Юлія Андрэева

Шапэн без палітыкі

Нататкі пад трансьляцыю з варшаўскага конкурсу

 

Любяць беларусы конкурс імя Шапэна! Па-першае, яны любяць самога Шапэна як душу безумоўна роднасную, замілаваную тымі ж мэлянхалійнымі пэйзажамі (лес, луг, рачулка, зарослая абапал хмызьняком, вясковая дарога і неба, зацягнутае аблокамі), тым жа адвечным пачуцьцём самоты, гаркавай жартаўлівасьцю, гукамі сялянскай песьні і габрэйскай скрыпкі. (Вядомая гісторыя, як габрэі, паслухаўшы граньне 15-гадовага Шапэна, а асабліва ягоную мазурку “Жыдок”, запрасілі яго зайграць у сябе на вясельлі.) Нават хвароба шапэнаўская – Багдановічава хвароба! – падаецца таемным знакам той душэўнай блізкасьці, якую беларусы ў шчасьлівыя хвіліны паэтычнай засяроджанасьці адкрываюць ці ў сабе, ці ў выпадкова-дакучлівых гуках шапэнаўскай мазуркі, што выходзяць з-пад пальцаў суседскае дачкі і даносяцца праз хліпкую столь у вечаровую заціш кватэры.

Ня кажучы ўжо пра легенду Шапэна, ягонае парыскае выгнаньне – досьвед, аж занадта зразумелы для беларусаў з прычыны поўнае добраахвотнасьці тых уцёкаў. Малады піяніст ехаў на Захад, каб здабыць сусьветную славу; наўздагон яму ляцелі страшныя зьвесткі пра паразу Лістападаўскага паўстаньня ў Варшаве. Ён плакаў, пісаў эцюды і балесныя лісты, у якіх абяцаў неадкладна вярнуцца дахаты; ён марыў паступіць у паўстанцкае войска і загінуць разам з дарагімі сэрцу сябрамі. Але замест гэтага імчаў усё далей на захад – у Парыж. І ніколі болей ня ўбачыў родных твараў і родных мясьцін – не таму, што гэта яму забаранялася, а таму, што баяўся трапіць у пастку расейскіх эміграцыйных законаў і навек захраснуць у Варшаве. Які ж беларускі, у сутнасьці, лёс!

Беларусы заўжды ставіліся і да шапэнаўскіх конкурсаў з асаблівым сантымэнтам.

…У 1980 г. ад Варшавы і Гданьску дыхала свабодаю. Але беларускія хлапчукі – нават кансэрваторскія – задураныя імпэрскай прапагандаю, ірваліся ў паход “душыць польскую гадзіну”. Віцебскія дэсантнікі рыхтаваліся да пералёту… Тымчасам вольныя душы ў Менску зацята круцілі ручкі прыймача, шукаючы хвалі Польскага радыё. 17 верасьня ў Гданьску была створаная “Салідарнасьць”; 24 верасьня яе лідэры падалі ў Варшаўскі Ваяводзскі Суд заяву аб рэгістрацыі; 1 кастрычніка ў Варшаве адкрыўся X Міжнародны конкурс піяністаў. І суцэльны правал конкурсу, прэміі на якім разьмяркоўвалі паводле загаду з Масквы (1-ю ўзнагароду атрымаў студэнт Маскоўскай кансэрваторыі Данг Тхай Шон, 2-ю – Тацяна Шабанава, вучаніца прафэсара Мяржанава з Маскоўскай кансэрваторыі, 3-ю – былы асьпірант Маскоўскай кансэрваторыі Аруцюн Папазян; іхнія імёны вы цяпер адшукаеце хіба што ў спэцыяльным даведніку), і скандал, што выбухнуў вакол ягоных вынікаў (харвацкі піяніст Іва Пагарэліч, найпапулярнейшы канцэртуючы артыст сучаснасьці, не прайшоў тады нават у трэці этап), была прадвесьцем тых хмараў, якімі неўзабаве зацягнула польскі небасхіл.

Потым быў “шэры” конкурс 1985 г. – усё яшчэ ва ўмовах ваеннай дыктатуры. Акурат у дні конкурсу, 13 кастрычніка, меліся адбыцца выбары ў Сойм ПНР. А напярэдадні арыштавалі трох астраномаў з Торуні, якія нелегальна перадавалі праз тэлебачаньне надпісы: “Байкот выбараў – наш абавязак” і “Хопіць павышэньняў цэн, падману і рэпрэсіяў. Салідарнасьць. Торунь”. Тым разам у журы не было аніводнага незалежнага прадстаўніка заходніх краін – скрозь палякі і расейцы, ды яшчэ няздарны аўстрыйскі піяніст Бадура-Скода, якога запрашалі на канцэрты, здаецца, толькі ў Маскву. Перамог, вядома ж, расеец – Станіслаў Бунін.

