З усёй краіны

 

У Сойме БНФ

21 кастрычніка адбыўся чарговы Сойм БНФ “Адраджэньне” й партыі БНФ, на якім былі станоўча ацэненыя вынікі байкоту выбараў і дзейнасьць актывістаў у рэгіёнах. Цешыліся сябры Сойму і зладжанай працай Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў. 4 лістапада пройдзе Соймавая канфэрэнцыя, дзе будуць акрэсьленыя прымальныя для БНФ крытэры адбору кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі.

 

Чыгірыху засудзілі

У мінулую пятніцу да 2 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю на год была асуджаная жонка экс-прэм’ера Юлія Чыгір за тое, што, абараняючы сябе, нанесла траўму маёру міліцыі. Асуджаная заявіла, што абскардзіць прысуд у вышэйшай судовай інстанцыі, і абвінаваціла судзьдзяў у змове зь міліцыяй ды ўладамі.

 

Козак прыляцеў

Новы пасол ЗША ў Беларусі Майкл Козак 20 кастрычніка прыляцеў у Менск, адразу зрабіўшы заяву для прэсы, у якой падкрэсьліў сваю наважанасьць супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі краіны. Апошняе Козакава месца працы – місія ЗША пры пасольстве Швайцарыі на Кубе.

 

Лябедзька супраць Лукашэнкі

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў суд Фрунзэнскага раёну Менску з пазовам на Аляксандра Лукашэнку. Падстава – паказаны па БТ фрагмэнт выступу Лукашэнкі на выбарчым участку, дзе лідэр лібэралаў абвінавачваўся ў адпрацоўцы нібыта атрыманых ад Захаду 1500 даляраў. А.Лябедзька хоча ад А.Лукашэнкі доказаў.

 

Кааліцыя 12 лістапада

Моладзевыя арганізацыі аб’ядналіся ў кааліцыю дзеля правядзеньня сумеснай палітычнай кампаніі “Пераменаў!”. Першая з сэрыі акцыяў Кааліцыі мае прайсьці ў Менску 12 лістапада ў цэнтры гораду, са спэцэфэктамі й моцным гукам. У Кааліцыю ўвайшлі Малады Фронт, Маладая Грамада, Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў, Задзіночаньне Беларускіх студэнтаў, Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз ды іншыя арганізацыі. Стратэгічная мэта Кааліцыі – выклікаць у моладзі жаданьне да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Кааліцыя не выступае за нейкага адзінага кандыдата, яе галоўная задача – актывізаваць моладзь.

Б.Т.

 

Байкот ня байка

У Баранавічах выбары не адбыліся. У Заходняй акрузе, паводле афіцыйных зьвестак, прагаласаваў 41% выбаршчыкаў, ва Ўсходняй - 46,7%. Аднак гэта ня сьведчыць пра сумленнасьць “камісараў”: махлярства было не зьлічыць. На адным з участкаў пад 8-ую вечара ў скрыні, пад кантролем “назіральніцы” зь мясцовай вэртыкалі, былі закінуты бюлетэні, якія дазвалялі б рапартаваць пра выбарчы аншляг. Але падчас падліку галасоў выявілася, што 5 галасоў усё адно не стае!

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Да урнаў — сілком

У Горадні выбары вымучылі: да урнаў прыйшло 53% выбарцаў. Прадстаўнікі ж БНФ і БГК за рэальныя лічбы ўважаюць 40-45%. Рэшту галасоў выбівалі пры дапамозе міліцыі, якая езьдзіла па кватэрах з пагрозамі, ці пры ўціску начальства: апытаньне студэнтаў засьведчыла, што 80% зь іх загналі на ўчасткі проці волі. Усяго назіральнікі склалі 150 пратаколаў на парушэньні ў часе выбараў.

Андрэй Мялешка, Горадня

 

Грамада асуджае фальсыфікацыі

18 кастрычніка Выканаўчае Бюро БСДП-НГ прыняло рэзалюцыю, у якой ухваляецца досьвед, атрыманы тымі сябрамі партыі, што ўдзельнічалі ў “палатачных” выбарах. Самі ж выбары партыя характарызуе як “сфальшаваныя на самым высокім узроўні”.

Б.Т.

 

Музэй тэраталёгіі

У Горадні адкрыўся першы ў Беларусі музэй тэраталёгіі, у калекцыі якога – блізу 50 узораў прыроджаных ды набытых чалавечых анамаліяў. Чалавек-бульдог, сіямскія блізьнюкі-краніяпагі, дзіцё з двума тварамі, на задуму стваральнікаў, зьяўляюцца ілюстрацыяй шкоднасьці алькаголю, наркотыкаў ды таксычных рэчываў.

