Слава неўміручым

 

“Я нарадзіўся на гэтай зямлі, гэта мая зямля, тут я і памру, чаго б гэта мне ні каштавала”, — заявіў сваім журналістам у Бабруйску Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы сытуацыю з мажлівым наданьнем палітычнага прытулку Слабадану Мілошавічу. Лукашэнка лічыць, што падобную пазыцыю мае й Мілошавіч.

На гэтай супэрцытаце можна было б і спыніцца, але тэма сьмерці атрымала нечаканы працяг на наступны дзень ужо ў Менску, дзе адзначалі 20-годзьдзе аўтакатастрофы, у якой загінуў Пётра Машэраў.

“Пётра Машэраў – першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі, Герой Савецкага Саюзу, Герой Сацыялістычнае Працы, які дагэтуль застаецца ў краіне адным з найбольш папулярных грамадзкіх ды палітычных дзеячоў рэспублікі”, -- паведаміла блізкая да Лукашэнкі агенцыя “Интэрфакс-Запад”.

Магчыма, Машэраў яшчэ жыве і ўзначальвае трэцюю беларускую кампартыю? Мо ён сапраўды застаецца ў нейкай краіне, якую інтэрфаксаўцы ад нас хаваюць? А можа, яны маюць на ўвазе, што пасьля Вялікага Княства Літоўскага, польскае ды расейскае манархіяў, пэрыяду рэспублікі (БНР—БССР—РБ) настаў час дырэкторыі? Пытаньні, пытаньні…

Але ўсё тая ж агенцыя ўжо ў наступным сказе паведамляе яшчэ цікавейшую навіну, якую мы пакінем без камэнтару: “Апрача таго, кіраўнік беларускае дзяржавы пачціў памяць... на магілах выбітных дзяржаўных ды грамадзкіх дзеячаў Беларусі — Фёдара Сурганава, Сяргея Прытыцкага, Ціхана Кісялёва, Васіля Казлова”.

У гутарцы на могілках з падручнымі журналістамі Лукашэнка заявіў, што “сёньня для Беларусі ёсьць важным захаваньне пераемнасьці пакаленьняў” і дадаў: “Мы мелі добрых кіраўнікоў і трэба заўсёды паважаць сваіх папярэднікаў”.

Якраз у гэты дзень стала вядома, што першы кіраўнік незалежнае Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які атрымлівае цяпер пэнсію 3 даляры на месяц і на якога менская міліцыя распачала пасьля “Маршу Свабоды” сапраўднае паляваньне, вырашыў падаць у суд пазоў на Лукашэнку, бо той зьвінаваціў экс-сьпікера ды ўсіх удзельнікаў белавескае сустрэчы 8 сьнежня 1991 году ў атрыманьні “мільярдаў даляраў” за скасаваньне СССР.

Аднак выдзеленыя ў папярэдняй цытаце словы набываюць асаблівы сэнс, калі прачытаць апошні сказ у інфармацыі “Интэрфакса-Запада”: “Як паведаміў Прэзыдэнт краіны, ён наважаны ў найбліжэйшы час азнаёміцца з архіўнымі дакумэнтамі ў справе трагічнае гібелі Пятра Машэрава”.

З чаго б гэта? Глядзі пачатак…

Зьміцер Калярадзкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0