БІБЛІЯТЭКА

 

Па-над прорвай

У Вільні, у выдавецтве “Наша Ніва”, выйшла новая кніга ў сэрыі “Вострая Брама”. Гэта зборнік прыпавесьцяў Васіля Быкава “Пахаджане”, напісаных за час побыту пісьменьніка ў Фінляндыі і Нямеччыне.

Паколькі кніга выйшла ў Вільні, наўрад ці яна зьявіцца ў кнігарнях “Белкнігі”. Замаўляйце яе ў прыватных распаўсюднікаў з ТБМ і БНФ.

 

Новую кнігу Васіля Быкава складаюць не традыцыйныя для празаіка аповесьці, а кароткія прыпавесьці.

Новае амплюа Васіля Быкава выклікае розныя ацэнкі чытачоў і крытыкаў. Хтосьці кажа, што 75-гадовы патрыярх «выпісаўся» і таму не бярэцца за буйнейшыя творы. Можна пачуць таксама, што пісьменьнік сьпяшаецца непасрэдна ўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Кажуць іншы раз аб прадказальнасьці прыпавесьцяў. Што да апошняга, дык прадбачыць фінал можна і ў клясычных быкаўскіх аповесьцях. У гэтым сэнсе пісьменьнік ніколі не інтрыгаваў чытача, пакідаючы сабе іншыя спосабы захапіць увагу.

Нарэшце, кажуць пра пэсымізм быкаўскіх твораў. Але й гэта не навіна для пісьменьніка.

Між іншым, гэты самы быкаўскі пэсымізм патрабуе больш уважлівага погляду. Гінуць усе героі таксама і ў Шэксьпіра, якога ніхто пэсымістам не назаве. Магчыма, так адбываецца з-за таго, што эпоха Гамлета далёкая і яе рэаліі не адчувальныя. А гэта значыць, што праз трыста гадоў і Быкаў можа не ўспрымацца як пэсыміст, калі пэсымістычны эмацыйны зарад утрымліваецца менавіта ў блізкім і зразумелым нам антуражы, скажам, у вопратцы герояў ці іхнай манеры гаварыць. Далёкі нашчадак можа ўспрымаць гэта як проста антураж, ніяк не датычны яго асабіста — ягоных пачуцьцяў і адчуваньняў. Тады застануцца адно пазачасавыя псыхалягічныя сытуацыі і ўяўленьне пра нашу эпоху, яе норавы. Зь іншага боку, тыповы беларус заўсёды сыходзіў зь філязофскага пасылу «спадзявайся на лепшае, а рыхтуйся да горшага». І тут быкаўская паралельная рэальнасьць захапляе менавіта гэтым — магчымасьцю не прапасьці, калі ў поўнай меры адчуеш, якая прорва гатовая раскрыцца пад тваімі нагамі.

З такой вось беларускай сялянскай дакладнасьцю Быкаў вымалёўвае сытуацыі таго самага горшага, да чаго варта рыхтавацца. Вы скажаце — а пры чым тут мы? Мы ж ня слуцкія паўстанцы, і не савецкі афіцэр Сотнікаў на мінулай вайне, і нават не героі «Ваўчынае ямы», што падаліся ў радыяцыйную зону. Слушна. І вось тут ангажаванасьць Быкава, ягоная творчая блізкасьць і неабыякавасьць да сёньняшняга грамадзка-палітычнага жыцьця краіны, можа быць, нават мімаволі, дыктуе яму імкненьне наблізіць свае прароцтвы таго самага горшага да сёньняшняга чытача і тым засьцерагчы яго ад прорвы. Згадаю тут пашыранае меркаваньне пра фільмы жахаў, што патрэбныя на тое, каб адцягнуць некантраляваныя эмоцыі з жыцьця ў бяскрыўдную кіназалю. Але як гэта зрабіць, як засьцерагчы свой народ ад русіфікацыі і магчымага ў будучыні поўнага зьнікненьня, калі Быкаў не фантаст і ў прынцыпе цураецца гэтага жанру? Вось тут і зьяўляюцца прыпавесьці — гэткія казкі для дарослых, дзе на беларускай мэнтальнай аснове даюцца часам зусім адцягненыя схемы таго самага горшага, што можа чакаць неразумнага чалавека і неразумны народ. Прыпавесьці Быкава — як абярэгі. Прычым ствараюцца яны ў на парадак больш даступнай форме, чым ранейшая быкаўская літаратурная клясыка. Прыпавесьці можна друкаваць у масавай газэце, і станоўча адгукаюцца пра іх найперш людзі, далёкія ад літаратуры і літаратуразнаўства. Іншая рэч, што аўдыторыя народнага пісьменьніка магла б быць значна большаю, каб ня сёньняшні палітычны рэжым, які, у сваю чаргу, вычытвае ў гэтых творах і сваю непазьбежную пагібель.

