Гао Сіндзянь

Гара душы
урывак з раману

 

Частка першая

Стары аўтобус-драндулет. Патросшыся ў ім па разьбітай дарозе гадзін дванаццаць, вы прыяжджаеце ў гэтае правінцыйнае мястэчка на поўдні краіны.

На аўтобуснай станцыі, заваленай абгорткамі ад ледзянцоў ды абгрызкамі цукровага трысьнягу, вы стаеце са сваім заплечнікам і валізай ды азіраецеся ўкола.

Людзі вылазяць з аўтобусу, ідуць міма. Мужчыны, скурчаныя пад цяжарам мяхоў, жанчыны зь дзецьмі. Поўна моладзі, вольнай ад мяхоў ды кашоў. Яны выцягваюць з кішэняў семкі, час ад часу закідаюць па адной у рот ды выплёўваюць лушпайкі. Зярняткі праглынаюцца з гучным шчоўкам ды вялікім спрытам. Нясьпешнасьць ды бестурботнасьць неадлучныя ад гэтага месца. Яны тутэйшыя, жыцьцё зрабіла іх такімі, яны жывуць тут праз многія пакаленьні і вам ня варта шукаць іх у якім-кольвечы іншым месцы. Першыя асобы, што зьніклі адсюль у тыя часы, калі яшчэ не існавала аўтобуснае станцыі ды ці ўвогуле існавалі якія аўтобусы, зьяжджалі чаўнамі з чорным полагам, пазычанымі калёсамі ці йшлі пехатою, калі ня мелі грошай. Цяпер, пакуль стае яшчэ моцы вандраваць, яны ўсё вяртаюцца і вяртаюцца дахаты, на ўласных аўто ці вялікімі аўтобусамі з кандыцыянэрамі. Багатыя, знакамітыя (альбо ні тое, ні другое), яны сьпяшаюцца назад, бо да іх набліжаецца старасьць. Каму ж ня мілая, урэшце, радзіма продкаў? Зразумела, ім не карціць тут застацца, але зьяжджаюць яны, адпачыўшы душою, іхная гучная гамана ды сьмех ліюцца замілаваньнем ды любоўю да гэтага месца. Калі тут спатыкаюцца сябры, яны не ківаюць галавою адзін адному, не паціскаюць рукі, як гэта заведзена ў месьцічаў: яны выкрыкваюць імя знаёмца і пляскаюць яго па сьпіне. Мужчыны могуць яшчэ і абняцца. Вось ля зацэмэнтаванае яміны, прызначнай для памыўкі аўтобусаў, трымаючыся за рукі, размаўляюць дзьве жанчыны. Мілагучныя галасы жанчын прымушаюць вас прыглядзецца да іх уважлівей. На галаве той, што стаіць сьпінаю да вас, – хустка колеру індыга, якую тут носяць, адмыслова завязваючы, на працягу многіх стагодзьдзяў, хоць зараз яе мала ў каго ўбачыш. Неспадзявана для самога сябе вы накіроўваецеся да гэтых жанчын. Кончыкі завязанай пад падбародзьдзем хусткі тырчаць угору. У яе гожы твар з далікатнымі абрысамі, такімі ж далікатнымі, як і ейная зграбная постаць. Вы набліжаецеся да іх бліжэй. Увесь гэты час яны трымаюцца за рукі, чырвоныя мазолістыя рукі з навярэджанымі пальцамі. Яны, мабыць, толькі нядаўна павыходзілі замуж і прыехалі адведаць сваякоў, сяброў ці, можа, бацькоў. Тут слова “сіфу” значыць “нявестка”: ужываючы яго, як вясковы люд з Поўначы, у дачыненьні да любое замужняе жанчыны, вы рызыкуеце адразу пачуць у адказ несамавітую лаянку. Зь іншага боку, замужнія жанчыны завуць сваіх мужоў “лаогун”: “твой лаогун” ці “мой лаогун”. Тутэйшыя інтанацыі не падобныя ні да якіх іншых, нягледзячы нават на тое, што носьбіты іхныя – нашчадкі тых самых легендарных імпэратараў ды належаць да тае самае культуры й расы.

