вывучыў беларускую мову і пачаў яе шырока прапагандаваць! Сымон Кандыбовіч на гэты конт пісаў: “Крыніцкі па натуры быў кар’ерыст, у сваёй дзейнасьці мала самастойны. Увесь час азіраўся на Крэмль. Крыніцкі ня мог перашкаджаць нацыянальнай працы, галоўным для яго было ўсачыць, каб гэтая культура захавала сацыялістычны зьмест… Пасьля пераезду ў Маскву ён хутка забыўся на працу ў Беларусі. Калі Крыніцкі быў загадчыкам аддзелу агітацыі і прапаганды ў Крамлі, то на адным з пасяджэньняў рэзка спыніў прадстаўніка Беларусі, які выступаў на беларускай мове (бо добра не валодаў расійскай), зрабіў яму заўвагу і прапанаваў гаварыць па-расійску”. (С. Кандыбовіч “Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі”.

22 верасьня 1800 г. зьявіўся на сьвет Іван Гарбачэўскі. Сваё юнацтва і дзяцінства ён правёў у Віцебску, дзе скончыў мясцовую гімназію. Потым была вайсковая кар’ера: афіцэрская школа пры кадэцкім корпусе ў Санкт-Пецярбурзе. Пасьля сьмерці маці малады чалавек адмовіўся ад маёнтку, якім валодала сям’я, перадаўшы яго ў бязвыплатнае карыстаньне сялянам. Скончыўшы ў 1820 г. вайсковую вучэльню, ён быў камандзіраваны ў чыне прапаршчыка ў артылерыйскую брыгаду ў Наваград-Валынскі, дзе разам з аднадумцамі-афіцэрамі заснаваў тайнае палітычнае “Таварыства сяброў прыроды”. У 1823 г. Гарбачэўскі ўступіў у тайнае “Таварыства аб’яднаных славян”, напісаўшы ягоны статут. І.Гарбачэўскі ўзяў актыўны ўдзел у антыцарскім паўстаньні Чарнігаўскага пяхотнага палка, ён быў адным з тых, хто мусіў рыхтаваць замах на цара. Дзекабрысты пацярпелі паразу, а Гарбачэўскі быў арыштаваны. Вярхоўны крымінальны суд пазбавіў Гарбачэўскага чыноў і шляхецтва і прысудзіў да пажыцьцёвай катаргі ў Забайкальлі. У 1839 г. ён быў вызвалены і пакінуты там жа на вольным пасяленьні. І там Гарбачэўскі вёў актыўнае жыцьцё, гуртаваў вакол сябе фабрычных інжынэраў, майстроў, сьвятароў. А ў 1864 г. Іван Гарбачэўскі разам са сваім сябрам кавалём Першыным зарганізаваў першы ў Расейскай імперыі спажывецкі каапэратыў, на прыбыткі ад якога неўзабаве была адчыненая народная вучэльня.

 

22 верасьня 1975 г. памёр дзеяч заходнебеларускага рэвалюцыйнага руху Павал Крынчык. У 1928 г. ён, сябар КПЗБ, быў паслом польскага Сойму, арганізатарам пасольскага клюбу “Змаганьне”. За антыдзяржаўную дзейнасьць Павел Крынчык быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня. У 1932 г. ён быў вызвалены па абмене палітвязьнямі і пераехаў у СССР. Але ўжо ў 1935 г. яго арыштавала НКВД, і ён быў асуджаны на 5 гадоў. Застаўся жывы.

 

25 верасьня 1875 г. у вёсцы Асавец Кобрынскага павету ў сям’і праваслаўнага сьвятара нарадзіўся Сяргей Паўловіч. Праз 25 гадоў ён скончыў Кіеўскую багаслоўскую акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. Ягонае жыцьцё пасьля 1917 г. было зьвязана з заходнебеларускім нацыянальным рухам. Нейкі час Сяргей Паўловіч быў настаўнікам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, адным з кіраўнікоў ТБШ. Праваслаўны па веравызнаньні, ён выступаў за незалежнасьць беларускай праваслаўнай царквы ў Польскай дзяржаве. Вядомы багаслоў, Сяргей Паўловіч уваходзіў у рэдакцыю часопіса “Голас праваслаўнага беларуса”, стварыў праваслаўныя вэрсіі “Сьвяшчэннай гісторыі Старога Закону” і “Сьвяшчэннай гісторыі Новага Закону”. За беларускую дзейнасьць Паўловіч двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі і некаторы час сядзеў на Лукішках.

 

У 1925 г. памёр Мар’ян Абрамовіч, беларускі й польскі грамадзка-культурны дзеяч. Мар’ян Абрамовіч нарадзіўся ў Цьверы, у 17-гадовым узросьце паступіў на матэматычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (1888), дзе і сутыкнуўся з сацыялістычным рухам. Разам з Напалеонам Чарноцкім і Антонам Лявіцкім (Ядвігіным Ш.) за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях ён быў зьняволены ў Бутырцы. Там, у турме, ён узяў удзел у арганізацыі першага беларускага гуртка ў Маскве. Гурток ставіў сабе на мэце “стварыць беларускае друкаванае слова” і “пад час летніх вакацый ісьці ў беларускі народ і пашыраць ягоную нацыянальную сьвядомасьць”. У 1892 г., па вызваленьні з турмы, ён выехаў за мяжу, дзе вывучаў філязофію ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Там ён друкаваў сацыялістычную літаратуру і нелегальна перапраўляў яе ў Расею. У Тыльзыце (Усходняя Прусія) Мар’ян Абрамовіч разам з Н.Чарноцкім у 1892 г. выдаў па-беларуску брашуру “Дзядзька Антон, альбо гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць, ня ведаем”. Праз некалькі месяцаў Абрамовіч быў арыштаваны ў Варшаве пры распаўсюджаньні ўлётак і трапіў у турму. Ён стаў адным з трох вязьняў, якія адмовіліся прысягаць на вернасьць новаму імпэратару Мікалаю ІІ. У ХХ ст. ягоная рэвалюцыйная дзейнасьць занікла, і ён заняўся асьветніцтвам. З 1908 г. ён жыў у Вільні, з 1925 г. — у Варшаве. Мар’ян Абрамовіч сабраў вялізную бібліятэку, дзе захоўваліся каштоўныя беларускія выданьні. Да апошніх сваіх зямных дзён рэвалюцыянэр-культурнік уважаў сябе за беларуса і раз-пораз выпраўляўся ў вандроўкі па Наваградчыне, дзе ўдасканальваў веды беларускай мовы ў сялянскім асяродзьдзі.

А.Г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0