Беларусіст працу знойдзе заўсёды

Катэдра беларусістыкі Віленскага Пэдагагічнага Ўнівэрсытэту налета адзначыць 10-ю гадавіну свайго існаваньня

 

Сёлета катэдра набрала чарговы курс. Cтудэнты — розныя людзі, рознымі шляхамі яны дазнаюцца пра магчымасьць навучаньня ў Вільні. Па-рознаму яны бачаць і сваю будучыню з дыплёмам беларусазнаўцаў. Але факт — колькасьць студэнтаў зь Беларусі ў Вільні з году ў год не зьмяншаецца. Мяне заўсёды дзівіла, аднак, чаго шукаюць у беларушчыне тыя студэнты, што жывуць у Літве і часьцяком нават ня маюць ніякіх беларускіх каранёў. Навошта ім тая беларушчына? Выкладчыца катэдры Ніна Пяткевіч сама ня ведае прычынаў. “Адказу трэба шукаць адно ў віленскім паветры” – кажа яна.

Сярод студэнтаў — выпускнікі віленскай беларускай школы і польскіх, расейскіх школаў Літвы. У цэлым беларусаў сярод студэнтаў і паловы ня будзе. Дык чаго яны тады шукаюць у беларушчыне? Што атрымаюць студэнты ў Вільні ад таго, што будуць ведаць мову й культуру Беларусі? Загадчыца катэдры, спн.Лілея Плыгаўка, кажа:

— Кайф! Ёсьць, вядома, шмат прычынаў: жаданьне атрымаць дыплём пра вышэйшую адукацыю, жаданьне ведаць яшчэ адну мову, яшчэ адну культуру, увогуле, спазнаць яшчэ адну краіну. У іх пэрспэктыва — далей вучыцца на магістратуры ў Менску. Па спэцыяльнасьці пэрспэктывы працы ў Літве мінімальныя. Беларускіх прафэсійных асяродкаў тут няшмат. Яны могуць працаваць на радыё, у газэтах, нядзельных школах... А што да завочнікаў, дык у Беларусі, у якім бы стане там ні была беларуская мова, беларусіст заўсёды знаходзіў сабе працу і знойдзе! Таму ў іх ёсьць гарантыі працаўладкаваньня. У нас ёсьць студэнты з Ашмяны, Воранава, Астраўца, Ліды, Баранавічаў, Пружанаў, Менску. Але збольшага з памежжа. Ім зручней вучыцца ў Вільні, бліжэй. Амаль ува ўсіх іх ёсьць тут сваякі. Няма праблемы з жытлом. Для ашмянскіх — які тут сантымэнт?.. Яны ўспрымаюць Вільню як свой горад. Яны тут добра адаптаваныя і выдатна сябе адчуваюць. І, што дзіўна, яны тут часьцей размаўляюць па-беларуску ў горадзе. І на іх ніхто не зьвяртае ўвагі і ня дзівіцца...

Наколькі вялікая цікавасьць зь Беларусі да віленскай адукацыі была сёлета?

— Цікавасьць велізарная! — кажа Лілея Плыгаўка. — Званкоў вельмі шмат! Мы толькі першы год адбіралі па конкурсе. І гэта была нашая памылка. А сёлета мы далі ўсё ж магчымасьць вучыцца ўсім, хто хоча. І паназіраць натуральны «адсеў». Сёлета мы плянавалі набраць 15 чалавек, але колькі будзе ахвочых, столькі й прымем!

Неўзабаве Катэдра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Вільні адзначыць сваё дзесяцігодзьдзе. Віленскія беларусы за апошнія дзесяць гадоў чаго толькі не пабачылі... Дзесяць гадоў таму тут была амаль пустка, калі гаварыць аб прафэсійных асяродках. А сёньня тутака беларусы маюць свае школу, тэлевізію, радыё, газэты і касьцёл. Калісьці тутэйшая беларушчына зазнала й бурную ўвагу да сябе з боку Менску. На ўсе афіцыйныя і неафіцыйныя сустрэчы і банкеты беларускага пасольскага чынавенства абавязкова запрашаліся тутэйшыя беларусы, якіх адорвалі шчодрымі абяцанкамі... Але цяпер часы пайшлі не такоўскія.

Але ўсё ж вырастае сама сабою беларушчына ў Вільні, бярэцца патрэба ў ёй у тых студэнтаў, якія вось ужо 10 гадоў запар запаўняюць беларускія аўдыторыі тутэйшага пэдунівэрсытэту. Горад працягвае выконваць сваю ролю беларускага асяродку. Нягледзячы на непразрыстую мяжу. Як трава, ня ведаючы законаў фізыкі, прабіваецца скрозь асфальт, так і жывая беларушчына ў Вільні кіруецца законамі ўласнае прыроды і вечнасьці.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0