Беларуская Ўскраіна

Менск — Столін — Верхні Церабяжоў — Дубровіца — Вялікія Азёры — Будзімле — Пераходзічы — Старое Сяло — Дразьдзінь — Бярозавае — Гліннае — Блажова — Ракітнае — Сарны — Давыд-Гарадок — Аздамічы — Менск

 

Мяжа Ўкраіны і Беларусі нагадвае мяжу Беларусі й Польшчы, толькі ў ролі Польшчы тутака выступае наша айчына. Уражвае колькасьць дарожных знакаў на ўзбочынах, наяўнасьць дарожнай разьметкі. Урэшце, у Беларусі машынаў на дарозе болей, чым ровараў і калёсаў. Іншы сьвет! Вяртаешся, і хочацца вяртацца.

У 1939 годзе паўднёва-ўсходнюю частку Столінскага павету перадалі Ўкраіне, поўнач засталася Беларусі. “Забярыце нас назад у Беларусь”, — просяць цяпер жыхары беларускіх вёсак Ракітнянскага раёну Ровеншчыны. “Мы былі ў Беларусі, а пасьля нас чагось аддалі Ўкраіне”, — журацца яны. “Калі ж Вас аддалі?” — “У 1939 годзе”, — кажуць адны. — “У 1960-х, у нас не спыталіся”, — кажуць другія. “Я ўжэ ня цямлю, як так выйшла”. Час загруз у багне, ён не лінейны, ён шаравы. У ім жывуць Лукашэнка і Брэжнеў, вырабнікі вясельных скрыняў з Давыд-Гарадка і польскія старызьнікі. Немцаў пагналі ці перад тым, ці пасьля таго, як дачка паехала жыць у Дагестан. А палігон быў створаны, калі “я шчэ дзеўчынай была”. Між тым палігон на поўдні беларускае Століншчыны, што цяпер аддзяляе сваёй зяпай беларусаў паўднёвае Століншчыны ад агульнабеларускага масыву, паўстаў у 1962 годзе. Каб вызваліць палігон для падрыхтоўкі савецкай авіяцыі і артылерыі, былі выселеныя суздром жыхары Мярлінскіх Хутароў (адкуль род Вінцука Вячоркі), Храпуня, Вэлья, Колкаў і яшчэ дзясятка селішчаў. Жыхароў адсялілі, добрыя хаты разьбіралі й перавозілі, лядачыя – расьцягвалі. Могілкі засталіся. Па іх б’юць ракетамі і бомбамі. “Як едзеш до Храпуня, е могілкі. Дзеці пыталіса, можэ там дзе золото лежыц? Тамэка хрэсты каменны вывернуты і чэрэпы”. Уласна, у пошуках перасяленцаў з столінскага палігону мы й завіталі ў гэты Богам, Менскам і Кучмам забыты край.

 

Забярыце нас у Беларусь

Паводле зьвестак перапісу 1989 году, амаль 60% жыхароў Ракітнянскага раёну Ровенскай вобласьці Ўкраіны былі запісаныя беларусамі. Менскі знавец Палесься Хведар Клімчук меркаваў, што менавіта перасяленцы з палігону і склалі беларускае насельніцтва Ракітняншчыны. Якія ж мы былі ўражаныя, калі кожны стрэчны даказваў нам, што яны тутака беларусы, і дзяды іхныя былі беларусамі, і Лукашэнку яны пісалі, каб ён забраў назад у Беларусь, і той адказаў, што забяру, калі Кучма аддасьць, а Кучма не аддае. І Беларускае тэлебачаньне яны глядзяць, “бо яно ж на нашай роднай мове гаворыць, мы ў ім усё разумеем”. А пра фатографа Дзяніса Раманюка яны сказалі, што ён вельмі падобны да таго, што вядзе “Запрашаем на вячоркі”. Ці ня ён прыехаў?

