Сяргей Паўлоўскі

Тускнае золата

 

Беларускія спартоўцы ў Сыднэі падчас параду камандаў выглядалі самымі прыгожымі. Мала хто не зьвярнуў увагі на строі. І гэта была першая перамога. Ня так жыва яны паводзіліся, як італьянцы або французы, але тут якраз — дадатная мэнтальная розьніца. Спакойная, стрыманая каманда атлетаў у густоўным адзеньні. Перамога.

Праўда, ужо напачатку ў тым добрым уражаньні прабіваліся і бязладныя ноткі. Натуральна, перш
з-за сымболікі. Пазьней гэтае прыкрае ўражаньне будзе толькі нарастаць. Бо, як высьветлілася, для такіх міжнародных спартовых форумаў надзвычай важная штука — пазнавальнасьць.

Калі йшлі ўкраінцы, аўстралійскі тэлеапэратар лёгка знаходзіў на стотысячнай трыбуне жоўта-блакітны сьцяг, і гэтак на вачох паўставаў кантэкст Украіны, яе месца на гэтай Алімпіядзе і ў сьвеце. Калі выйшлі літоўцы, апэратар умудрыўся знайсьці на трыбуне прэзыдэнта краіны Адамкуса. І зноў зьяўлялася ўнутраная сувязь паміж атлетамі, краінай, сьветам — сувязь, зразумелая іншым, якую сьвет успрымае і вітае з радасьцю. Гэта і ёсьць радасьць пазнаваньня, зьверкі, ідэнтыфікацыі.

У нашым выпадку на трыбунах маглі быць толькі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі, прынесеныя аўстралійскімі беларусамі. Але тут і тэлеапэратар, і рэжысэр трансьляцыі, дый цэлы сьвет былі бясьсільныя. І ў выніку — пазбаўленыя тае радасьці параўнаньня, ідэнтыфікацыі. Агульнае ўражаньне — непаўната «карцінкі», непаўнавартасьць ці то каманды, ці то краіны, якую яна прадстаўляе. Сьвет адчувае такія рэчы падсьведама й
тонка, і адразу адводзіць позірк — не жадаючы разьвіцьця праблемнае тэмы, калі б трэба было ўдумвацца ў нечую невытлумачальную сытуацыю — чаму ў іх нешта ня так, не па-людзку? Затое сьвет узрываецца прывітальнымі воплескамі, калі бачыць, што нейкі народ сваю праблему пераадольвае і становіцца бліжэйшым і зразумелым для чалавецтва. Гэтак віталі аб’яднаную каманду дзьвюх Карэяў пад адзіным сьцягам.

А што на гэта спартоўцы? Вельмі важныя іхныя пачуцьці да штандара, колеры якога яны бароняць. Мабыць, усе яны яшчэ памятаюць той час, калі выступалі пад чырвоным савецкім. Памятаюць і бела-чырвона-белы, які зь нейкіх незразумелых палітычных меркаваньняў быў заменены на чырвона-зялёны. Тады, нават пасьля рэфэрэндуму міжнародны канал «Эўраспорт», нібы байкатуючы вынікі нашага «ўсенароднага» апытаньня, яшчэ нейкі час пазначаў беларускіх спартоўцаў у сваіх трансьляцыях адмененым нацыянальным сьцягам... Вось жа пасьля усіх гэтых падменаў цяжка патрабаваць ад беларускіх спартоўцаў піетэту, а тым больш трапяткога сакральнага ўспрыманьня нацыянальных сымбаляў — што сьцяга, што герба, што гімна. Натуральна, адсутнасьць такога пачуцьця рэзка звужае іхныя матывацыі да перамогі. Як тое мусіла б быць, мы бачым на прыкладзе прадстаўнікоў іншых краінаў. Яны — моляцца.

