ПОШТА РЭДАКЦЫІ


 

Вынік жыцьця за год

Вельмі Вам удзячны за падпіску на газэту. Шчыра дзякую, што цяпер маю магчымасьць чытаць “Нашу Ніву” па аўторках (да нас яна прыходзіць у аўторак), дзяліцца з суседзямі, нясу пачытаць у школу. У “НН” ёсьць шмат пераваг над іншымі газэтамі: няма праграмы тэлеперадач, амаль няма рэклямы. Уся карысная плошча газэты адводзіцца для камэнтароў, артыкулаў і праўдзівай інфармацыі, якой вельмі не стае беларусам. Інфармацыя, якая даецца на старонках “Нашай Нівы”, лёгка ўспрымаецца. Беларускі пункт гледжаньня, не зьнявечаны саветчынай, прыемны для душы. Але самае галоўнае — моц цудоўных артыкулаў і літаратурных твораў.

У восеньскіх нумарах “НН” асаблівую ўвагу прыцягнулі артыкулы “Царыца палёў” Тацяны Сьнітко, “Палякі-калгасьнікі” Анны Энгелькінг, “Тускнае золата” Сяргея Паўлоўскага, “Навучыць чалавека” Міхася Калесянца, “Гендэрная вайна” Евы Вежнавец. Ад іх рояць думкі ў галаве, яны прымушаюць да разважаньняў. Хацелася б да іх шмат чаго дадаць. Вось у артыкуле “Царыца палёў” выказваюцца думкі і ўражаньні “вольнай гарадзкой асобы”, якая на некалькі дзён зьехала ў вёску, а хацелася б пачуць голас зь вёскі, зь “месца падзеяў”. А мы, вяскоўцы, гэтак захапіліся зьбіраньнем ураджаю, што няма калі разгледзецца.

 

* * *

На дварэ ўжо сярэдзіна кастрычніка, а работ у полі шмат. Добра, што залатая восень дазваляе зьбіраць усё пасеянае і пасаджанае. Ролю бульбы ў жыцьці беларуса цяжка пераацаніць. Гэты год выдаўся ня вельмі спрыяльным для яе. У пачатку лета амаль усюды бульбяныя палі стаялі пачарнелыя, пашкоджаныя нечаканым летнім замаразкам, здавалася — усё, бульбы ня будзе, але восеньскія паказчыкі па ўраджайнасьці вельмі стракатыя. У адных — добры ўраджай, у другіх — амаль загінуў, назьбіралі “толькі на сяўбу”.

Вельмі добрыя ўраджаі бульбы з сваіх “сотак” зьбіраюць калгасныя “спэцыялісты”. Гэта — “чырвоныя паны” і іх памагатыя. Справа тут ня ў тым, што яны вельмі вялікія “спэцыялісты”. Свае “соткі” яны выдзяляюць самі сабе, выбіраюць для гэтага лепшую зямлю. Маючы ў сваіх руках калгасную тэхніку, добра ўрабляюць сваё поле і даюць шмат угнаеньняў (зноў жа калгасных), цэлае лета апрацоўваюць пасевы (толькі ня самі), змагаюцца з калярадзкім жуком хімічнымі сродкамі (з дапамогай тэхнікі і толькі для сябе, бо хімікатаў бракуе). Увосень зноў уся тэхніка ў першую чаргу на сотках “спэцыялістаў”. Што ж застаецца звычайнаму калгасьніку, пэнсіянэру і вясковаму інтэлігенту? Гэтым — соткі на любой адлегласьці ад сяла, няўробленая зямля (каб чалавек добра на ёй памучыўся і прывёў да толку), налета соткі даюць зноў у іншым месцы (і ніхто не падзякуе за дагледжаную раней калгасную зямлю). Апрацоўка каштуе вельмі дорага, улічваючы недахоп тэхнікі, паліва і “фізычны стан” мэханізатара. Бывае, што людзі зьбіраюць бульбы столькі, колькі і пасадзілі, хоць ва ўмовах Беларусі можна зьбіраць па 400-500 цэнтнэраў з гектару, а ёсьць краіны, дзе меней за 600 ц бульбы з гектару не накопваюць. Вось зажылі б беларусы! Назіраючы, як вяскоўцы ўвосень здабываюць “царыцу палёў”, часта можна забыць, у якім стагодзьдзі мы жывем. А як цяжка адзінокім, старым і зьнямоглым людзям, калі поле далёка!

Расказвае пажылы вясковец: “Працаваў раней у капальні вугалю, але так цяжка не працаваў, як на сваёй бульбе”.

Гэтай восеньню, калі ў вяскоўца зьявіцца лішак бульбы, дык яго няма куды падзець. Дзяржаўным установам у нашым раёне загадана: “Не купляць бульбы ад уласьнікаў, а толькі з калгасаў!” Каб завезьці куды прадаць, то вельмі шмат каштуе транспарт, дый бульба танная. Аўчынка ня вартая вычынкі.

Яшчэ ня памятаю, каб свая бульба засталася ў каго-небудзь зімаваць у полі. Калі ў вяскоўца ёсьць бульба, то гэта гарантыя, што ён будзе мець што есьці і чым карміць падсьвінка.

