Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы

80 гадоў таму Менскі пяхотны полк першым увайшоў у Вільню на плячах
у адступаючых жмудзінаў

 

У ліпені 1920 г. чырвоныя войскі вялі наступ на Захад. Першай ахвярай ідэі сусьветнай рэвалюцыі мусіла стаць Варшава. Польская дзяржава, зьнясіленая двума гадамі баявых дзеяньняў і экспансіі на Ўсходзе, вырашыла прасіць дапамогі ў Антанты. Прэм’ер-міністар Уладзіслаў Грабскі выехаў дзеля гэтага у Спа (Бэльгія) на канфэрэнцыю эўрапейскіх дзяржаваў. Краіны Антанты, што кіраваліся ня толькі прынцыпамі самавызначэньня нацый, але і ўласнымі інтарэсамі, паставілі перад польскім прэм’ерам умову: вайсковая і грашовая дапамога Польшчы будзе, калі Варшава адмовіцца ад палітычных прэтэнзій на Вільню і Віленскі край. 10 ліпеня 1920 г. дамова паміж польскай дзяржавай і краінамі Антанты была падпісаная.

Праз два дні, 12 ліпеня, урад Савецкай Расеі, ня раячыся зь беларускім бокам, перадаў незалежнай Літве ў абмен на нэўтралітэт у савецка-польскім канфлікце Віленскі край зь Вільняй, а таксама Горадню, Ліду, Смургоні, Ашмяну, Нарач і Браслаўскія азёры.

У жніўня-верасьні, пасьля славутай бітвы на Вісьле, легіёны Пілсудзкага адваявалі 12 беларускіх паветаў у Савецкай Беларусі, а таксама Горадню, Ліду, Сьвянцяны ў Літвы. Віленскі край заставаўся ў складзе Літвы, хоць этнічныя летувісы складалі тутака паводле розных падлікаў ад 5% да 18% (у самой Вільні іх было 4,5%).

Грубая заваёва краю польскімі войскамі выклікала б востры пратэст з боку Эўропы і Лігі Нацый, таму мусова было шукаць іншыя формы. Прэцэдэнт самавольнага адваяваньня краю ўжо існаваў. У верасьні 1919 г. італьянскі паэт і ультранацыяналіст Габрыэле Д’Анунцыё на чале групы ахвотнікаў заваяваў вольны горад Ф’юмэ (Рыеку), порт на ўсходнім узьбярэжжы Адрыятыкі, і абвясьціў аб далучэньні яго да Італіі.

Пілсудзкі, ураджэнец Віленшчыны, выношваў ідэю фэдэрацыі польскага, жмудзкага, беларускага народаў (фактычна адраджэньня Рэчы Паспалітай). Частка беларускіх інтэлектуалаў-палянафілаў, у сваю чаргу, выпрацавала ідэю дзяржаўнага ўтварэньня, якое павінна было складацца з трох кантонаў: Ковенскага (летувіскага), Віленскага (польскага), Менскага (беларускага). Гэты наватвор меўся знаходзіцца ў адзінай фэдэрацыі з польскай дзяржавай.

Першай прыступкай для ажыцьцяўленьня названай ідэі мусіла стаць адваяваньне Віленшчыны. Аднак захоп Вільні і Віленскага краю павінен быў выглядаць як звычайны “бунт”. Роля “бунтаўнікоў” адводзілася Літоўска-беларускай дывізіі пад камандаваньнем Люцыяна Жалігоўскага. Дывізія Жалігоўскага складалася на 90% з жаўнераў-ураджэнцаў Беларусі, а значная частка іх, у сваю чаргу, паходзіла зь Віленскага краю.

20 верасьня Пілсудзкі, галоўны ініцыятар акцыі, выдаў загад аб накіраваньні Літоўска-беларускай дывізіі на Гарадзеншчыну, на зімовыя кватэры. 30 верасьня ў Беластоку адбылася сустрэча паміж Жалігоўскім і Пілсудзкім.

