ВОДГУКІ

 

Махачаў — з аварцаў

Абараняючы чачэнцаў, варта было б ведаць збольшага праблемы ўсяго Паўночнага Каўказу. А Дзядзька Антось (“Дзядзька Антось у Думе”, “НН”, №38) іх ня ведае. Інакш бы не называў Гаджы Махачава “дэпутатам ад Чачэніі”.

Лідэр Аварскага Народнага Фронту Гаджы Махачаў балятаваўся, відаць, усё ж ад роднага Дагестану. Аварцы, самы шматлікі дагестанскі народ, дапамаглі чачэнцам у іх барацьбе за незалежнасьць, але добрыя адносіны былі папсаваныя леташнім уварваньнем чачэнскіх вахабітаў у Дагестан. Верныя традыцыйнаму ісламу аварцы сталі ўлівацца ў атрады самаабароны, якія ўзначаліў Гаджы Махачаў. Хаця галоўным аргумэнтам, відаць, была зброя, якую “фэдэралы” мусілі былі выдаць апалчэнцам. Зараз Аварскі Народны Фронт уяўляе сабой досыць моцную ваенна-палітычную групоўку. А Жырыноўскі і іншыя, відаць, гэтага не разумеюць. Таму чакаць далейшага распаду Расеі доўга ня прыйдзецца.

А дэпутатам ад Чачэніі зьяўляецца Асламбек Аслаханаў, маскоўскі чачэнец (таму, мабыць, і “абралі”).

Зьміцер Віцька, Менск

 

Халява не прайшла

У мінулым нумары натрапіў на плаканьне аднаго жмота, які ўзгадаў, што паўгода таму ягоны сябра ледзьве не пераплаціў 500 беларускіх рублёў за нейкую “ксёнжачку” на сядзібе ТБМ. Відаць, аўтар тых радкоў настолькі прызвычаіўся ўсё атрымліваць задарма, што, калі яму прапанавалі заплаціць за нешта грошы, абурэньне нашага скнары вылілася на старонкі “НН”. Людзей з мэнтальнасьцю саўкоў у нас і безь яго не бракуе... Адно хочацца заўважыць, што калі чалавеку бракуе мазгоў, дык, бадай, з аднолькавым посьпехам яго могуць “нагрэць” дзе заўгодна: і на сядзібе ТБМ, і на БНФ, і ў падземным пераходзе. Бо ахвотныя зарабіць тусуюцца ўсюды. Незразумела таксама, чаму аўтар таго “пасквілю” прыплёў сюды выставу ТБМ, арыентаваную на дэманстрацыю кніжак, а не на іхны продаж.

Чытач, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0