Вы ня можаце патлумачыць самому сабе, што вас сюды прывяло. Сталася так, што вы ехалі ў цягніку, а нейкі чалавек спамянуў мясцовасьць, што завецца Ліншань. Ён сядзеў насупраць, і ваш кубак стаяў побач зь ягоным. Калі цягнік торгнуўся зь месца, накрыўкі на кубках пачалі трымцець адна аб адную. Нічога не адбылося б, калі б накрыўкі стукалі і далей, альбо пастукалі б ды суцішыліся. Аднак, як толькі вы ці ён хацелі рассунуць кубкі, трымценьне перапынялася, а калі вы ўдвох адварочвалі позірк, посуд пачынаў грымкаць ізноў. Вы абодва працягнулі рукі, але трымценьне зноў сьціхла. Вы разам адразу засьмяяліся, адсунулі кубкі ўбок і пачалі размову. Вы спыталіся, куды ён едзе.

“Ліншань”.

“Як?”

“Ліншань, “лін” як “дух” альбо “душа”, а “шань” – “гара”.

Вы шмат дзе былі, багата гор аблазілі, але пра гэтае месца ніколі ня чулі.

Ваш сусед насупраць заплюшчыў вочы і прыснуў. Як любы іншы ў падобнай сытуацыі, вы ня здольны пераадолець цікаўнасьці, вам хочацца даведацца, што ж гэта за месца, якое вы абмінулі ў сваіх падарожжах. Да таго ж вы маеце звычку ўсё даводзіць да ладу, і вам млосна ад тае думкі, што існуе нейкае месца, аб якім вы нат ня чулі. Вы пытаецеся ў суседа, дзе ж знаходзіцца Ліншань.

“Ля вытокаў ракі Ю”, – кажа ён, расплюшчваючы вочы.

Вы ніколі ня чулі і пра гэтую раку, але далей пытацца нейк няёмка. Вы ківаеце галавою, нібы кажучы “Ага, зразумела” або “А, я ведаю, дзе гэта”. Гэта замацоўвае вашую маральную перавагу, але не паслабляе вашае цікаўнасьці. Праз пэўны час вы пытаецеся, як туды трапіць і як праехаць у горы.

“Трэба даехаць цягніком да Вуічжэня, а пасьля параплавам уверх па рацэ Ю”. “Што там можна пабачыць? Прыгожыя краявіды? Бажніцы? Гістарычныя мясьціны?”, – пытаецеся вы, удаючы абыякавую цікаўнасьць.

“Гэта месцы, не кранутыя цывілізацыяй”.

“Пушчы?”

“Яны таксама, але ня толькі”.

“Можа, сьнежныя людзі?” – кажаце вы жартам.

Ён заліваецца сьмехам, але безь якогась сарказму, і не падобна, каб ваш сусед сьмяяўся з самога сябе. Гэта інтрыгуе вас яшчэ болей. Вам неабходна пазнаёміцца зь ім бліжэй.

“Вы эколяг? Біёляг? Антраполяг? Археоляг?”

Ён пры кожным пытаньні адмоўна круціць галавою і пасьля кажа: “Мяне больш цікавяць жывыя людзі”.

“Дык вы займаецеся дасьледаваньнем народных звычаяў? Вы сацыёляг? Этнограф? Этноляг? Магчыма, журналіст? Вандроўнік?”

“Я аматар ува ўсім гэтым”.

Вы разам пачынаеце сьмяяцца.

“Я дасьведчаны аматар ува ўсім гэтым!”

Сьмех уздымае вам абодвум настрой. Ён закурвае і, не спыняючыся, пачынае распавядаць вам пра дзівосы Ліншаня. Калі пачак з-пад цыгарэт пусьцее, ён на вашую просьбу разьдзірае яго і малюе плян уздыму на Ліншань.

На поўначы ўжо позьняя восень. Між тым тут летняя гарачынь яшчэ ня цалкам сышла. Сьпёка на сонцы трывае да самага захаду, і пот пачынае цекчы па вашай сьпіне. Вы выходзіце са станцыі, каб агледзецца. Наўкола – нічога, акрамя гатэліку на другім баку вуліцы. Гэта старамодны будынак з драўлянай галерэяй і сходамі. Унутры вельмі непрыемна скрыпіць намост, але сапраўды гідка робіцца ад бруднай падушкі ды спальнай цыноўкі. Каб памыцца, трэба дачакацца, пакуль сьцямнее, распрануцца ды пааблівацца вадою ў поўным вільгаці вузкім нутраным дворыку. Гэта месца начлегу дробных гандляроў ды рамесьнікаў зь вёскі.

