БІБЛІЯТЭКА

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Республика Беларусь 2000. Возможности делового сотрудничества: Информационно-справочный сборник / Т.Веризубова и др. – Менск: Інфармацыйны цэнтар Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусі, 2000. – 116 с.: іл. – Наклад 1500 ас. ISBN 985Р43-6342-05-8

Выданьне мае на мэце пазнаёміць патэнцыйных інвэстараў з нашаю краінаю – ейнымі традыцыямі й сучаснасьцю. Кніга мае шмат каляровых выяваў і прадаецца ў менскай краме “Падпісныя выданьні” за 3300 рублёў.

В.Старычонак. Беларуская літаратура ад А да Я: Дапаможнік для абітурыентаў. — Менск: Вышэйшая школа, 2000. – 528 с. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-06-0618-5

Кнігі В.Старычонка штогод выходзяць з мэтаю дапамагчы студэнтам у рыхтаваньні да выпускных ці ўступных экзамэнаў.

А.Фядотаў. Сьвята беларускага пісьменства ў школе: Дапаможнік для настаўнікаў, выхавальнікаў, арганізатараў пазакляснае выхаваўчае работы. – Менск: Беларусь, 2000. – 35 с. – Наклад 4338 ас. ISBN 985-01-0337-Х

Вядома, сьвята беларускага пісьменства й друку ладзіцца ў нашай краіне не на найлепшым роўні, але абавязак выхавальнікаў — папулярызаваць веды пра беларускіх асьветнікаў сярод дашкалятаў і шкаляроў, і ў гэтым кніга А.Фядотава можа памагчы.

Штогоднік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: 1999 год/ Рэдакцыйная калегія: М.Касьцюк (галоўны рэдактар) ды інш. – Менск: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 1999. – 176 с.: іл. – Наклад 299 ас.

“Штогоднік…” выйшаў яшчэ пад рэдакцыяй колішняга старшыні Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Міхася Касьцюка. Можа гэтае выданьне недасканалае ў пэўных месцах паводле зьместу, дзе-нідзе спатыкаюцца памылкі друку й недакладнасьці, але першы блін сабаку, як вядома. Галоўнае, што пачала аднаўляцца традыцыя выдаваньня прац акадэмічнае ўстановы, якая займаецца дасьледзінамі айчыннае гісторыі. За папярэднікаў “Штогодніка…” могуць уважацца “Запіскі” Гістарычна-археалягічнае сэкцыі Інстытуту беларускае культуры, што выдаваліся ў Менску ў 1920-я гады й спынілі свой выхад з пачаткам масавых рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі.

Эпоха: Беларускі часапіс. Жнівень 2000 г. – Менск, 2000. – 82 с.: іл.

У гэтым нумары, як і звычайна, пераважаюць навіны з замежжа, падрыхтаваныя паводле матар’ялаў польскае пэрыёдыкі. Набыць гэты часапіс можна на менскіх сядзібах ТБМ і БНФ.

Bialoruskie Zeszyty Historyczne – Беларускі гістарычны зборнік. № 13. – Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2000. – 248 с.: іл.

Зборнік гістарычных дасьледаваньняў польскіх беларусаў гэтым разам прыcьвечаны падзеям 1939-1941 гадоў у заходняй Беларусі. Як заўжды, у зборніку прысутнічаюць таксама рэцэнзіі на гістарычныя выданьні. Каб дамовіцца наконт набыцьця “Беларускага гістарычнага зборніка”, зьвяртайцеся на электронны адрас: [email protected]

Единство Беларуси, освященное историей и устремленное в будущее. – Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1999. – 80 с.: іл. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-11-0161-3

У кнігу ўвайшоў выступ кіраўніка нашае дзяржавы А.Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным 60-годзьдзю задзіночаньня савецкае й заходняе палавін Беларусі. У дадатак да стэнаграмы выступу А.Лукашэнкі публікуюцца некаторыя дакумэнты й фота шасьцідзесяцігадовае даўніны пра падзеі ўзьяднаньня. Кніга не была ў продажы.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0