Дзіўна іншы раз назіраць, як які-небудзь бесшабашны гішпанец або амэрыканец бясшумна перабірае вуснамі словы свайго нацыянальнага гімну, калі падымаюць сьцяг ягонае краіны, калі ён — пераможца. Іншы чэмпіён яшчэ й прыкладае руку да сэрца і апускае вочы долу. У такія моманты разумееш, дзеля чаго ён гатовы быў да нечалавечага высілку на трасе або на арэне. Атлеты з розных краінаў сьвету выслухоўваюць гімн свае дзяржавы, як малітву. Перад бацькаўшчынай яны, як перад Богам. І зь яе імем у душы яны ўчынялі свой спартовы подзьвіг. У гэтым сэнсе поўны кантраст — нашы. Яны ня моляцца. Прыехаўшы з краіны, дзе менш за ўсё ўхваляецца слова Беларусь, дзе больш за ўсё гаворыцца пра аб’яднаньне зь іншай краінай, дзе спрафанаваная нацыянальная сымболіка, а родная мова сілком замененая на мову суседняга народу, яны на гэтую краіну, якую прадстаўляюць, ня моляцца. Яны могуць цепліць свае сэрцы згадкамі маленства — роднае вёскі або гарадзкога дворыка, абліччамі сваякоў і сяброў, але ці ж гэта стымул для каманднага патрыятызму і подзьвігу? Не. Хіба што для прыватнага, зусім асобнага ў сьвеце, пэрсанальнага чыну. Вось дзе сапраўдны касмапалітызм! Безь сьвятое радзімы зь яе сьвятымі атрыбутамі — сымболікай і роднай мовай. Бярэ нават крыўда за каманду, якая ня мае такога магутнага агульнага стымулу, як іншыя. А іншыя, як той аўстралійскі апэратар, што ня можа знайсьці на трыбуне беларускага сьцяга, ня могуць знайсьці ўнутранага паразуменьня са спартоўцамі Беларусі, адгукнуцца ім, адчуць, што іх прывяла сюды тая самая інтэнцыя — глыбокая любоў да свае бацькаўшчыны. Беларусы ня моляцца, бо ўлада адабрала ў іх гэтую магчымасьць, прапанаваўшы ім генэраваць у сэрцах іншыя стымулы. Яны ня моляцца...

Але іх купляюць. У іх выдатныя асабістыя здольнасьці і паказчыкі. Некаторыя зь іх думаюць пра расейскую зборную. Накшталт таго, як менская пявічка Дарафеева заявіла ў нейкай газэце, што Беларусь трэба аб’яднаць з Расеяй, бо ў расейскіх артыстаў большыя ганарары... Нехта зь іх ужо выступае за Аўстралію. Мы з калегамі-тэлегледачамі ва ўсім сьвеце перакананыя, што не дзеля прэзыдэнцкае кватэры ў Малінаўцы робіцца апошні рывок у Сыднэі, і мы былі б цынікамі, калі б думалі так. Але я згадваю матэрыяльныя стымулы, бо што да беларускіх атлетаў — не знаходжу іншых, шчыра патрыятычных, якія вычуваюцца ў прадстаўнікоў самых «чыстаганных» краінаў.

Сэнс усяго і ўся тут, у Сыднэі, перадаецца вачыма. Разнамоўны сьвет, у якім кожны імкнецца быць адчутым і зразуметым, гаворыць паглядамі. Разуменьне і адчуваньне выклікае радасьць і пачуцьцё адзінства, нягледзячы на ўсе вонкавыя бар’еры. Неразуменьне прымушае нават самых блізкіх геаграфічна суседзяў глядзець на цябе, як на абездухоўленую функцыю, што прыехала па ачкі. Гэта як добры раман, перакладзены на тваю мову з камэрунскага або партугальскага, нарвэскага або чылійскага арыгіналу. Ты ўчытваешся ў зусім чужыя рэаліі іншаземнага сьвету, і кожнае падабенства выклікае ў табе невытлумачальнае пачуцьцё роднасьці. Як выраз твару.

Паразумецца — значыць убачыць у іншым самога сябе, а таксама нешта сваё, блізкае. Мне даводзілася бачыць беларусаў, якія, добра паезьдзіўшы па сьвеце, казалі: ты не паказвай нам на той шлях, які выбралі балтыйскія краіны, у нас свая дарога. Якая — яны не тлумачылі. Калі, вядома, не лічыць тлумачэньнем тое, што мы павінны быць разам з Расеяй толькі таму, што павінны, і ўсё. Але ўжо цяпер, у Сыднэі, у вачох і паводзінах расейскіх спартоўцаў я бачу імкненьне быць разам з нармальным сьветам а нават выяўляцца па-эўрапейску. Гэта для нашых апалягетаў «свайго шляху» Расея па-ранейшаму сымбалізуецца разгуляямі і расьсьцягаямі. Міжволі згадаеш гераіню «Дзьвюх душаў» Гарэцкага, якая ў запале кажа, што бальшавікі імкнуцца зрабіць расейшчыну інтэрнацыяналам для нас, беларусаў. Дык дзякуй за ласку, патрапім мы ў інтэрнацыянал бяз гэтай дадатковай формы разьвіцьця. Пісалася ў 1919-м годзе. Але пасьля менавіта дадатковая форма разьвіцьця запанавала над намі на цэлых 70 гадоў. Ты быў беларусам, пасьля — савецкім і толькі пасьля ўжо проста чалавекам. Штосьці падобнае працягваецца ў ідэалёгіі РБ і цяпер. А штосьці і разьвіваецца ў самых абсурдальных праявах. Гэта калі, скажам, Польшча — далёкае замежжа, а Таджыкістан — блізкае.

