Навучыць чалавека

 

Аднойчы слухаў выступленьне прафэсара, які сказаў, што ў яго тры тысячы вучняў, і падумалася пра нейкую ненатуральнасьць названага ліку. Гэта як бы маці сказала пра тысячу сваіх дзяцей.

 

Можна паверыць, што лекцыі гэтага прафэсара слухалі тры тысячы студэнтаў. Але колькі зь іх з гонарам назавуць сябе яго вучнямі? І патлумачаць, чаму яны так лічаць? Прынамсі, я ведаю аднаго, які гэтага ня зробіць. Маю на ўвазе аўтара гэтых радкоў, які таксама быў сярод слухачоў тых лекцыяў.

Сярод маіх школьных настаўнікаў былі ўсякія. Добрых і паважаных, на шчасьце, больш. Але, на жаль, ня ўсе. Гісторыю выкладаў Жора (так яго звалі па-за ўрокамі). Свой у дошку хлопец для нас, старшаклясьнікаў, хаця й быў у два разы старэйшы за любога з нас. Пасьля ўрокаў ён ахвотна гуляў з намі ў “казла” ці “дурня”, мог расказаць непрыстойны анэкдот, а паданьні пра ягоныя амурныя прыгоды, гераінямі якіх былі нават школьніцы, перадаваліся з вуснаў у вусны, як фальклёр. Мы, зялёныя юнакі, глядзелі на яго з захапленьнем. Хоць гісторыі не вучылі й ня ведалі (цяпер думаю - мо так і лепш, бо тая гісторыя сёньня была б сьмецьцем у мазгах).

Праз колькі год я, ужо студэнт выпускнога курса, сустрэў яго на вуліцы. Ён ішоў у кампаніі настаўнікаў, што прыехалі ў абласны цэнтар на курсы, убачыў мяне, узрадавана павітаўся і прадставіў мяне спадарожнікам як свайго вучня. А мне раптам стала пакутліва сорамна, што гэты чалавек называе мяне сваім вучнем.

Другі падобны выпадак адбыўся значна пазьней. Я жыву ў студэнцкім інтэрнаце, дзе цэлы паверх займаюць сем’і выкладчыкаў. Зь некаторымі зь іх і зь іх дзецьмі я сябрую. Дзеці заходзяць да мяне ў пакойчык, кансультуюцца па хатніх задачах. І зь дзіцячай непасрэднасьцю расказваюць пра цікавыя здарэньні на ўроках, пра сваіх настаўнікаў.

Часта гераіняй іх аповедаў бывае настаўніца матэматыкі, пра якую яны гавораць скептычна-паблажліва, як звычайна ў народзе ставяцца да чалавека, абдзеленага розумам. Настаўніца любіць нібыта па просьбе вучняў расказваць ім пра жыцьцё, пра розныя пікантныя выпадкі і нават пра свайго мужа. Гэтыя недарэчныя расказы займаюць шмат часу на ўроках, на матэматыку часу застаецца мала. Але гэта і вучняў-небаракаў, і іх настаўніцу чамусьці не турбуе.

Аднойчы яны прыбеглі, узрушаныя навіной: “А матэматыца сказала, што яна вашая студэнтка!” І мне стала няёмка пад іх усьмешліва-дапытлівымі позіркамі.

Я выразна помню гэтыя два адчуваньні няёмкасьці: адзін раз ад таго, што мяне назвалі “сваім вучнем”, другі раз — што мяне назвалі “сваім настаўнікам”. Таму я не рызыкну, як той прафэсар, сказаць, што ў мяне тысяча вучняў, хоць за 19 гадоў працы ў ВНУ звыш тысячы студэнтаў сустракаліся са мною на занятках. Калі з гэтай тысячы “маімі” сталі чалавек 50, то я магу быць задаволены. Гэта тыя, хто так ці інакш успрыняў чалавечыя нормы і мэтадычныя ідэі, што я імкнуўся ім перадаць. Успрыняў і спрабуе выкарыстаць у сваёй настаўніцкай практыцы, пра што я даведваюся зь лістоў, тэлефанаваньняў, гутарак пры сустрэчах. Гэта тыя, з кім мне цікава працягваць кантакты і па-за сьценамі ВНУ (хоць, прызнацца, сёньняшняе школьнае жыцьцё не дадае творчага імпэту).

Так, ёсьць сярод тых, каго я вучыў, такія, каго я мог бы назваць сваім вучнем, спадзеючыся, што і яны без ваганьняў прызнаюць ува мне свайго настаўніка. Як ёсьць і такія, з кім гэтай зьвязкі не ўтварылася. Па-рознаму складаюцца стасункі зь імі. Галіна Ф. і Алесь Г. свайго сына назвалі маім імем і запрасілі мяне стаць яму хросным бацькам, а Алена К., стаўшы пасьля інстытуту маёй каляжанкай на катэдры, прагаласавала потым за маё звальненьне. Кожны зь іх мае чырвоны дыплём. Алесь, на жаль, у школе ўжо не працуе, бо змушаны шукаць заробку, які б дазволіў карміць і гадаваць трое дзяцей. Дзяржава сёньня, на жаль, ня ў стане ўтрымліваць такіх настаўнікаў – дай Бог ім долі.