Жалігоўскі пазьней успамінаў: “Пілсудзкі паведаміў, што Польшча адмовілася афіцыйна ад Вільні ў Спа і зараз няма іншага спосабу вярнуць горад. Трэба, каб гараджане самі падняліся за свае правы... Трэба толькі памятаць, што можа наступіць час, калі і Сойм, і Сэнат, і Польшча адракуцца вас, таму трэба быць гатовым узяць усё пад сваю адказнасьць. Пра гэта нельга казаць уголас”.

Пры канцы верасьня ў Варшаве ішлі інтэнсыўныя перамовы зь беларускімі і віленскімі палітычнымі дзеячамі. Б.Тарашкевіч у аўтабіяграфіі, напісанай у 1933 г., адзначаў: “У пачатку восені 1920 г. я прымаў дзейсны ўдзел у тайных нарадах, што абмяркоўвалі палітычныя пытаньні, зьвязаныя зь меркаванай акцыяй Пілсудзкага на Вільню (бунт Жалігоўскага) У гэтых пасяджэньнях прымалі ўдзел В.Абрамовіч, Кржаноўскі, бацька і сын Хамінскія, Заштаўт (незалежны сацыяліст зь Вільні), Нагродзкі, Іваноўскі, Дубейкаўскі, палкоўнік Мацеша (ад’ютант і сябра Пілсудзкага) і больш не памятаю. “Добра зараз асьведамлённыя“ адносна поглядаў Пілсудзкага асобы паведамляюць, што Пілсудзкі мае мажлівасьць узяць Вільню і праклямаваць краёвы ўрад з уласным дэмакратычным соймам і г.д. Шукалася назва для гэтага краю. Многія найбольш адпаведным лічылі: Заходняя Беларусь. Было вырашана, што віленскі ўрад будзе складацца з прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў, запрошаны быў нават нейкі дзеяч з Мэмэльскай вобласьці. Апрача таго, у склад ураду не павінны былі ўваходзіць групы правей віленскіх дэмакратаў (Абрамовіч, Ян Пілсудзкі, Крыжаноўскі і інш.). Ужо на шляху ў Вільню назва была дадзеная па ўказцы Пілсудзкага “Сярэдняя Літва”, а ў склад ураду далучаныя хадэкі (Энгель) і “рады людовыя” (Шопа)”.

Апошняй надзеяй на мірнае рашэньне праблемы былі летувіска-беларускія перамовы ў Сувалках, што адбываліся ў канцы верасьня — пачатку кастрычніка. На іх удалося дабіцца перасоўваньня дэмаркацыйнай лініі на 40–60 км на поўнач, але гэта не задавальняла польскія ўлады.

6 кастрычніка Люцыян Жалігоўскі аддаў загад пра перамяшчэньне дывізій у раён Воранава і Беняконяў за вызначаную сувалкаўскімі перамовамі дэмаркацыйную лінію. У гэты ж дзень у раён Эйшышак падышла дывізія добраахвотнікаў Мар’яна Касьцялкоўскага. Раніцай 7 кастрычніка на нарадзе афіцэраў дывізіі Жалігоўскі абвясьціў, што войска пад ягоным камандаваньнем рушыць на Вільню, і патлумачыў ім сапраўдны характар акцыі. Толькі паасобныя афіцэры ўспрынялі акцыю непрыхільна і адмовіліся ўдзельнічаць, за што былі высланыя з дывізіі. Генэрал адзначаў: “Гэта былі нашае права і абавязак. Дажывем да адбудовы Вялікай Літвы. Ніхто нам гэтага ня забароніць”. Большасьць жаўнераў з радасьцю ўспрыняла вестку пра марш на Вільню, справядліва лічачы, што йдуць вызваляць сваю малую Айчыну.