 

30 000 мабілаў

Толькі 0,3% беларусаў маюць сотавыя тэлефоны. На 93 звычайныя тэлефонныя апараты прыпадае 1 “сотавік”. Зараз у Беларусі налічваецца 2 мільёны 793 тысячы стацыянарных тэлефонных нумароў. Паводле колькасьці тэлефонаў на 100 жыхароў краіна наперадзе Літвы, Украіны і Расеі.

Паводле БелаПАН

 

Прафсаюзная акцыя пратэсту

У лістападзе адбудзецца акцыя пратэсту прафсаюзаў, якая пройдзе пад сацыяльнымі лёзунгамі. Гэтую ініцыятыву падтрымалі ўдзельнікі рабочай нарады Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў, што прайшла ў Менску. Спачатку плянуецца правядзеньне акцыі ў сталіцы, затым у 22 гарадох, дзе насельніцтва перавышае 50 000 чалавек, пасьля чаго — ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі.

 

У Варшаве ды Празе

15 кастрычніка ў Варшаве Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў разам зь Беларускай асацыяцыяй студэнтаў Польшчы правяло пікетаваньне беларускай амбасады ў падтрымку кампаніі “Байкот”, а беларуская грамадзкасьць Прагі таго самага дня зарганізавала “парадыйныя выбары”. Арганізатары пэрформансу заклікалі прысутных выбраць паміж “Лукашэнка — гут” і “Лукашэнка — капут”.

Паводле БАРЦ

 

Дапамога
“старэйшаму брату”

У СШ №5 Крычава вядзецца ледзь не прымусовы збор грашовых ахвяраваньняў у фонд падлодкі “Курск”. Дырэктар загадвае вучням здаваць грошы на патрэбы расейскага ВМФ. З гэткім жа посьпехам беларускія дзеці маглі б прафінансаваць адсутнасьць газу ў Пярмі ці купіць аўтаматы салдатам у Таджыкістане. Вось толькі хто падумае пра нас?

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

Сьмерць ад “кайфу”

9-гадовы хлопчык зь вёскі Ізабеліна Астравецкага раёну памёр ад таго, што задыхнуўся, калі насунуў сабе на галаву поліэтыленавы пакет з бэнзынам. Бацькі знайшлі яго паблізу дому, але было ўжо запозна. У душах людзей страх – няўжо наркаманія ды таксыкаманія з гарадоў перабіраюцца ў вёскі?

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Магілеўская юдаіка

У Магілеве прайшлі чытаньні, прысьвечаныя памяці Сямёна Дубнова, аўтара першай грунтоўнай гісторыі габрэйскага народу. Навуковец нарадзіўся ў Амсьціславе 140 год таму, а скончыў свой жыцьцёвы шлях у Рыскім гета.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Беларускае “месцараджэньне”

“Беларусі бліжэйшым часам будзе перададзена адно з нафтавых месцараджэньняў у Расеі, дзе будзе весьціся здабыча нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў”, — паведаміў БелаПАН. Маецца на ўвазе, што беларускія нафтавікі будуць самастойна эксплюатаваць радовішча нафты паводле дамоўленасьці між А.Лукашэнкам і расейскім віцэ-прэм’ерам В.Хрысьценкам.

Б.Т.

 

Скобла і Чарняўскі ў Магілёве

18 кастрычніка ў Магілеве адбылася прэзэнтацыя чарговае кнігі “Беларускага кнігазбору”, прысьвечанае творчасьці Ларысы Геніюш. На вечарыне выступіў складальнік зборніку Міхась Скобла, а таксама знаёмец паэткі Мікола Чарняўскі. Прыезд адбыўся дзякуючы асацыяцыі “Аматары Беларускага Кнігазбору”, якая дзейнічае ў Падняпроўі.

Андрусь Кавалёў, Магілёў

 

Ушанаваць дзядоў

У Курапацкім лесе ўжо стаяць пяць крыжоў

Пазаўчора ў Курапатах адбыўся першы суботнік па ўпарадкаваньні могільніка. Людзі ачысьцілі тэрыторыю мэмарыялу ад сьмецьця, прыбралі засьмечаныя й зарослыя хмызьняком магілы. Было выкапана больш за дваццаць ямін для памятных крыжоў, пяць зь якіх заўчора ўжо былі ўсталяваны. Каардынуе працу для стварэньня курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная, дачка расстралянага тутака паэта Тодара Кляшторнага.

