Мала адрэналіну

 

Усё прайшло, як і чакалася: спакойна. Дэманстранты безь перашкодаў прайшлі на Бангалор. Арыштаваныя былі толькі некалькі коней: яны мусілі ўдзельнічаць у рыцарскім баі. Жывая Пагоня мела стаць галоўным пэрформансам шэсьця. Ахвяраю папярэдняга Маршу стала каза, у гэты раз міліцыя ўпалявала лепшую пажыву.

Імпэту было замала. Найперш таму, што людзей было меней, чым на веснавым “Маршы-2” — тысяч 15. 9 апазыцыйных партый падтрымалі Марш. Сярод удзельнікаў вылучылася калёна скаўтаў-маладафронтаўцаў ды чорнакашульнікаў зь Беларускай Партыі Свабоды, што крочылі шыхтом пад пошчак барабанаў – барабаны, праўда, былі арганізатарскія. Краёўцы актыўна прадавалі сваю газэту.

Наперадзе шэсьця несьлі сьцягі тых краінаў Усходняе Эўропы, што ўжо скінулі зь сябе ярмо таталітарызму. Людзі ня надта ведалі, што там за штандары, і дзіваваліся, якой партыі належыць бел-чырвона-зялёны сьцяг Баўгарыі.

Другою прычынаю адноснай малалікасьці ўдзельнікаў Маршу была нерашучасьць ягоных арганізатараў і запозьнены пачатак падрыхтоўкі да яго – асноўныя арганізатары забавіліся ў замежных візытах. У налепках з рэклямаю Маршу нічога не гаварылася пра час і месца збору, і толькі ў сярэдзіне мінулага тыдня зьявіліся адпаведныя ўлёткі. Але было ўжо запозна.

Да канца ж мітынгу, традыцыйна банальнага і прапагандысцкага, ніхто з нашаніўцаў не датрываў.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0