Прыцемкі. На вуліцы вельмі хораша, і, памыўшыся, хочацца выйсьці куды-небудзь на шпацыр. Вы бераце свой заплечнік і рушыце долу, каб пабадзяцца па мястэчку, спадзеючыся ўбачыць якісь указальнік, шыльду, плякат альбо самую назву “Ліншань”, каб упэўніцца, што вы кіруецеся туды, куды трэба, што з вас не пажартавалі, заахвоціўшы да такое доўгае экскурсіі. Вы аглядаеце ўсё, што можна, – дарэмна. Сярод пасажыраў аўтобусу вы былі адзіным турыстам. Ясна, што вы не турыст як такі, турысцкім можна назваць ваш рыштунак: надзейныя красоўкі ды заплечнік зь лямкамі – тут вы не заўважылі ніводнага чалавека, падобнага да сябе. Безумоўна, гэта ня тое месца, дзе бавяць мядовы месяц ці куды прыяжджаюць адпачываць па пэнсіі. Такія месцы звычайна перамяняюцца дзякуючы самому турызму: усюды стаяць прыпаркаваныя аўтобусы ды прадаюцца турыстычныя мапы. Турыстычныя капелюшы, турыстычныя сарочкі, турыстычныя камізэлькі ды турыстычныя хустачкі з назваю мясцовасьці можна прыдбаць у кожнай краме ці шапіку, назва мясцовасьці фігуруе на шыльдах кшталту “толькі за замежную валюту” на гатэлях для іншаземцаў, “толькі на аснове рэкамэндацыяў” на інтэрнатах ды санаторыях і, бясспрэчна, у назвах маленькіх прыватных гатэляў, што змагаюцца за кожнага кліента. Вы прыехалі не дзеля таго, каб адпачыць на адным з такіх сонечных узгор’яў, куды людзі прыяжджаюць ня толькі па ўражаньні, а й для таго, каб папіхацца ў натоўпе сабе падобных ды падбавіць у агульны сьметнік вулiцы абсмоктышаў дыні ці чаго яшчэ з садавіны, пляшак, бляшанак, пачкаў, абгортак ад лусьцікаў ды недакуркаў. Раней ці пазьней гэтае месца таксама станецца турыстычнаю Мэккай, але вы пасьпелі сюды трапіць да таго, як тут панабудуюць шыкоўных павільёнаў ды тэрасаў, зьявяцца рэпартэры з камэрамі, будуць прымацаваныя мэмарыяльныя дошкі з росчыркамі розных выбітных асобаў. Вы пачуваеце сябе задаволеным, але ня можаце пазбавіцца і пэўнага пачуцьця трывогі. Тут турыстаў і сьледу няма, можа вы заблудзілі? Ваш арыенцір – гэта плян на пачку з-пад цыгарэт у кішэні вашае кашулі. А што, калі стрэты вамі ў цягніку дасьведчаны аматар толькі чуў пра гэтае месца падчас сваіх падарожжаў? Ці можна быць пэўным, што сусед па купэ гэтага ўсяго не прыдумаў? Вам ніколі не сустракалася гэтая назва сярод турыстычнай інфармацыі, яе няма на старонках найноўшых падарожных даведнікаў. Несумненна, на правінцыйных мапах лёгка адшукаць мясцовасьці кшталту Лінтай, Лінцзю, Лін’янь ці нават Ліншань, і вам добра вядома, што Ліншань згадваецца ў такіх старажытных кнігах, як “Трактат пра Горы і Моры” ды геаграфічным даведніку “Попіс воднай прасторы”. Менавіта ў Ліншані Буда блаславiў сьвятога Махакаш’япу. Ты ж не даўбень, паднапруж мазгі, спачатку знайдзі той Вуічжэнь на цыгарэтным пачку, гэта дапаможа табе дабрацца да Ліншаню.