У вачах некаторых студэнтаў, калі закранаеш на занятках маральныя аспэкты настаўніцкай справы, бачыш адстароненасьць. Маральныя пытаньні для такіх вырашаныя задоўга да сустрэчы са мной. Ад мяне ім патрэбна толькі матэматыка. У студэнцкім веку нячаста сустракаюцца людзі з такой жыцьцёвай упэўненасьцю. Можа, таму яны запамінаюцца. Такой была і Алена. Вось яшчэ адзін.

Яму нават мая матэматыка ня вельмі патрэбнай была, бо і без таго ён меў добрую падрыхтоўку. Астатняе ж тым болей не было вартым ягонай увагі, і калі мне ўдавалася завесьці студэнтаў на дыскусію аб тым, якога чалавека павінна імкнуцца сфармаваць школа і чым тут можа дапамагчы настаўнік матэматыкі, ён сачыў за гэтымі спрэчкамі з паблажлівай усьмешкай ці стомлена-скептычна.

Сёньня ён – адзін зь лепшых настаўнікаў гораду. Працуе ў ліцэі, які зьбірае “вяршкі” з усёй вобласьці. У звычайнай школе, як мне бачыцца, у яго не атрымалася б, бо там “бяздарнасьць”. Ліцэй – ягоная стыхія. Тут можна ціснуць і патрабаваць. Хочаш атрымаць добрую адзнаку – працуй да зьнямогі. І працуюць. Ня ўсе, праўда, але слабейшыя “выпадаюць у асадак”. Хай ідуць назад у школу – тут ліцэй! Пратэсты бацькоў парыруюцца проста: “Вы хочаце, каб я выкладаў, як у школе?!”

Тыя, хто вытрымлівае, дасягаюць пэўных вышынь – перамагаюць на алімпіядах, паступаюць на прэстыжныя факультэты ў ВНУ. Настаўніка адзначаюць падзякамі і прэміямі, ён меў сорасаўскі грант. Але нешта не дае мне парадавацца посьпехам колішняга свайго студэнта. І для гэткай насьцярожанасьці ёсьць істотныя падставы. Бо ведаю пра атмасфэру яго ўрокаў.

Маці аднаго з вучняў прагаварылася настаўніку, што наняла рэпэтытара. Вынікам стала звышпатрабавальнасьць да хлопца пад маскаю таго, што “тут ліцэй”. Пры добрых ведах і разуменьні – “тройкі”. “Тройкі” за сэмэстар, “тройкі” за год. Але найшла каса на камень. Ад мамінай ідэі перавесьці яго ў іншую клясу хлопец катэгарычна адмовіўся. Змаганьне за выніковую адзнаку доўжылася тры гады. Гадавой адзнакай у выпускной клясе была звыклая “тройка”. Усё ж на выпускным іспыце хлопец даказаў сваю годнасьць: пісьмовая праца, якую ацэньвала камісія, была бездакорнай – “пяцёрка”. Пры суцэльным шэрагу ранейшых “троек” у атэстат настаўнік, ня хочучы, паставіць “чатыры”.

Хлопца залічылі на прэстыжны факультэт унівэрсытэту, куды ня ўсе ліцэйскія выдатнікі змаглі паступіць.

Для настаўніка гэта падстава для гонару – вось, маўляў, выціснуў усё-ткі, навучыў! Але, па-першае, колькі тых, хто, маючы менш цьвёрды характар і менш цярплівых бацькоў, “сышоў з дыстанцыі” і пакінуў ліцэй? А па-другое, ці ж гэтай мэтай – навучыць – была выклікана настаўніцкая жорсткасьць? “Навошта нанялі рэпэтытара? Чаму не зьвярнуліся да мяне?” Вось і ўся разгадка: чалавек сам быў гатовы атрымоўваць грошы за дадатковую працу з хлопцам. А гэтыя грошы пайшлі другому.

Вось тутака мяжа разыходжаньняў паміж настаўнікамі і настаўнікамі: для адных усё ж маральныя пытаньні стасункаў з вучнямі на першым пляне, для другіх — …

Калі мне надарылася б выбіраць – навучыць чалавека матэматыкі, пераступіўшы празь нешта чалавечае ў ім, ці дапамагчы яму захаваць чалавечую годнасьць коштам недавучанай матэматыкі, – дык пры ўсёй маёй вялізнай павазе да матэматыкі я б выбраў другое. Прапускаю празь сіта памяці сотні былых сваіх студэнтаў – хто зь іх без ваганьняў зрабіў бы гэткі ж выбар? І такіх знаходжу, але ўжо ня сотні.

Ды мне ня хочацца кідаць камусьці папрокі, вінаваціць ці дакараць. Расейскі камуністычны экспэрымэнт і ня мог мець іншага выніку. Можна нават парадавацца за ўстойлівасьць прыроды чалавечай, – ня ўсё і ня ўсіх збэсьцілі. У нейкіх недасяжных для камуністаў нетрах чалавек захаваўся, выжыў. І цяпер ачуньвае, абуджаецца, прадзіраецца праз бадыльлё і парэшткі жудаснай эпохі.

Ачуньвае і настаўнік. Абуджаецца той, хто сёньня атрымоўвае зарплату як падачку, але не ідзе з школы. Пагаджуся: большасьць проста ня ведае, куды ісьці. Але ёсьць і такія, хто не шукае іншага, бо ўжо знайшоў сваё. У іх будуць свае вучні. Ня ўсе, каго яны вучаць, няхай маленькая частка, але яны будуць. Нехта зь іх вернецца ў школу настаўнікам…

Міхась Калясянец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0