Паштовая скрынка

 

У.М.-Г. зь Менску. Абы не сядзелі склаўшы рукі. У банданах, без банданаў…

 

Міколу К. зь Віцебску. Ваш “Тутэйшы дыялёг” не пасуе для газэты. Прапануйце яго нейкаму часопісу — “Arche”, “Калосьсю” або “Фрагмэнтам” — ці распаўсюджвайце самадрукам, як свайго часу разыходзіліся дысыдэнцкія “Гутарка старога дзеда”, “Ліст Мацея Бурачка” і г.д.

 

Максіму І. зь Менску. Гэта яшчэ не газэтны артыкул. Практыкуйцеся. Толькі гады і практыка здольныя надаць ладу думкам.

 

Юр’ю Ч. зь Пінску. Рубрыкі “Эпікон” пакуль не вымалёўваецца. Прозы будзе шмат, і добрай. Перакладаў вельмі багата друкуе часопіс “Arche”, раім Вам яго. У красным пісьменстве загадам зьверху цяжка нечага дабіцца: вось існуе ў нас шэсьць дзяржаўных літаратурных часопісаў і адна газэта, і што? Важная ня колькасьць, а якасьць. І аддай мы яшчэ адну паласу пад старонку празаічнага радка, аўтаркія беларускае літаратуры не засталася б у мінулым. Дзеля пераадоленьня яе важней прывучыць літаратараў і грамадзтва ставіць нацыянальныя інтарэсы перад уласнымі.

 

Аляксандру Ф. зь Менску. Тэма князя Вітаўта і запрошаных ім габрэяў цікавая. Але, чытаючы Ваш артыкул, не адчуваеш ані духу таго часу, ані духу тых першых габрэяў. Новых гістарычных зьвестак Вы таксама не даяце.

 

Вольфу Р. зь Менску. Прыватны выпадак з Вашага жыцьця не разьвіўся ў гісторыю, зразумелую іншым чытачам. Хіба што з-за браку маляўнічых дэталяў і мясцовага калярыту.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0