Потым быў “жоўты” конкурс 1990 г. “Жоўтым” яго празвалі за нечуваную колькасьць японак, якія прыехалі ў Варшаву здабываць галоўны прыз. Скрозь дзяўчаты з заможных сем’яў, у якіх ігра на раялі здаўна лічылася нечым прэстыжным і годным любых ахвяраў. Клапатлівыя бацькі, не шкадуючы грошай, пасылалі дачок па навуку ў найлепшыя кансэрваторыі Францыі, Нямеччыны ды Польшчы; але хоць бы тыя дзяўчаты вучыліся ў самога Шапэна, таленту ім гэта б не дадало. Музыказнаўцы дружна жахаліся: няўжо ж славуты шапэнаўскі конкурс, які адкрыў сьвету цэлы шэраг выдатных імёнаў, так бясслаўна канае ў абдымках экзальтаваных паненак? У 1990-м на конкурсе нават не было пераможцы…

Як і ў 1995-м. Але для беларусаў той конкурс быў адметны, бо менавіта ў 1995-м у Варшаве сьвет упершыню даведаўся пра існаваньне беларускай піяністычнай школы: праз 18-гадовага юнака Андрэя Паначэўнага і 27-гадовага Цімура Сергіеню. Абодва нашы піяністы пасьпяхова прайшлі ў другі тур! Паначэўны трапіў у паўфінал, а музычныя крытыкі залічылі яго ў тройку неафіцыйных лідэраў.

Ніводзін з гэтых лідэраў, зразумела ж, у фінал не прайшоў. У журы былі свае “палітычна карэктныя” разьлікі, бо дзьве прэміі атрымалі расейцы, па адной – полька, амэрыканка (вядома ж, лацінскага паходжаньня), японка і француз. Усе яны – акрамя, натуральна, “спадкаемцаў вялікае расейскае фартэпіяннае школы” – вучыліся або ў Польшчы, або ў польскіх пэдагогаў – “носьбітаў шапэнаўскае традыцыі”. Хоць дакладна вядома, што вучняў-славянаў у Шапэна не было.

А ў кастрычніку 2000 г. на чарговым шапэнаўскім конкурсе адбылося нешта незвычайнае. Журы, якое складалася на 70% з польскіх пэдагогаў, не прапусьціла ў фінал аніводнага польскага ўдзельніка – пры тым, што польская каманда маладых выканаўцаў налічвала аж 19 асобаў, і пяцёра зь іх атрымлівалі дзяржаўную стыпэндыю як “кандыдаты на высокія ўзнагароды”.

Беларусам на сёлетнім конкурсе таксама не пашчасьціла. Юры Бліноў, які дасканаліцца зараз у ЗША, не прайшоў далей другога этапу. Бліноў граў добра, але высачэзны ўзровень конкурсу ня даў яму падняцца вышэй. Маладыя людзі спрачаліся ўжо не за перамогу, а за сваё разуменьне Шапэнавай музыкі. У гэтай справе, як вядома, пераможцаў не бывае.

Фінал стаўся трыюмфам кітайскай школы піяністыкі. Бо сапраўдны лідэр – 18-гадовы Юньды Лі – не вучыўся анідзе за мурамі роднага Пэкіну. І хай камусьці было цяжка з гэтым прымірыцца (“тыя касавокія заўжды граюць мэханістычна, бяз кроплі паэзіі”), сьвежы талент кітайскага студэнта хутка разбурыў непрыступную сьцяну стэрэатыпаў. Па заканчэньні ягоных фінальных праслухоўваньняў выбухнула авацыя, якая цягнулася ня меней як 20 хвілін. Хлапец даўно сышоў са сцэны і даваў за кулісамі інтэрвію, а авацыі доўжыліся. А калі празь некалькі гадзін абвесьцілі вынікі, расейскі піяніст Аляксей Кобрын, 3-я прэмія, падхапіў пераможцу на рукі і высока ўзьняў над натоўпам. Ну, а натоўп – улучна зь няўдачнікамі конкурсу – быў у суцэльным захапленьні.

Сярод ляўрэатаў апынулася яшчэ адна маладая кітайская студэнтка –Са Чэнь (4-я ўзнагарода) і (разам зь Юньды Лі) пачэсная прэмія Таварыства імя Ф.Шапэна “За лепшае выкананьне палянэзу”, якую амаль ніколі не аддаюць чужаземцам. 2-я прэмія і срэбны мэдаль — у аргентынкі Інгрыд Флітэр, 5-я прэмія – у італьянца Альбэрта Назэ. Абое яны вучацца ў славутай фартэпіяннай акадэміі ў італьянскім горадзе Імала… Хоць невялічкае, але ўсё ж задавальненьне для нашае эўрапейскае пыхі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0