Падзеі

 

Дзеці граюць Шапэна

Канцэрты Польскага інстытуту – гэта заўжды падзея. І ня толькі тады, калі палякі прывозяць да нас лепшых сваіх выканаўцаў (нядаўні выступ саксафаніста Зьбігнева Намыслоўскага са сваім джаз-квартэтам). Часам польскія сябры расплюшчваюць нам вочы на нашыя ж скарбы, у вялізнай колькасьці рассыпаныя тут жа, побач, якіх мы чамусьці не заўважаем.

Так было ўвесну, на імпрэзе “Польскія матывы ў сусьветнай музыцы” з удзелам маладых піяністаў, а таксама сьпевакоў Беларускай опэры, якія шчэ не здабылі гучных тытулаў. Адна з тых сьпявачак – Эла Рыжановіч – пару месяцаў таму атрымала ўзнагароду на міжнародным конкурсе ў Турцыі, а Тацьцяна Трацьцяк мела сэнсацыйны посьпех на летнім фэстывалі ў Швайцарыі.

27 верасьня ў Доме дружбы адбыўся канцэрт “Дзеці Беларусі граюць Шапэна”, які, паводле задумы ягоных арганізатараў, меў нейкае сымбалічнае дачыненьне да міжнароднага шапэнаўскага конкурсу, што адкрываецца 4 кастрычніка ў Варшаве. (Сёлета ў ім удзельнічаюць і беларускія піяністы — мянчук Юры Бліноў і Дар’я Фадзеева, што жыве цяпер у Парыжы.) Спакваля склалася ўражаньне, што прыхаванаю мэтай арганізатараў было паказаць нам шапэнаўскіх ляўрэатаў 2005 і 2010 г. І гэта ім удалося. Сярод 4 піяністаў, што ўдзельнічалі ў канцэрце, прынамсі двое — адзінаццацігадовы Алесь Собаль і сямнаццацігадовы Цімур Шчарбакоў — людзі выключна таленавітыя. Асабліва ўразіў мяне А.Собаль — вучань выдатнай выкладчыцы, прафэсара Акадэмii музыкi Людмілы Шаламенцавай. Сярод яе гадаванцаў — Андрэй Паначэўны, Юры Бліноў і Дар’я Фадзеева.

Вельмі сымпатычна выступілі таксама й дзьве дзяўчынкі-піяністкі – дзесяцігадовая Ганна Юха і пятнаццацігадовая Вольга Сьцяжко. Прыемную разнастайнасьць прынёс выступ чатырнаццацігадовага скрыпача Алега Яцыны — мо найславуцейшага зь беларускіх вундэркіндаў, які два гады таму здабыў першую ўзнагароду ў Парыжы на конкурсе імя славутага амэрыканскага скрыпача Е.Мэнухіна.

“Нашаніўцам” прыемна адзначыць, што ў ролі прад’юсэркі і канфэрансье выступала наша сталая аўтарка, кампазытарка і журналістка Юлія Андрэева.

Алег Бабровіч


 

Як на мітынгу

У Менску на прэзэнтацыю “Вольных танцаў” людзей сабралася, як на добры апазыцыйны мітынг. Усе крычалі, нібыта хацелі чаго. Тут выходзіць на сцэну адзін з арганізатараў і кажа, што ня будзе ні “Новага Неба” з Касяй Камоцкай, ні “ZET” зь Лявонам Вольскім, ні “UR`IA” зь Юр’ем Выдронкам — ня любяць моладзі гранды беларускага року, ня ходзяць на сваю канцэртовую працу.

Ну, пасьля што засталося, то й пачалося. З добрымі песьнямі прыехаў гурт “Грошы” з Барысава, але пераважна з расейскамоўнымі. Адным зь лідэраў сцэны застаецца “Акруга Свабоднага Мастацтва”, што і на гэты раз прэзэнтавала мадэрновы й завадны фольк-рок — ні пад кога, як пад іх, не весялілася, думала, што са спадніцы высьлізну.

Ня змог толкам выступіць з-за праблемаў з гукам гурт “Безь Білета”. Аднак пасьля выкананьня гуртом песьні “Мая краіна Беларусь” заля проста скакала ад шчасьця. Ня вельмі ўразілі мяне “Long Play” і пераможцы апошняга “Басовішча” “Postscriptum” — занадта ўжо ў іх ува ўсіх музыка дзявочая стала. Не кажу ўжо пра “Зьніч” — злыя язычнікі... Сапраўдны язычнік павінен быць добрым і радавацца сонейку. Мабыць, больш няма пра што і казаць.

Адэлька


 

Немадэрновы фольк

Прэзэнтацыя гуртом “Ліцьвіны” свайго новага альбому “Ой, у лузе, лузе” ў Тэатры Юнага Гледача прайшла з аншлягам

 

У першым аддзяленьні канцэрту “Ліцьвіны” выканалі практычна ўсе кампазыцыі з новай праграмы, многія зь якіх заля сустракала авацыямі. Атмасфэра адзінства музыкаў і залі захавалася й пасьля антракту, калі выконваліся пераважна песьні з папярэдняга альбому. За шмат ужо гадоў сваёй творчасьці яны не зьмяніліся — гэта ўсё той жа фальклёр з імкненьнем быць і кампазыцыйна, і інструмэнтальна як найбліжэй да першакрыніц.

Трохі нават дзіўна, што падобная музыка карыстаецца настолькі вялікай папулярнасьцю — у час, калі фальклёрную творчасьць больш арыгінальна і ў той жа час аўтэнтычна аранжуюць і рэпрэзэнтуюць такія гурты, як “Троіца”, “Крыві”, “Безь Білета”.

Мабыць, галоўная каштоўнасьць такой музыкі — ліцьвінскі дух.

Гледачы прыйшлі на прэзэнтацыю насуперак таму, што альбом насамрэч зусім ня новы — прома-дыск распаўсюджваўся на менскіх радыёстанцыях яшчэ 2 гады таму, аднак гэта зусім не паспрыяла яго ратацыі, бо вы ж ведаеце: “музыка гэтая нефарматная, ставіць мы яе ня будзем”. Таму альбом успрымаўся як навіна і выклікаў у слухачоў прыемны энтузіязм.

Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0