Вы вяртаецеся на аўтобусную станцыю і ідзяце ў залю чаканьня. Самае вірлівае месца ў мястэчку цяпер выглядае зусім спакойна. Білетная ды багажная касы застаўлены дошкамі знутры, таму клікаць-стукаць ня мае сэнсу. Няма нават каго запытаць, адзінае, што застаецца, – праглядзець сьпісы прыпынкаў над білетнаю касай: вёска Чжан, Пясчаная Даліна, Цэмэнтавы Завод, Стары Будан, Залаты Конь, Воды Прылівы, Цмокава Затока, Лог Кветкі Пэрсыка... што ні назва, то прыгажэйшая, але патрэбнага вам месца сярод іх няма. Гэта зусім маленькае мястэчка, але празь яго праходзяць некалькі важных транспартных шляхоў, сюдою штодзень пяць ці шэсьць аўтобусаў ідуць да Цэмэнтавага Заводу, але гэта, відавочна, зусім не турыстычны маршрут. Менш аўтобусаў, адзін на дзень, дакладна едуць да нейкага далёкага паселішча. Вынікае, што Вуічжэнь там — канцовы прыпынак. У гэтай назьве няма нічога асаблівага, яна як тысячы іншых, нічога прынаднага. Але Вы, бадай, урэшце ўбачылі сьвятло ў канцы безнадзейнага тунэлю, нагоды для вялiкае радасьцi няма, але пэўную палёгку вы адчуваеце. Вы мусіце ўраньні прыдбаць білет за гадзіну да адпраўкі, і ўласны досьвед вам падказвае, што пасадка ў гэты горскі аўтобус, што ходзіць раз на дзень, можа ператварыцца ў сапраўдную бойку. Не зважаючы на гэта, вы пачуваецеся гатовым да баталіі, галоўнае — заняць чаргу як мага раней.

Аднак зараз у вас поўна часу, хоць яшчэ трэба ўпарадкаваць заплечнік – у ім поўны вэрхал. Вы нясьпешна ідзяце па дарозе пад прыгнятальнае бібіканьне лесавозаў. У мястэчку гармідар яшчэ большы: грузавікі ды фуры разьдзіраюць кляксонамі паветра, кіроўцы высоўваюцца з кабінаў ды гучна ляпаюць па бакох аўтобусаў, зганяючы мінакоў з дарогі.

Старасьвецкiя дамы з драўлянымі галерэямi абапал вуліцы. Дольная частка прызначаная для вядзеньня бізнэсу, наверсе ж вiсяць пялюшкi, споднi, прасьцiны колераў усiх краёў сьвету – усё гэта лунае ў паветры, набiраючыся вулiчнага пылу. Бэтонныя тэлеграфныя слупы спрэс залепленыя рознага кшталту аб’явамі. Вашу ўвагу прыцягвае аб’ява, прысьвечаная пазбаўленьню ад непрыемнага цельнага паху. Зусім не таму, што вашае цела непрыемна пахне: вас прыцягвае арыгінальнасьць мовы і словы ў дужках пасьля “цельнага паху”.

“Цельны пах (вядомы таксама як парфума бессьмяротных) – гэта непрыемная зьява, якая суправаджаецца жахлівым, агідным смуродам. Гэткі пах часьцяком замiнае стасаваньню з навакольным сьветам і можа стацца бар’ерам у галоўнай справе жыцьця – шлюбе. Ён галоўны вораг маладых людзей на сумоўях пры прыёме на працу ці наборы ў войска, наступствам чаму – большыя пакуты ды згрызоты. Дзякуючы абсалютна новаму зельлю мы можам імгненна пазбавіць ад гэтага паху. Пасьпяховасьць лячэньня назіраецца ў 97,5% выпадкаў. Дзеля радасьцяў жыцьця ды будучага шчасьця, мы сардэчна вас запрашаем: пазбаўцеся непрыемнага паху...”