Да Вільні было 50 км. Мар’ян Касьцялкоўскі разам з добраахвотніцкай дывізіяй ішоў праз Рудніцкую пушчу, Літоўска-беларуская дывізія — абапал чыгункі Ліда-Вільня. На першых кілямэтрах ніякага супраціву не было, толькі каля мястэчка Яшуны, пры пераправе церазь Мерачанку, адбылася дзьвюхгадзінная бойка зь літоўскім аддзелам. Літоўска-беларуская дывізія страціла некалькі чалавек забітымі і параненымі. Дарога на Вільню была адчыненая. Літоўскія жаўнеры былі ў шоку: палонных жаўнераў паводле загаду генэрала адпускалі, размаўляць з парлямэнтэрамі Жалігоўскі адмаўляўся, матывуючы гэта тым, што адбываецца ніякая не вайсковая акцыя, а вяртаньне жаўнераў дахаты. “Інстынкт стагодзьдзяў супольнага жыцьця працівіўся праліцьцю суседзкай крыві”.

А восьмай раніцы 9 кастрычніка на подступах да Вільні разгарэліся першыя сутычкі. 4-ы батальён пяхоты і 9-ы летувіскі полк хутка былі разгромленыя. Віленчукі, аб’яднаныя ў патрыятычныя суполкі, знутры гораду аказвалі супраціў літоўскім войскам (камандаваньне якіх прыняло рашэньне аб эвакуацыі), абстрэльвалі іх пры адыходзе. Да другой гадзіны дня летувіскія аддзелы пакінулі Крывіцкую Мэкку. Першымі ў Вільню з боку прадмесьця Коміны ўвайшлі Менскі полк пяхоты і эскадрон конных стралкоў. Віленчукі іх радасна віталі.

Прадстаўнікі Лігі Нацыяў імкнуліся неяк паўплываць на ход падзей. Але Люцыян Жалігоўскі быў няўмольны: насельніцтва Віленскага краю мусіць само вырашыць свой лёс.

12 кастрычніка была выдадзеная адозва да жыхароў Віленшчыны і два ўстаўныя дэкрэты. Першы абвяшчаў, што паўстае новая дзяржава пад назвай Сярэдняя Літва са сталіцай у Вільні, з тэрыторыяй 15 тыс. кв.км і насельніцтвам, крыху большым за 1,5 мільёна чалавек. Гербам новай дзяржавы станавіўся шчыт з Арлом і Пагоняй.

Дэкрэт нумар два склікаў Часовую ўрадавую камісію, але фактычна ўся ўлада сканцэнтравалася ў штабе Жалігоўскага. У склад Часовай Урадавай камісіі ўвайшлі браты Іваноўскія (Юры Іваноўскі ўзначаліў дэпартамэнт замежных справаў, Вацлаў Іваноўскі — дэпартамэнт лясной і сельскай гаспадаркі, а пазьней дэпартамэнт прамысловасьці, Станіслаў Іваноўскі кіраваў аддзелам вайсковай мабілізацыі пры дэпартамэнце ўнутраных справаў). Дэпартамэнт асьветы ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч, які пазьней прыгадваў: “У 1920–1921 навучальным годзе я здолеў адчыніць больш за 200 беларускіх пачатковых школаў, прычым 7 у самой Вільні; беларускую настаўніцкую сэмінарыю ў Барунах (дзякуючы энэргіі Рак-Міхайлоўскага); правесьці кароткатэрміновыя курсы для настаўнікаў у Вільні (да 300 чалавек); утрымоўваць віленскую беларускую гімназію, выдаць шэраг школьных падручнікаў. …Было заснавана ТБШ. Адначасова, у пэўнай ступені дзякуючы садзеяньню Іваноўскага, разгарнулася даволі шырока каапэратыўная сетка, у якой беларусы на Віленшчыне мелі пераважнае значэньне як на месцах, так і ў галоўнай управе ў Вільні, дзе працавалі: Эдуард Будзька, Смоліч, Краскоўскі, Душэўскі, Трэпка, Дубіцкая, Крук. Браты Канчэўскія і Мятла працавалі інструктарамі”. Гэткая беларуская актыўнасьць была раней нечуваная.

