Мечыслаў Грыб:

“Мы ня верым Цэнтравыбаркаму”

Мечыслаў Грыб, старшыня Каардынацыйнае рады для назіраньня за выбарамі, так ацаніў папярэднія вынікі галасаваньня:

— Фальсыфікацыі значныя. Прыкладам, а 21 гадзіне абвесьцілі, што прагаласавала 52%, а ўжо праз гадзіну сталі папраўляцца, што ўсё ня так.

Мы ня верым вынікам, прапанаваным Цэнтравыбаркамам. Ува ўсе вобласьці паступілі загады мясцовым камісіям не называць лічбы выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова. Урны зносіліся й хаваліся без назіральнікаў. Сябра Каардынацыйнае рады Генадзь Быкаў за руку схапіў старшыню 574-е ўчастковае камісіі, што ў Сьцяпянцы, які ў нецьвярозым стане ўкідваў у урну бюлетэні — улада робіць сваю чорную справу. У нас ужо на мэтар ад падлогі сабралося матэрыялаў пра парушэньні ў часе галасаваньня. На 407-м Старавіленскім участку сталіцы, дзе галасаваў Лукашэнка, ураньні прагаласавала 39% выбарцаў — усё галасамі сагнаных студэнтаў. На тонкасуконным камбінаце ў Горадні людзей на 2-3 гадзіны вызвалілі ад працы і адправілі на ўчасткі. На Жлобіншчыне перанесьлі паляўнічы сэзон, збаяўшыся, што 540 паляўнічых ня прыйдуць на выбары.

Афіцыйна могуць быць названы ўсялякія лічбы, што не адпавядацьмуць рэчаіснасьці. За пару дзён мы зьбяром усю інфармацыю й паведамім аб праўдзівых выніках.

Гутарыў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0