Даводзілася назіраць мэтамарфозу літоўцаў. Калі ў пачатку 90-х яны заяжджалі ў Польшчу, дык усе неяк сьцішваліся і ў іхных выразах твараў зьяўлялася тая савецкая пакора, якую ў сябе дома яны ўжо скінулі. А тут — як хімічная рэакцыя на іншае паветра, ці што — ранейшая маска праяўлялася ў міміцы і ў паглядах. Потым літоўцы атрымалі нечуваную свабоду перамяшчэньня ў сьвеце. Яшчэ гады тры таму іхная свабода трымацца і глядзець у вочы заходняму сьвету часам нагадвала браваду — так яны пераадольвалі свой комплекс. І вось сёньня на алімпіядзе яны проста самі сабе — адкрытыя, крыху сьцішаныя, але зусім па-таварыску пачуваюцца ў кампаніі іншых. Тая сьцішанасьць або псыхалягічная хутарынка — мэнтальная рыса — іх толькі ўпрыгожвае. І яны заваёўваюць мэдалі...

Беларусь ужо перавысіла паказчыкі папярэдняе Алімпіяды. Але тое не асабліва цешыць. Ніколі не было сумневу, што беларусы здольныя ў спорце. Толькі ж Алімпійскія гульні — гэта не адныя мэдалі і не адныя ачкі. А можа і ня столькі мэдалі з ачкамі. Прынамсі для большасьці маіх калегаў-тэлегледачоў ва ўсім сьвеце. Гэта найперш зразуменьне іншых як сябе, драматызм змаганьня і вычуваньне матываў, якія змушаюць рэкардыстаў перасягаць саміх сябе. У гэтым сэнсе, у матывацыях, беларуская зборная была не на вышыні.

Зрэшты, што тыя мэдалі... Давялося назіраць заезд літоўскіх раварыстак на 120 км. Тры літоўкі ехалі ў асноўнай групе тры гадзіны. На фінішы адна зь іх была трэцяй, узяла бронзу. Камэнтатар казаў: «Але ж і дзьве астатнія ўвайшлі ў дзясятку! Пачакаем выніковых табліцаў. Дзясятка — гэта вельмі высокі вынік». Паказваюць дзясятку — няма там літовак. «Значыць, — кажа камэнтатар — яны ў дваццатцы». І сапраўды. Паказваюць дваццатку, адна — дзевятнаццатая. Другая літоўка ўвайшла ў дваццатку! І трэба разумець, што гэта сусьветная дваццатка. У якую патрапіла малюпасенькая Літва. Хваля цеплыні ў дачыненьні да свае маленькае краіны і да свайго народу прылівае да літоўскіх сэрцаў. Не глядзіце, што мы малыя колькасна і што ў нас няма якойсьці там сваёй нафты! Затое што за людзі! Дужыя, як дубы! Спрытныя, як стронга ў ручаіне! Цягавітыя, як зімовы буры мядзьведзь! А якая ў нас прыгожая родная мова...

Я зараз ня вытрываю, зараз памру... Кожны атлет на вяршыні свайго высілку, мусіць, гатовы быў прамовіць гэтыя словы. І выйграваў. А тады, стоячы пад нацыянальным сьцягам, шаптаў, нібы малітву, словы гімну сваёй краіны. Ён дзякаваў Богу, які дапамог яму прынесьці свайму краю і свайму народу сусьветную славу. Я вяртаюся да гэтае думкі як да таго, што так цешыла ў абліччы і позірках атлетаў з розных краінаў сьвету і чаго так не ставала ў вачох беларусаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0