Край дзікі і містычны. Ніякай экзотыкі, адно глуш. Выдмы, вербалоз, чарот, дрыгва. На грудках – чэзлыя хвойкі. Дзе-нідзе – лясок. За ім зноў мэліярацыйны раўчак і кустоўе. Гадзючнік. Здаецца, вось-вось з твані выляціць дзікая гайня караля Стаха. Рэчкі Льва і Ствіга плыткія, каналізаваныя, вада іржава-чырвоная. Лес нізкі, на балотах павалены. Нават пасьля сёлетняй восеньскай сухмені ў нізінах вакол дарогі чарнее мул, цьвіце вада. Людзі езьдзяць коньмі, часта параю коней, запрэжаных у калёсы, езьдзяць і старасьвецкімі палавымі валамі. За цэлы дзень падарожжа стрэўся нам хіба дзясятак машынаў і ніводнага трактара. Тутэйшыя “новыя рускія”, што зарабілі грошы на будоўлях у Расеі, езьдзяць “фальксвагенамі” першай паловы 80-х. Адзін раз нам перагарадзіў дарогу “наварочаны” “Опэль-Астра” ровенскага ДАІ зь пяцьцю міліцыянтамі ўсярэдзіне. Пагаварылі. Мы паскардзіліся, што бэнзын у Беларусі намнога даражэйшы, чым ва Ўкраіне. Наш 95-ты каштуе там на чвэрць таньней. “Мы таксама сваю машыну запраўляем 95-м!” – пасьпяшаліся запэўніць даішнікі, з усёй сілы дэманструючы нам, што кураць “LM”, а не паўсюдную “Прыму”.

Мы так і не зразумелі, што даішнікі рабілі ў гэтай палескай глушы. Нагадвалі яны карцінку з падручніка імпэрскай гісторыі: “Палюдзьдзе. Дружыньнікі кіеўскага князя зьбіраюць даніну ў драўлян”. Спыталіся ў нас, як там наш бацька. Пакпілі зь яго. Пра Лукашэнку ва Ўкраіне пытаюцца ўсе. Тыя, хто задаволены жыцьцём, як пра коміка. На выезьдзе з Украіны ў Церабяжове на кароўніку графіці: “Лукашенка і Чаушеску навекі едіны”. І таямнічы подпіс: “НТС”. Няўжо Народна-трудавы саюз? Тыя, хто ня мае чаго есьці, як пра мэсію. “Мы з Лукашэнком хочэмо зьіднацца! Коб нас Балорусія прыняла, зразу пошлі б до Балорусіі! Коб нас Лукашэнка прыняў!..”

А есьці ня маюць чаго многія. Прымітыўныя мэліярацыйныя сыстэмы, збудаваныя за каралевы Боны, у царскія, польскія і савецкія часы, паціху разбураюцца. Калгасныя палеткі зарастаюць лесам. І ўвесь гэты казак-капіталізм бессаромна прыкрываецца псэўданезалежніцкай і псэўдадэмакратычнай рыторыкай пры страшным запалохваньні людзей. “Агу, за Кучму голосовалі. Да Полтаўска область не голосовала летась за Кучму, да вон юй горучаго ні граму не даў. Да жыта ні гектара не посеялі”.

Мы засталіся на ўскрайку Бярозавага гутарыць зь перасяленкаю з палігону, а даішнікі паехалі. Праяжджаючы, мы пабачылі іх машыну каля кавярні, адзінае на ўсю сьціжму беларускіх вёсак. Мужыкі ля кавярні замахалі нам рукамі, маўляў, хутчэй праяжджайце, пакуль з бару ня выскачылі мянты: яны відавочна меркавалі, што мы на сваім “Фардзе-Скорпіё” нелегальна пераехалі мяжу, вязем кантрабанду і цяпер ня прагнем сустрэчаў з органамі ўлады. Кавярня належыць дырэктарцы мясцовага калгасу, ці, як гэта цяпер ва Ўкраіне пераназвана — КСП.

Калгасы ляжаць. У кожнай вёсцы наракаюць, што ў іх калгасу зусім не засталося, а вось у суседнім Глінным… Прыяжджаеш у Гліннае, а там зайздросьцяць: “Агу, што во яшчэ ў Блажовым калхоз, а ў нас…”. Гэтыя калгасы, здаецца, даюць працу хіба што дзясятку чалавек і служаць адно для пераразьмеркаваньня нікчэмных дзяржаўных датацыяў і рэшткі зьбяднелых палеткаў.

У крамах амаль нідзе не прадаюць хлеба: дорага, людзі ня хочуць купляць, самі пякуць.