Пасьля гэтага вы ідзяце на каменны мост, куды не далятаюць цельныя пахi, адно дзьме спакойны сьвежы ветрык. Мост, што трымае ў абдымках шырокую раку, закатаны асфальтам, але точаныя малпы на пашарпаных каменных слупох сьведчаць пра яго даўні век. Вы нахіляецеся над бэтоннымi парэнчамі і пачынаеце назіраць за жыцьцём прымаставых кварталаў. На абодвух берагох – безьліч падобных да рыбнае лускі чорных дахаў. Краявід даліны адчыняецца дзьвюма гарамі, высакагорныя залацістыя пасевы рысу аздоблены будынкамі кляштараў ды зарасьнікамі бамбуку. Чыстая блакітная рака, што паволі струменіцца ўздоўж пясчаных берагоў, робіцца цёмназялёнаю, ледзь ня чорнаю ў тым месцы, дзе цячэньне перагароджваецца гранітнымі слупамi. Адразу за гарбом моста бурлівая вада гучна абрынаецца долу, віруе і пакрывае паверхню белай пенай. На высокай, дзесяцімэтровай, каменнай дамбе плямамі адзначаная гісторыя ракі: новая шэра-жоўтая лінія – гэта, відавочна, адбітак нядаўняй летняй паводкі. Можа гэта і ёсьць рака Ю? Можа ёю і трэба плыць да Ліншаню?

Сонца ўжо амаль схавалася. Яркi памаранчавы дыск яшчэ поўніцца сьвятлом, але ўжо ня мае дзённага бляску. Вы ўперваецеся вачыма ў далёкія, няясныя абрысы вострых вяршыняў гор, якія з абодвух бакоў абшчапляюць даліну. Гэты пагрозьліва чорны краявід зьмякчаюць нізейшыя хрыбты, залітыя сонцам, – зьяўляецца ўражаньне, што сонца круцiцца. Яно робіцца цёмначырвоным, пакорлівым, яго бліскучыя залатыя промні заліваюць луку цалкам: цёмнасінь ракі пад зьзяньнем сонца хвалюецца і пульсуе. Чырвонае кола сядае за даляглядам, і даліна робіцца бестурботнай, да жудасьці прыгожай, яна пачынае гучаць. Вы чуеце гукі, амаль непрыкметныя, але яны выразна адбіваюцца ў глыбіні сэрца і праменяць вонкі датуль, пакуль сонца не кранецца іх сваімі пальчыкамі, затрымліваюцца, каб патануць у чорных ценях гор, рассыпаючыся бліскучымі зоркамі па небе. Вечаровы вецер шуміць увушшы, а машыны абмінаюць вас, як заўжды ачмурэла сыгналячы. Вы праходзіце мост і бачыце камень з выбітым ды падфарбаваным у чырвонае надпісам: “Мост Юннін. Пабудаваны на трэці год цараваньня Каюаня, дынастыя Сун, і адрамантаваны ў 1962 г. Гэты камень быў закладзены ў 1983 г.”. Гэта, без сумневу, першы камень у падмурку тутэйшай індустрыі турызму.

Пры канцы мосту стаяць два харчовыя кіёскі. У першым, тым, што налева, вы зьядаеце міску бобу, удалага і смачнага, з усімі патрэбнымі складнікамі. Раней гэтую страву на вулках ды завулках прадавалі разносчыкi; некалькі гадоў таму такую практыку цалкам перапынілі, але вось яна ізноў аднавілася ў выглядзе сямейных прадпрыемстваў. У кіёску направа вы папрасілі два смачныя бліны з кунжутам, яны апякалі пальцы, бо толькі во былі зь печкі. Пасьля ў адным з кіёскаў вы ўзялі місачку салодкіх клёцак “юньсяо”, што варыліся ў рысавым віне: памерам яны зь вялікую пярліну. Вы не прэтэндуеце на тытул вялікага знаўцы кулінарыі, такога, як спадар Ма Другі, што вандраваў па ўзьбярэжжы Заходняга возера, але ў вас ваўчыны апэтыт. Вы смакуеце купленае і прыслухоўваецеся да гутаркі пакупнікоў з гаспадарамі кіёскаў. Яны збольшага ўсе тутэйшыя і ведаюць адзін аднога. Дзеля ветлівасьці вы спрабуеце гаварыць зь мясцовым мяккім акцэнтам, вы хочаце выглядаць сваім. Вось ужо доўгі час вы жывяце ў вялікім месьце і таму маеце патрэбу знайсьці сваё ўтульнае мястэчка-радзіму. Вам хочацца мець сваё мястэчка, дзе можна было б узнавіць у памяці згадкі з даўно забытага дзяцінства.

