Спыніць наступ дыктатуры!

Заява Старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі на прэс-канфэрэнцыі.
19 верасьня, Вільня

 

Як ужо неаднаразова паведамлялася, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі лічыць рэальным выхадам з канстытуцыйнага крызысу, які склаўся ў Беларусі пасьля дзяржаўнага перавароту (лістапад 1996 г.), канструктыўныя перамовы паміж усталяваным у краіне рэжымам і апазыцыйнымі яму сіламі. У сувязі з гэтым я яшчэ раз хачу выказаць удзячнасьць кіраўніцтву АБСЭ і іншых міжнародных арганізацый, а таксама парлямэнтам і ўрадам цывілізаваных краін, якія з самага пачатку не прызналі легітымным так званы лістападаўскі (1996 г.) рэфэрэндум і падтрымалі Вярхоўны Савет як адзіны заканадаўчы і вышэйшы прадстаўнічы орган на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі. Хацеў бы адзначыць і тую вялікую працу, якую правялі КНГ, Рабочая Група АБСЭ па Беларусі і Тройка Прадстаўнікоў АБСЭ, Эўрапарлямэнту і Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па падрыхтоўцы перамоў аб правядзеньні ў Рэспубліцы Беларусі свабодных дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў.

Аднак, як Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі і кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, заяўляю, што надуманыя выбары ў так званую “Палату”, якія дыктатарскі рэжым зьбіраецца правесьці ў Беларусі ў кастрычніку 2000 году, ня могуць лічыцца легітымнымі з самага пачатку.

Па-першае, дадзеныя выбары прызначаны грамадзянінам А. Лукашэнкам, тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў якога скончыўся 20 ліпеня 1999 году і супраць рэжыму якога ўзбуджана крымінальная справа па факце захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Па-другое, ад арганізацыі выбараў адхілена законна ўтвораная Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусі Цэнтральная выбарчая камісія на чале з дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі Віктарам Ганчаром, а іх правядзеньне даручана групе асобаў, якую ўзначальвае Л. Ярмошына, прызначаная на сваю пасаду былым прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі яшчэ да так званага рэфэрэндуму (лістапад 1996 г.) у парушэньне Канстытуцыі і дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусі.

Па-трэцяе, па віне дыктатарскага рэжыму так і не пачаліся трохбаковыя перамовы па стварэньні ў краіне ўмоваў для правядзеньня свабодных дэмакратычных выбараў, ужо ня кажучы аб тым, што ня выканана ні адна з умоваў правядзеньня гэткіх выбараў, распрацаваных і узгодненых паміж прадстаўнікамі выканаўчых уладаў, аб’яднанай апазыцыі, кіраўніцтвам КНГ АБСЭ і Рабочай Групай АБСЭ на чале з А. Севярынам. Больш за тое, менавіта падчас перамоваў да зьнікненьня былога Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусі Юр’я Захаранкі дадалося зьнікненьне яшчэ і Першага намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савету, Старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусі Віктара Ганчара, вядомага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Пры гэтым нагадаю, што адной з умоваў арганізацыі парлямэнцкіх выбараў зьяўляецца атрыманьне адказу ад сілавых структураў аб лёсе і месцазнаходжаньні зьніклых, што ня зроблена да сёньняшняга дня.

Працягваюцца зьдзекі зь сям’і вядомага палітыка Міхаіла Чыгіра. Рэпрэсаваліся ў пэрыяд перамоваў іншыя актыўныя прадстаўнікі апазыцыі рэжыму, адбылося судзілішча над дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі Андрэем Клімавым, зазнавалі адміністрацыйныя арышты дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі, сябар Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Анатоль Лябедзька і дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі Валеры Шчукін. Працягвае заставацца ў месцах зьняволеньня арыштаваны і асуджаны ў свой час з парушэньнем заканадаўства Рэспублікі Беларусі дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Кудзінаў. І гэта ў той час, калі адной з умоваў правядзеньня выбараў прадугледжвалася спыненьне рэпрэсій супраць іншадумцаў.

Па сутнасьці, не выконваецца і ўмова доступу прадстаўнікоў апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі.

Нічога істотнага ня зроблена і па прывядзеньні выбарчага заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі права і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.

Надуманыя выбары, арганізаваныя рэжымам, плянуецца правесьці ў кішэнны орган дыктатара, які нават ня мае права заканадаўчай ініцыятывы, ня кажучы ўжо пра ўладныя функцыі.

Пад прыкрыцьцём перамоваў дыктатар і створаны ім прарасейскі і па сутнасьці акупацыйны ў адносінах да беларускага народу рэжым працягвае рабіць сваю злачынную справу — вычышчаць беларусаў з ураду Беларусі, далей змыкацца з прадстаўнікамі шавіністычных колаў Расеі і кіраўнікамі экстрэмісцкай камуністычнай плыні, якія ставяць сваёй задачай інкарпарацыю Беларусі ў склад Расейскае Фэдэрацыі. Гэта асабліва небясьпечна яшчэ і таму, што ў самой Расеі сёньня да ўлады прыйшло КГБ і ўсталёўваецца дыктатарскі рэжым.

Усё гэта сьведчыць аб тым, што ніякага прагрэсу па выкананьні трохбаковых умоваў для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі не адбылося. І зусім не зразумела, як яго маглі знайсьці на Трэцяй Тэхнічнай Канфэрэнцыі АБСЭ ў Вене.

У сучасны момант з боку дыктатарскага рэжыму, як таго і трэба было чакаць, зьдзяйсьняецца падман пры інфармаваньні насельніцтва Беларусі аб Рэкамэндацыях і Заключэньні Трэцяй Тэхнічнай Канфэрэнцыі АБСЭ, якая адбылася ў Вене 30 жніўня 2000 году. Яе рашэньне накіраваць у Беларусь тэхнічную місію падаецца людзям як рашэньне АБСЭ прыслаць на выбары паўнавартасных міжнародных назіральнікаў, што нібыта аўтаматычна прывядзе да прызнаньня гэтых выбараў легітымнымі.

На жаль, трэба прызнаць, што гэткай хлусьні з боку дыктатарскага рэжыму спрыяе адсутнасьць прынцыповай ацэнкі Трэцяй Тэхнічнай Канфэрэнцыяй АБСЭ рэальнага становішча ў Беларусі і прыняцце ёю рашэньня па накіраваньні на выбары ў Беларусь тэхнічнай місіі зь незразумелымі для насельніцтва паўнамоцтвамі.

У сувязі са сказаным я зьвяртаюся да Старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, кіраўніка Рабочай Групы АБСЭ па Беларусі спадара Адрыяна Сэвэрына з просьбай перагледзець, згодна з пунктам 10 Заключэньня і Рэкамендацый Трэцяй Тэхнічнай Канферэнцыі АБСЭ, рашэньні, прынятыя 30 жніўня 2000 году.

Пакуль ня позна, трэба спыніць наступ дыктатуры ў Беларусі!

19.09.2000

Сямён Шарэцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0