 

Бульбяная мяжа

Гаспадарчы маразм ва Ўкраіне пануе страшны: бульбу, якой не стае, забаронена вывозіць з адной вобласьці ў другую. Сталінчукі, гарадчукі, альшанцы возяць бульбу на Ровеншчыну кантрабандаю празь мяжу, пападаюцца мытнікам, уцякаюць ад іх, па іх страляюць, ловяць, яны адкупляюцца… Жыцьцё за бульбу… Усё адно ўрэшце гэта сёлета выгадней, чым вазіць яе ў Менск, Маскву ці расейскую глыбінку – там сёлета картоплі танныя. А на Століншчыне цяпер умеюць лічыць.

Везьці праз мытню не выпадае. На беларуска-ўкраінскай мяжы за перасячэньне зьдзіраюць пад 20 даляраў. “За страхоўку, экалёгію і паслугі па кампутарным запаўненьні мытнай дэклярацыі”.

Бульбу на Ракітняншчыне так “бульбаю” і называюць. Яе на гэтых землях бракуе. А як беларусам бяз бульбы?

Мова паўднёва-ўсходняй (як і паўночнай) Століншчыны дзіўная найперш сваімі інтанацыямі і даўжынёй галосных: сьпярша яна здаецца нейкаю балканскай гаворкай.

“Едьте повз реку, в лесе муст, за мостом калюга вялікая, коб обміновалі”, — паказвала нам дарогу баба зь вёскі Будзімле. Дабрацца да Будзімля легкавіком можна толькі сухою парою. Абсалютна беларуская вёска, з фантастычнай беларускай мовай – неверагоднай граматычнай чысьціні і фанэтычнага калярыту.

“Муст” драўляны, з прагнілымі палямі і бяз пары паленаў насьцілу. Не праваліўся. Праз кілямэтры чатыры лесу й балота выехалі на “трасу”, што вядзе ў іншыя сельрады, дзе, паводле перапісу, жывуць беларусы.

 

Дзікі брук

“Трасаю” яе называюць усе маладзейшыя тутэйшыя, старэйшыя – “шляхам”. Траса – спачатку гравейка, пасьля дзікі брук самаробнае сялянскае кладкі польскага часу. Машына зьвініць усімі вантробамі і мацюкаецца. Варта выехаць на гарбатую сярэдзіну, як днішча цалуе камянюку. Ну, думаеш, станцыя Беразай... Але добра што ў “Скорпіё” картэр прыкрывае бэлька. Інакш сядзець бы тутака і сядзець.

Лунаходы-вазы па бруку ня едуць, зрабілі сабе бітую дарогу на ўзбочыне.

Гаворачы зь людзьмі, пераконваешся, наколькі ў Менску зрусіфікаваная беларуская мова. Зрусіфікаваная найперш на фанэтычным узроўні, расейскай рытмікай. Менскую белмову адукаваны расеец зразумее. Мову балотнага народу – наўрад ці. Так, мабыць, мы ўсе гаварылі даўней.

Тутака часу няма, ён тоне ў балотах і выдмах, зарастае пахілаю лазінай. А беларусы е. Пройдзе яшчэ гадоў 30, перш чым яны канчаткова разыдуцца ва ўкраінскай стыхіі. Але й тады захаваюць цьмянае пачуцьцё роднасьці з паўночнай бацькаўшчынай. Застануцца ў іх прозьвішчы: Агіевіч, Марыніч, Кулаковіч, Васілевіч, Масюковіч, Крупіч, Кузьміч. Захаваюць свае непаўторныя інтанацыі і рэліквіі-мэтрыкі з запісам: “Белорусс”.

Украінскі нацыяналізм паціху точыць маналіт беларускае сьвядомасьці: па-ўкраінску гаворыць школа, па-ўкраінску служыць у царкве чырванатвары бацюшка (“вон з Украіны родом”, — тлумачылі нам у Старым Сяле), па-ўкраінску размаўляе “сільрада”, усе тыя рэдкія шчасьліўчыкі, што маюць працу з гарантаваным заробкам. “Новыя рускія” на “гальфах”, што трапляліся нам у дарозе, таксама гаварылі па-ўкраінску. Затое пастухі пры дарогах – на сваёй гаворцы.

Рагулі худыя, здрабнелыя. Жывёлагадоўля – адзінае выйсьце на гэтых балатах і выдмах. Кожны грудок, які не залівае вада ў паводку і залевы, абы-як абгароджаны. Туды зганяюць на гэты час тавар, каб не патапіўся. Коні таксама нізенькія, бухматыя. Такія тарпанчыкі. Бэльгійскіх цяжкавозаў мала.