На першы суботнік прыйшло ня гэтак і шмат людзей: сем чалавек ад Акадэміі Навук, восем – ад моладзі, прыходзілі людзі зь дзецьмі й нават старыя – кожны хацеў прычыніцца да ўшанаваньня палеглых у Курапатах нявінных ахвяр таталітарнага рэжыму. Прыходзілі сябры менскае Каталіцкае Грамады й прадстаўнікі Зьвязу Палякаў. Талакою паставілі пяць крыжоў, на гэтым тыдні будзе пастаўлена яшчэ некалькі. Да Дзядоў мае стаяць блізка дваццаці помнікаў. На наступны суботнік, пераканана Мая Кляшторная, прыйдзе болей людзей. Усе ахвочыя ўзяць удзел у наступным суботніку, што адбудзецца 28 кастрычніка, або ахвяраваць свой крыж, зьвязвайцеся з спн.Кляшторнай праз тэл. 226-69-34.

У нядзелю 29 кастрычніка адбудзецца традыцыйны паход да Курапатаў. Заяву на яго падалі П.Знавец, В.Вячорка і Г.Быкаў. Маршрут мае быць: Акадэмія Навук – пр.Скарыны – вул.Філімонава – вул.Кедышкі – вул.Сядых – вул.Карбышава – Лагойскі тракт – Курапаты. Збор удзельнікаў – а 11:30 на пляцоўцы перад Акадэміяй Навук. Удзельнікі паходу ў сьвяты дзень продкаў хочуць пранесьці праз увесь горад тры крыжы, каб, асьвяціўшы, паставіць іх у Курапатах.

Віктар Мухін

 

Спатканьне гісторыкаў

20—21 кастрычніка ў Беластоку адбылася канфэрэнцыя “Змаганьне за беларускую дзяржаўнасьць у ХХ ст.”, наладжаная Беларускім Гістарычным Таварыствам (прэз. др.Латышонак). Тэмы дакладаў ахаплялі ХХ ст. і закраналі такія аспэкты беларускай гісторыі, як ідэя “краёвасьці” на пачатку стагодзьдзя, лёсы БНР і БССР, праблемы беларусізацыі, разгром нацыянальнага руху, беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі, нацыянальнае жыцьцё падчас нямецкай акупацыі (1941-1944), таталітарная сыстэма, Беларусь на сучасным этапе і інш. Гісторыкі дзяліліся напрацоўкамі, паведамлялі раней невядомыя факты. Ігар Кузьняцоў агучыў лічбу рэпрэсаваных у Беларусі ў часе сталінскіх рэпрэсій: 950 тыс. Выказвалася і занепакоенасьць сёньняшнім днём Беларусі, паступовай стратай незалежнасьці. Афарызм Сьцяпана Бандэры “Шануйце, хлопцы, лес, ён вам яшчэ спатрэбіцца” прагучаў на навуковай канфэрэнцыі зусім ня сьмешна.

Сытуацыя з нацыянальнай самасьвядомасьцю беларусаў застаецца цьмяная. Адзін з выступоўцаў на поўным сур’ёзе прывёў зьвесткі дасьледаваньняў, згодна зь якімі толькі 48% апытаных жыхароў Беларусі лічаць беларусаў за самастойную нацыю, а 42% — уважаюць беларускі народ за складнік трохадзінага расейскага народу.

А.Г.

 

Рэпрэсіі супраць беларусаў

21 кастрычніка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць выбарчага фарсу ў Віцебску былі затрыманыя Сяргей Васенка, Сяргей Гродзь, Юры Мельнікаў, Уладзімер Патоцкі, Сяргей Шапіра, Андрэй Саўчанка, Сяргей Аксімовіч, Яніс Чучман, Марат Волкаў, Аляксей Аляксеенка.

За актыўны ўдзел у кампаніі «Байкот-2000» з Магілеўскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту была адлічаная актывістка Маладога Фронту Ганна Зюзіна. Дзяўчына вучылася на 4 курсе філфаку на дамоўной аснове. 10 кастрычніка яна была выкліканая да дэкана, які паведаміў ёй аб выключэньні, дадаўшы, што трэба займацца альбо палітыкай, альбо вучобай. На той момант у Ганны не было ані запазычанасьцяў, ані вымоваў. Студэнтка зьбіраецца падаваць скаргу ў суд.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0