Сяргей Дубавец


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

В.Быкаў. Пахаджане: Прыпавесьці. – Вільня: “Наша Ніва”, 1999–2000. – 192 с. – (Бібліятэка “Вострая брама”, 1) – Наклад 1000 ас. ISBN 9986-9219-8-2

П.Васючэнка. Сучасная беларуская драматургія: Дапаможнік для настаўнікаў. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 158 с. – Наклад 9370 ас. ISBN 985-02-0256-4

У кнізе дасьледуецца гісторыя беларускае драматургіі – ад вытокаў да п’есы абсурду. Аналізуюцца творы Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, А.Макаёнка, У.Караткевіча, І.Чыгрынава, А.Петрашкевіча, А.Дударава ды іншых. Вартасьць кнігі — у самастойным поглядзе на працэсы, што адбываліся ў драматургіі. У “Кнігарні пісьменьніка” каштуе 455 рублёў.

А.Вішнеўскі. Гісторыя дзяржавы й права Беларусі: Навучальны дапаможнік. – Менск: ВП “Экапэрспэктыва”, 2000. – 319 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-6102-39-1

Сярод шматлікіх падручнікаў з гісторыі дзяржавы й права Беларусі гэты можа зацікавіць студэнтаў невялікаю цаною – 1100 рублёў.

Л.Геніюш. Ластаўка: Вершы: Для малодшага школьнага веку/ Укладаньне Ў.Мазго; Мастак Г.Хінка-Янушкевіч. – Менск: Юнацтва, 2000. – 63 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0342-4

Цудоўныя вершы для дзяцей зь некалькіх зборнікаў Ларысы Геніюш (“Казкі для Міхаські”, “Добрай раніцы, Алесь!”, “Мая крыніца”) – хоць паэтка забароненая для вывучэньня ў беларускіх школах – выйшлі добрым выданьнем у выдавецтве “Юнацтва”.

Л.Дробаў. Графіка Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзяў. – Менск: Тэхналёгія, 2000. – 67 с.: іл. (16). – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6234-95-6

Л.Дробаў – найдасьведчанейшы спэцыяліст у беларускім мастацтве эпохі знаходжаньня нашага краю ў складзе Расейскай імпэрыі. У новай кнізе ён аналізуе эвалюцыю беларускае графікі ад клясыцызму да крытычнага рэалізму праз творчасьць А.Бартэльса, Я.Рустэма, Н.Орды, М.Мікешына, А.Каменскага, К.Кастравіцкага ды іншых. Пры канцы манаграфіі зьмешчаны ілюстрацыі, некаторыя зь якіх рэпрадукуюцца ў Беларусі ўпершыню. Што да набыцьця кнігі, дык зацікаўленым варта пасьпяшацца, бо праз маленькі наклад яна зьнікла ўжо зь некаторых кнігарняў.

М.Касьцюк. Бальшавіцкая сыстэма ўлады ў Беларусі. – Менск: ВП “Экапэрспэктыва”, 2000. – 308 с. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-6102-30-8

Колішні дырэктар Інстытуту гісторыі АН Міхась Касьцюк робіць спробу раскрыць істоту таталітарнае формы кіраваньня, прычыны й этапы ўсталяваньня бальшавіцкае таталітарнае сыстэмы ў Беларусі. Кніга ў цьвёрдай вокладцы каштуе адносна мала – 1500 рублёў.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0