 

Да мацэр

Людзі на паўднёва-ўсходняй Століншчыне збольшага вярнуліся да паляваньня і зьбіральніцтва. Грыбы, рыба, дзічына, а найбольш – журавіны. Іх возяць на продаж у Беларусь, Кіеў, а найперш – у Расею. Журавіны бяруць у Беларусі, дзе іх больш, якраз на тым палігоне, адкуль павысялялі народ. “Нас не пускаюц, а мі сілою лезам”. Нелегальна езьдзяць падводамі празь мяжу. “Цэпэрэка поехалі мі з мацэр под Вэлье по журавіны. Віходзіт до нас погранічнік. Пітаецца: знаеце, хто я е? Агу, знаю: таможня, ехац нэ можня. Нам бэз ягод нэмаека як, помірай голодні”, — распавядае ў Старым Сяле Куліна Лесавец. Тут ужо гавораць “цакаючай” гаворкай, слова маці скланяюць хораша – “мацэр”, замест “ы” вымаўляюць “і”. І гэтыя старыя беларускія тамака, цяперака, уньдзека, нямаека, есьцека. “Мі так мовімо”, — кажуць. Усё зь неверагодным сярэднявечным флёрам. Вымаўляюць “Олімані” (па-літаратурнаму — Альманы). Адразу з надзеяю прыгадваеш германскіх “алеманаў”, і цнатлівае барбарства жанчынаў на калёсах толькі падмацоўвае гэтыя спадзевы.

Пад Альманамі – найбольш журавінаў бяруць. А мы на Камароўцы пасьля скупляем. Гэта пры тым, што ў столінскіх Альманах і Белавушы – найвышэйшая цераз усю Берасьцейшчыну радыяцыя. “У нас народ зь лесу годуецца. В Балорусі болотА большЕ. Мі з Балорусі і жівом”, — кажа, як яна сама прадстаўляецца, “Мар’я Сцэпанова Огіевіч”.

Куліна, як і яе сястра Арына, жывуць у старых, ваеннага часу, хатках, памерам з лазьню недзе пад Полацкам. Яшчэ адна такая хатка побач ператвораная ў сьцёпку (у Вялікай Беларусі яе называюць “істобкай”, гэтае слова Ян Станкевіч аргумэнтавана раіў пісаць менавіта праз “б”, выводзячы ад “істнаваць”, “істы”, а не ад “тапіць”). У гэтых змарнелых хатках раней жылі на хутарах, дзе паўкачавым спосабам пасьвілі тавар. Каб уцяпліць на зіму, проста абсыпаюць падваліны знадворку пясочкам. Ад напаўкачавога ладу жыцьця засталася і звычка варыць сьвіньням і сабе на дварэ. У кастрычніку мы назіралі, як грэюцца чыгуны на вогнішчы на гародзе. Затое ў хатах скрозь – чысьціня, якой не заўжды стрэнеш і на сытай Случчыне. Да яе, відавочна, прывучыла нэндза: хто не сачыў за чысьцінёю, сярод гэтай багны выміраў ад эпідэмій.

У Старое Сяло з райцэнтру прыехаў перасоўны дыягнастычны цэнтар – рафік з апаратурай. Правяраюць дзеці ў школе. Дзіця сядае на фатэль, кладзе рукі на парэнчы, а на экране ноўтбуку аўтаматычна паказваецца, колькі радыяцыі назапасіла кволенькае цельца. Набіраюць па 12 000 – 15 000 пры норме не вышэй за 3 500, — сумна кажа дакторка. Рэшта дзятвы тут жа ў двары ганяе мяч і дурэе. Бабах! – і пры нас выбілі шыбу ў школе.

Амаль усе дзяўчынкі носяць і ў школе хустачкі. Старыя ж бабы завіваюцца так, каб і шыі не было відаць.

 

Колькі тутака сьліў?

“Пока діця украінскую мову зучыть, воно нічого не понімае. Бо мі тут балорусы. Учыцелька напішэ-напішэ на дошці слова да кажэ: “Скількі тут слів?” А моя дочка ка: я нэ понімаю, які тамэка слівы. А я юй кажу: дочэнько, по-украіньскі “слів” то “слов”, то нашэ “слово”.