На гэтым беразе ракі вы выпадкова трапляеце на маленькі гатэль пры старой брукаванай вуліцы. Драўляная мытая падлога выглядае даволі прыстойна. Вы здымаеце сабе пакой на аднаго чалавека са зьбітым з дошак ложкам і бамбукавай цыноўкай. Падазроная шэрасьць баваўнянай прасьцiны прымушае Вас задумацца, ці гэта натуральны колер бялізны, ці проста яе ня пралі як мае быць. Вы адкідаеце ўбок зашмальцаваную падушку, што ляжала пад цыноўкай, і дзякуеце Богу за цёплае надвор’е, якое дазваляе спаць без пасьцелі. Што вам зараз трэба, дык гэта разгрузіць свае валізы, адмыцца ад пылу ды поту, распрануцца і расьцягнуцца на ложку. У суседнім пакоі лямант i гвалт. Там граюць у карты, вам чуваць, як яны раздаюць ды падкідаюць. Вас дзеліць дашчаная перагародка, і празь дзіркі ў паперы, якою абклееная сьценка, вы можаце разгледзець няясныя постаці напаўраспранутых мужчын. Вы ня гэтак стаміліся, каб магчы заснуць, не зважаючы ні на што. Стукаеце ў сьценку, але ў адказ чуеце толькі шчэ гучнейшыя крыкі. Яны крычаць не на вас, але спрачаюцца паміж сабою: заўжды нехта перамагае, а нехта прайграе, і апошнія зазвычай спрабуюць нейк выкруціцца, каб пазьбегнуць пакараньня. Яны не хаваючыся граюць у карты ў гатэлі, нягледзячы на насьценны напамін ад Дзяржаўнае Бясьпекі, які забараняе гульню ў карты ды прастытуцыю: вы вырашаеце праверыць, ці мае закон хоць нейкую вагу. Нешта накінуўшы на сябе, вы ідзяце па калідоры ды стукаеце ў прачыненыя дзьверы. На ваш стук ніхто не зважае, крыкі-енкі не сьціхаюць. Тады вы штурхаеце дзьверы і ўваходзіце. Вочы чатырох чалавек, што сядзяць вакол ложка пасярод пакою, скіраваліся на вас. Але вы гэта вы, а ня той, каго можна баяцца. У кожнага з мужчынаў на твары прыклееныя кавалачкі паперы: на ілбе, вуснах, носе ды шчоках, глядзець на іх брыдкавата і сьмешна. Яны не сьмяюцца, але ў іхным поглядзе няма і разьюшанасьці. Яны раздражнёныя, што вы перарвалі іхную гульню.

“А, вы гуляеце ў карты!” – кажаце Вы, нібы просячы прабачэньня.

Яны працягваюць гульню. У іх доўгія карты з чорнымі ды чырвонымі малюнкамі, як у мачжуне, вось гэта Нябесная Брама і Пякельная Вязьніца.

Пераможца карае таго, хто прайграў, адрываючы шматок газэты і лепячы на якую-небудзь частку цела небаракі. Ці гэта звычайнае баўленьне часу, мэта якога – зьняць напружаньне, ці спосаб падліку пройгрышаў, вядома толькі самім гульцам, чалавеку збоку пра тое ніколі не даведацца.

Вы вырашаеце саступіць, вяртаецеся да сябе ў пакой, кладзяцеся ў ложак і бачыце вялізнае чорнае месіва, што таўчэцца ў паветры вакол лямпачкі. Мільёны маскітаў прагнуць сьвятла, каб памерці, але кожны зь іх можа зьляцець долу, каб пасмактаць вашае крыві. Вы борзьдзенька апускаеце маскітную сетку, апынуўшыся ў вузкай конусападобнай прасторы з бамбукавым вобадам уверсе. Вам даўно ўжо не даводзілася спаць пад такім вобадам, даўно ўжо не ляжалі вы, летуценна ўперыўшыся вачыма ў вобад. Сёньня вы ня ведаеце, якія небясьпекі чакаюць заўтра. Чаго вы яшчэ шукаеце? Ці ж мужчына сталага веку ня мусіць шукаць спакойнага жыцьця, стабiльнасьцi, працы, на якой можна было б ня дужа выкладацца, няўжо ня прагне ён стаць звычайным чалавекам, мужам ды бацькам, пабудаваць дом і ўкласьці грошы ў банк, падкідаючы на рахунак штомесяц, каб хапіла на старасьць ды трохі перапала нашчадкам?

Пераклаў Ан.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0