Багналор

 

Трэці Марш Свабоды, не пасьпеўшы пачацца, ужо стаў выразьнікам неадзінства апазыцыі. Калі народ сабраўся перад Акадэміяй Навук, пачуліся прапановы “ня йсьці на балота”. Аднак прыхільнікі грамадзкага непадпарадкаваньня аказаліся ў меншасьці. Асноўная маса прысутных не была гатовая да сутычак зь міліцыянтамі ані фізычна, ані маральна.

Частка моладзі а палове на першую сабралася дэманстратыўна сысьці піць піва, ахарактарызаваўшы рашэньне ісьці на дазволенае ўладамі месца як “ганьбішча”. Калі калёна дэманстрантаў стала ўжо рухацца ў бок скрыжаваньня пр.Скарыны з вул.Сурганава, нейкі дзядок на ходніку крычаў: “Ну і йдзіце на сваё сабачае балота! Наперад!”

Трохі зьдзівілі міліцыянты. “Калі вы на мітынг, дык калі ласка, але ён – вунь там, на тым баку праспэкту”, – гэта двое ахоўнікаў парадку дапамагаюць зарыентавацца хлапцу, які азіраецца каля кінатэатру “Кастрычнік”. Той дзякуе і кажа, што чакае сваю дзяўчыну.

У мэтро народу, як у гадзіну пік працоўнага дня. “Зараз усе выйдуць на Камароўку, будзе свабадней”, – перагаворваюцца маладыя кабеты зь дзецьмі-дашкалятамі. На “Якуба Коласа” чамусьці на Камароўку ніхто не сьпяшаецца. Увесь цягнік вывальвае з-пад зямлі толькі на “Акадэміі Навук”. Цягнік ідзе на Бангалор...

Наперадзе калёны, як заўсёды, – вечна малады дэпутат Шчукін. Сьцягі постсавецкіх краінаў і рэспублік колішняй Югаславіі. Радыкалы з БПС, адзін выгляд якіх натхняе надзеяй, што “балотам” справа не абыдзецца. Калі галава калёны заходзіць на Бангалор, хвост усё яшчэ каля ўнівэрсаму “Рыга”. Людзей дзесь на траціну меней, чымся на Маршы Свабоды-1...

Мітынг на Бангалоры быў інструктажам паводзінаў 15 кастрычніка: на выбары хадзіць ня трэба, бо рэжым ня выканаў чатырох умоваў. Сярод выступоўцаў запомніліся Вячорка, які параіў беларусам вучыцца ў сэрбаў перамагаць і заінтрыгаваў словамі пра прэзыдэнцкія выбары (“У нас ёсьць плян, і мы пераможам”), Лябедзька зь “неафіцыйнай інфармацыяй” пра тое, што “былы прэзыдэнт Югаславіі папрасіў палітычнага прытулку ў былога прэзыдэнта Беларусі” і намесьнік старшыні БСДП Аляксей Кароль, які пачаў выступ словамі: “Я прадстаўляю тут лепшую частку нашай партыі...” Іншая частка партыі і ейнае ўвасабленьне сп.Статкевіч, здаецца, адсутнічалі (насуперак абяцаньню апошняга прыйсьці на Марш падтрымаць апазыцыю і пры гэтым павесьці людзей не на “балота”). Радыкалы пад чорнымі сьцягамі да дазволенага ўладамі мітынгу не дайшлі – кудысь збочылі.

Урэшце зачыталі рэзалюцыю, павіншавалі старых людзей зь іхнім днём і суайчыньнікаў-габрэяў – з другім днём габрэйскага Новага году, ды пачалі паціху разыходзіцца.

Самай цікавай ідэяй Маршу быў запушчаны ў неба на балёнах беларускі нацыянальны сьцяг. Узьляцеўшы пад авацыі, сымбаль незалежнасьці павольна скіраваў некуды на паўночны ўсход, і прысутныя весела абмяркоўвалі пытаньне, даляціць ён да Масквы ці будзе спынены пільнымі беларускімі сыстэмамі супрацьпаветранай абароны.

Пры ўсёй мірнасьці чарговага шматтысячнага Маршу Свабоды я доўга не магла зразумець, чаму ён нагнаў на мяне сон. Напэўна, гэта нейкая праява разуменьня безальтэрнатыўнасьці байкоту. Але ніхто з тых 15 тысячаў дэманстрантаў ня здолеў падкінуць мне ў кроў адрэналіну. Багналор.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0