Але дзеці ў школе ўсе як адзін цьвердзяць: “Мы ўкраінцы. І гаворым мы па-ўкраінску”.

Радыяцыя і тутака, як каля Чарнобылю. Столінскі журналіст Ігнацюк пісаў пару гадоў таму, што радыяцыя ў гэтых краях – не ад Чарнобылю, а ад тых выпрабаваньняў, што раней праводзілі на палігоне, што тутака, магчыма, узрывалі і ядзерныя зарады. Ад таго часу, маўляў, і радыяцыя, толькі што да Чарнобылю ніхто ня знаў яе правяраць.

На сьцяне школы вісіць каляровы транспарант “Украіна—Італія. Праект “Дапамога дзецям”. Магла б і Беларусь аздараўляць гэтых беларускіх дзетак у сваіх пансіянатах.

Большасьць людзей у вёсках апранаецца ў атрыманае па гуманітарнай дапамозе або яшчэ куплёнае ў перасоўных гандляроў. Таму адзеньне проста фантастычнае – на фоне туманнага восеньскага пэйзажу ідзе маладзіца з каробкаю буракоў на плячы, у гумовых ботах, мэталічна-зялёныя мадняцкія італьянскія штаны з-пад сітцавае сукенкі, а на галаве – хустка такога турэцкага жоўтага колеру, што ад яе зьзяньня не відаць аблічча.

“Сафары” працягваецца. Зьлева азёры Марс, Вэнэра, Сатурн, Зьвязда, Сырыюс. Гэта рыбгас “Палесьсе”, ад якога, мусіць, засталіся толькі прычындалы. “У вас рыба з Марсу?” Адсюль да Століна 40 км, а да райцэнтру Ракітнага – 70. Але на старым столінскім гасьцінцы няма памежнага пераходу. Найбліжэйшы – у Церабяжове, за Случчу і Гарыньню, да яго трэба ехаць праз Дубровіцу, кілямэтраў 100.

Справа, за Вяжыцай, – балота Сырая Пагоня.

Перад намі сяло Дразьдзінь. Спыняемся каля могілак. Сярод драўляных штундаўскіх таблічак і крыжоў – пара старых каменных. Цётка, падышоўшы, тлумачыць, што адзін з такіх паставіла яе дзядзьку Гнату жонка таго. Каштаваў ён 35 злотых – карову. А пасьля партызаны рылі на могілках акоп і крыж звалілі. Вядзе нас да яго, паваленага. Старое Сяло немцы ў вайну спалілі, Дразьдзінь ацалела.

На могілках паціху падае векавы дуб. Проста пры нас. Трашчыць, і расколіна ў камлі ўсё расьце. “Упадзе, крыжы паб’е”, — заўважаем мы старым бабам, што падыходзяць да нас. “Поб’е да подвэдуц”, — філязафічна адказваюць яны. Гэтым “да” старыя людзі перасыпаюць гаворку, аддзяляючы сынтагмы. Выходзіць нарасьпеў, як верш, як жывая быліна.

Такое ўражаньне, што ўсё рассыпаецца ў гэтай малой Беларусі, забытай Вялікай Беларусяй. У Глінным за два дні да нашага прыезду згарэла піларама, фактычна адзінае дзейнае прадпрыемства ў сяле.

У Глінным каля царквы, на старым цьвінтары, каменныя крыжы, урослыя ў зямлю. А да кожнага каменнага крыжа прытулены ажурны чыгунны. Крыжыкі падплаўленыя, іх павыбіралі з прыску на месцы былой царквы, падпаленай у свой час камуністамі.

 

Белавеж, Бельск
і Познань

Яшчэ адна буйная беларуская вёска Ракітнянскага раёну называецца Белавеж, другая меншая – Бельск, трэцяя — Познань. Першыя дзьве — могуць быць і перасяленцы з Падляшша царскіх часоў. “Познань” найхутчэй – проста харошы славянскі корань.

Так і ня высьветлілі мы, адкуль жа карані такой моцнай беларускай сьведамасьці тутака? Хто былі тыя асьветнікі, што яе пасеялі? Ці яна сама ўзрасла і ўмацавалася ад кантакту зь безусьцешнай украінскай рэчаіснасьцю? Каб дазнацца пэўна, трэба ехаць у гэты край надоўга і распытваць усю тутэйшую інтэлігенцыю.