У дзень абвяшчэньня Сярэдняй Літвы, 12 кастрычніка, на перамовах у Рызе пры падпісаньні прэлімінарных дамоваў польская дэлегацыя адмовілася ад прэтэнзіяў на Меншчыну. Празь некалькі тыдняў войскі Сярэдняй Літвы пад камандаваньнем Мечыслава Буткевіча пацярпелі паразу пры паходзе на Коўна. На баку летувісаў змагаліся як нямецкія валанцёры, так і беларускія жаўнеры.

Сярэдняя Літва засталася ў тых самых межах, у якіх была абвешчана. Польскі ўрад афіцыйна дыстанцыяваўся ад Люцыяна Жалігоўскага, але аказваў яму ўсялякую падтрымку. Ліга Нацый прыняла рашэньне правесьці плебісцыт, каб насельніцтва само вырашыла свой лёс. Афіцыйнае Коўна выступіла катэгарычна супраць народнага волевыяўленьня, Літву падтрымала Савецкая Расея. Люцыян Жалігоўскі, карыстаючыся ўладнымі паўнамоцтвамі, прыняў рашэньне пра правядзеньне выбараў у Часовы Сойм Сярэдняй Літвы. Літоўцы і габрэі адмовіліся ад удзелу ў выбарах. Іх падтрымалі і беларускія палітыкі, незадаволеныя ўсё большым засільлем палякаў і сэпаратнаю дамоваю ў Рызе. Яны заклікалі беларусаў байкатаваць выбары. Польскае насельніцтва паводле афіцыйных зьвестак складала ў Віленскім краі 44%, беларусы — 40%, летувісы — 5%, габрэі — каля 10%. У Віленскі Сойм была абраная абсалютная большасьць польскіх дэпутатаў, і 24 лютага 1922 г. яны пастанавілі аб далучэньні Сярэдняй Літвы да Польшчы. Дзяржава, у якой беларускі рух дасягнуў вялікага размаху, праіснавала менш за 17 месяцаў.

Жалігоўскі і ягоныя паплечнікі называлі літоўцаў выключна “жмудзінамі”, проціпастаўляючы іх ліцьвінам і гістарычнай Літве, і тым самым падкрэсьліваючы, што існуе Ковенская Літва і Менская (Усходняя) Літва. Люцыян Жалігоўскі лічыў сябе ліцьвінам і ў 1943 г., удалечыні ад Радзімы, у шатляндзкім Эдынбургу, пісаў: “Мы ўсе апэравалі даўнімі катэгорыямі. Пад словам ліцьвін мы разумелі паняцьце Літвы гістарычнай, Літву вялікіх мэтаў, вялікіх людзей, вялікай ідэі. Мы шанавалі нашыя традыцыі, нават попел Зьніча пад Катэдрай. Нічога з прышласьці не пакінула сьледу, новаяўлены “літвін” аказаўся ворагам… і чакаў прыезду на трон літоўскі — Гагенцолерна, пад імем — о іронія — Міндоўга ІІ. Найбольш перажываў за гэта Маршалак. Чакаў, верыў у людзкое разуменьне і розум. Толькі люднасьць мясцовая адкідала ўсё, што звалася літоўскім. Ніхто не хацеў чуць пра навуку жмудзкай мовы, ніхто не прызнаваў “літоўскага” чыноўніка, і любая кабета не хацела ісьці ў касьцёл, дзе служыў “літоўскі” ксёндз. Чаму мы, адвечныя насельнікі Літвы, мусілі ўнікаць той дарагой для нас назвы, а іншыя людзі, што ня маюць зь Літвой нічога супольнага, — называць сябе ліцьвінамі?”

Генэрал быў патрыётам і рамантыкам. Ягоны паход на Вільню меў, аднак, наступствам шматгадовую варожасьць паміж суседзямі, крыж на якой паставяць толькі Бразаўскас, Валэнса, Адамкус і Квасьнеўскі – амаль праз 80 гадоў. Цяпер пад Сувалкамі трэніруецца супольны польска-літоўскі батальён, у якім імя Жалігоўскага ўспамінаць не дазваляецца.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0