Друкарскія таямніцы

Споўнілася 10 гадоў з часу выданьня “Ксэраксу Беларускага”

 

У 1997 годзе да мяне пачалі зьвяртацца некаторыя бібліятэкі і асобныя людзі, каб я дапамог ім знайсьці патрэбныя нумары полацкага літаратурнага альманаху “Ксэракс Беларускі”. Да каго ж ім яшчэ было зьвяртацца, як не да выдаўца. Самымі рэдкімі нумарамі аказаліся №1 (1990) і №3 (1992). Я нават мусіў даць абвестку ў “НН”, маўляў, дапамажыце адшукаць выданьне, бо свае архіўныя нумары я не зьбіраўся нікому ахвяраваць. На мой зварот, як ні дзіўна, прыйшлі лісты. Высьветлілася, што пэрыёдык памяталі. Выручыў Алесь Туровіч, які ў сваёй бібліятэцы знайшоў некалькі асобнікаў.

Сёлета “Ксэраксу Беларускаму” споўнілася 10 гадоў. Гэткі маленечкі юбілей праявы беларускай культуры найноўшай гісторыі. Сымбалічна, што першы нумар “КБ” рыхтаваўся ў Полацку, а друкаваўся ў Вільні.

Паспрабуйце згадаць нешта сваё, што мела месца дзесяць гадоў таму. І вы пабачыце, колькі падрабязнасьцяў згубілася з вашай памяці.

Я ўсё ж паспрабую ўзнавіць падрабязнасьці.

На выданьне “КБ” мяне натхніла зьяўленьне ў 1989 годзе альманаху “Літаратура”, рэдактарам якога быў Дубавец. Я ведаў, што непасрэдна выданьнем пэрыёдыка займаецца Алесь Гуркоў. З Алесем я ліставаўся з 1988-га, ён раз-пораз дасылаў мне новыя незалежныя друкі, якія пладзіліся тады зь нечаканым імпэтам. Перамовы з Алесем адносна выданьня полацкага літаратурнага альманаху пачаліся яшчэ ў лістападзе 1989 году. Вось вытрымка зь ліста Гуркова ад 3.12.89: “Літаратура” №1 пад рэдакцыяй сп. Дубаўца Сяргея абышлася нам паўтара рубля. Калі падрыхтуеце гэткі альманах, дык паспрабуем яго надрукаваць. Для гэтага трэба падрыхтаваць макет на звычайных друкарскіх аркушох (для машынкі). Потым яны памяншаюцца, і атрымліваецца гэткая кніжачка, як у сп. Дубаўца”.

Гэта адносна тагачасных друкарскіх таямніцаў.

Творы для “КБ” №1 я сабраў у наваполацкіх літаратараў. Сяржук Сокалаў-Воюш даў міні-п’есу абсурду “Раніца рэспублікі”, Вінцэсь Мудроў зь Цюменскай вобласьці, дзе ён працаваў на нафтавых радовішчах, прыслаў аповед “Час камара”, Уладзімер Арлоў, які на пачатку 90-х зь сям’ёй ужо перабраўся ў Менск, перадаў свой найноўшы “баявік” пра Абэцэдарскага “Совершенно секретно”, або Адзін у трох іпастасях (нататкі няўдзячнага вучня)” — “баявік” гэты потым шмат дзе друкаваўся, свае вершы далі Валянціна Аксак і Лявон Баршчэўскі. Памятаю, як зімовым днём я заходзіў па вершы ў малюпасенькую кватэрку Лявона Баршчэўскага, які тады працаваў выкладчыкам замежных моваў у Наваполацкім тэхналягічным інстытуце (цяпер унівэрсытэт). Тэксты твораў начыста перадрукавала Надзея Салодкая. Вокладку намалявала Рыта Цімохава, яна ж намалявала імёны аўтараў перад тэкстамі — кампутараў тады яшчэ не было. Сёньня, калі я параўноўваю “КБ” №1 і “Літаратуру” №1, мне падаецца, што мы не саступалі сталічнаму пэрыёдыку. Вядома, палачане выглядалі больш кансэрватыўна, бо глёбусаўскія здані пачалі распаўзацца па Беларусі менавіта зь першай “Літаратуры”, аднак, мушу зазначыць, амаль усё, што было надрукавана ў тым танюткім “Ксэраксе”, вытрымала выпрабаваньне часам.

Напрыканцы ліпеня 1990 году першыя асобнікі “КБ” №1 прывёз у Наваполацак зь Менску Сяржук Сокалаў-Воюш. 30 ліпеня на чарговым паседжаньні літаб’яданьня “Крыніцы” я “абнародаваў” новы пэрыёдык. Трэба прызнацца, навіну сустрэлі раўніва. Было шмат іншых прэтэндэнтаў на рэдактарскую пасаду. Але рэдактара незалежнага пэрыёдыка не прызначаюць, ім становяцца.

“КБ” №1 выйшаў тысячным накладам і распаўсюджваўся зь Менску па розных “нацдэмаўскіх” тусоўках. У Наваполацак патрапіла ня так шмат асобнікаў. Гэткім жа шляхам я падрыхтаваў другі нумар “Ксэраксу” і перадаў яго Гуркову, аднак выдаць яго ў Алеся не атрымалася, таму далейшыя нумары “КБ” друкаваліся ў Наваполацкай друкарні. З “КБ” №2 рэдактарам альманаху стаў Вінцэсь Мудроў, які неўзабаве вярнуўся на радзіму зь сіберных цюменскіх краёў.

“Ксэракс Беларускі” стаў першым полацкім літаратурным пэрыёдыкам ХХ ст. пасьля трох літальманахаў полацкай філіі “Маладняка”. Зь яго й пачаўся шэраг полацкіх выдавецкіх ініцыятываў, якія потым рэалізоўваліся на працягу ўсіх 90-х гадоў.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0