Перад самым ад’ездам раптам на дарозе – падвода з дровамі, а ёю кіруюць дзьве маладзенькія манашкі. “Не фатаграфуйце нас, а лепш на манастыр пажэртвуйце”, — ушчуваюць нас яны. Сярод лесу – манастыр Абраза Маці Божай Іверскай. Маскоўскага патрыярхату, але гавораць у ім па-ўкраінску. Выйшла матушка. Расказала, што такі ім знак быў – служыць сярод лесу. “У нас увесну і ўвосені тысячы вужоў зь лесу паўзуць, шукаюць месца, аж піск стаіць”. Але нічога, кажа яна. У манастыры 13 маладых манашак.

Сёлы Ракітнянскага раёну, дзе пакуль яшчэ жывуць беларусы, пералічым: Белавеж, Блажовае, Бярозавае, Вяжыца, Будзімле, Ельнае, Мушні, Настахаўскае, Купель, Млынок, Хмель, Чарацяны, Грабунь, Познань, Вобсіч, Каменнае, Будкі-Каменскія, Дубна, Пераходзічы, Пераброд, Жадзень, Дразьдзінь, Старое Сяло, Забалацьце. Якое, здаецца, Забалацьце, калі тутака, куды ні ткніся, балота ўсё перад табой, а не за табой? А ўсё ж – Забалацьце. Добры кавалак Беларусі. Паўднёвей — Ставідавічы, Залаўе, Тамашгарад – ужо ўкраінскія.

За што беларусы-хахлы страшна зайздросьцяць братам на поўначы, дык што ў нас ува ўсіх ёсьць работа. А тут беспрацоўе, народ гуляе. І сьпіваецца. Ад абеду большасьць мужыкоў – п’яныя. Пры тым, што палова людзей ня мае коней, а езьдзіць роварамі. Ехаць увечары проста небясьпечна, асабліва паселішчамі – “касманаўты” на роварах рухаюцца па аднаму Богу вядомых арбітах. Ліхтароў няма ні званьня. Па дарозе дамоў спраўджваюцца нашы найгоршыя прадчуваньні: у Сарнах-такі проста перад намі “аўдзюха” зьбіла п’яную дзяўчыну.

 

Заможная Століншчына

Начавалі мы па дарозе назад ужо ў Аздамічах Столінскага раёну, і ў гэных людзей зусім іншы клопат. Найперш у Аздамічах змагаюцца за зямлю, якой страшна не стае. Сёлета гасьцінная сям’я, у якой мы начавалі і страўнічалі, мела толькі 43 соткі. Вылічваюць, дзе сёлета будзе выгадней прадаваць насеньне – у Растове ці Краснадары. Распавядаюць, у якой вёсцы былы старшыня калгасу выставіў на сынава вясельле шаснаццаць 20-літровых бітонаў самагонкі, так што «на дурняк» усе вясковыя п’янчужкі напіліся, ня толькі дзьвесьце запрошаных вясельнікаў. Кажуць, што мёду зусім мала сабралі сёлета – 4 бітоны ўсяго. Што школа ў вёсцы беларуская, але гавораць у ёй па-аздаміцку.

Тутака ганарацца сабой, сваёй працавітасьцю, заробкамі, новым “Опэлем” у гаражы, прасторнымі дамамі, вялізнымі цёплымі грубамі ў іх, будучым паравым ацяпленьнем, будучым капрамонтам яшчэ, далібог, навюткае хаты. Тутака не адчуваецца выраджэньня. Хлопцы аздаміцкія, у каго бацькі не пустадомкі, даўно служаць у сябе ж за лесам, на тутэйшым палігоне. Ходзяць у войска пешкі, носяць яфрэйтарам самагонку.

У Аздамічах журацца на ўкраінцаў, што зьбіваюць заробкі ў тутэйшага фэрмэра, які плаціць наймічкам 4300 рублёў за дзень. А ўкраінцы гатовыя і за мільён працаваць. Такія працоўныя канфлікты, што, мусіць, у адсутнасьць прафсаюзу, сяды-тады канчаюцца і бойкаю. Фэрмэр той сёлета купіў сабе Тураўскі кансэрвавы заводзік.

Слухаеш іх і разумееш, чаму на Століншчыне Пазьняк быў сабраў 30% галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0