Пра калгасную бульбу гаворка іншая, пра яе нікому “галава не баліць”. Садзяць яе вясной шмат і ня думаюць, а хто будзе яе восеньню выбіраць. Як звычайна, зьвяртаюцца ў школу. Школьнікаў адрываюць ад вучобы і кідаюць на “бітву за ўраджай”. Сёлета навіна — дырэктар школы запатрабаваў ад бацькоў пісьмовыя заявы, што яны ня супраць, каб дзеці рабілі на калгаснай бульбе. Адбылося, як на тым рэфэрэндуме — усе згадзіліся. Калі палічыць час, на які дзеці адрываюцца ад вучобы, можна сьмела выкрасьліць адзін навучальны год. Такім чынам, замест 12 гадоў вясковыя дзеці будуць вучыцца, як і раней, толькі 11.

 

* * *

Вяскоўцы амаль нічога не гавораць пра выбары дэпутатаў у палату прадстаўнікоў. Зьвесткі пра кандыдатаў зьявіліся толькі ў апошнія дні верасьня. Ужо ідзе трэці дзень датэрміновых выбараў, прыехала міліцыя на выбарчы ўчастак і папярэдзіла, што ў раён прыбыла група назіральнікаў з Ізраілю, а ніводзін з 8 кандыдатаў не сустрэўся з сваімі выбаршчыкамі. Якія кандыдаты далёкія ад людзей! Праўда, адзін з кандыдатаў ужо вызначыўся, прыслаў свае каляровыя ўлёткі з партрэтам, відавочна, багаты альбо вельмі патрэбны ўладзе, бо яго ўлёткі наклеены на ўсіх дзяржаўных установах і ляжаць на стале выбарчага ўчастка. Участковую выбарчую камісію ніхто не выбіраў, яе пакінулі ў тым складзе, які быў вызначаны на прэзыдэнцкія выбары ў 1994 г. Звычайна ў яе ўваходзяць вяскоўцы, якія любяць добра загуляць за дзяржаўны кошт. Памагатых і халуёў заўсёды хапае. Выбары пройдуць так, як пажадае мясцовая “вэртыкаль”, а пасьля добрай выпіўкі чальцы камісіі заплюшчаць вочы на ўсе парушэньні.

А на вуліцы, як звычайна, людзі чакаюць машыну з хлебам зь Вялейкі. Хлеб прывозяць тры разы на тыдзень. Чакаць даводзіцца каля 2-3 гадзін, але вось паказалася “хлебная”, і ў адзін момант выцягваецца чарга. Людзі кожны раз пытаюцца: “Колькі сёньня каштуе хлеб?” І кожны раз хлеб даражэе. Чуваць галасы: “Нічога, яшчэ не намнога падаражэў”. Даражэе ён штотыдня. Адна бабулька, стоячы ў чарзе, паказвае грошы і пытаецца: “Ці хопіць мне сёньня на хлеб?” Сёньня хопіць, а наступным разам можа ўжо не хапіць.

Восень падводзіць рысу, паказвае вынікі нашага жыцьця за год.

Яўген Стужынскі, Буйкі


 

Сорам з 1968 году

У жніўні-верасьні 1968 году мне пашчасьціла быць у Варшаве на курсах паляністаў. Пашчасьціла — бо ў тыя часы выбрацца за мяжу, хай сабе й да братоў па барацьбе з імпэрыялізмам, было справай далёка ня простай. Паездку тую арганізавалі па абмене невялічкіх груп студэнтаў Літаратурнага інстытуту імя Горкага і Варшаўскага ўнівэрсытэту.

У Варшаве мяне з Іванам Ласковым запрасіла да сябе на вячэру сям’я маладых выкладчыкаў — абое, муж і жонка, закончылі ўнівэрсытэт у Маскве. Чым, уласна кажучы, і тлумачылася іх гасьціннасьць.

Мы паехалі аўтобусам і бяз гіда, што звычайна быў з намі і аплочваў рахункі. На прыпынку ўвайшоў кантралёр — мужчына гадоў пад шэсьцьдзесят. У Польшчы студэнты карысталіся на гарадзкім транспарце ільготамі — талёнчык каштаваў на 50 працэнтаў таньней. Такія талёнчыкі мы і паказалі кантралёру. Той, зразумела, запатрабаваў ад нас студэнцкія пасьведчаньні. Але ж мы не былі польскімі студэнтамі і ніякіх папераў, што знаходзімся ў Варшаве ў якасьці студэнтаў, таксама ня мелі. Ласкоў пачаў блытана тлумачыць кантралёру наш статус, аднак бяз посьпеху, бо той, відаць было, наважваўся на больш рашучыя крокі. Ня ведаю, што нас чакала, але нашыя пляны пляжыліся. Тады я, спадзеючыся на лібэральнае стаўленьне да іншаземцаў, выразна адбіваючы словы, як салдат крокі, сказаў па-расейску:

— Мы из Советского Союза.

Што было далей, трэба было бачыць. Кантаралёр аслупянеў, потым падхапіўся і мітусьліва паціснуўся да дзьвярэй. Ён так і ня спраўдзіў білеты астатніх пасажыраў. Яго відавочны спалох і нечакана спрытнае зьнікненьне выклікалі сьмех, аднак сьмяяцца не выпадала. Падумалася: хто ж мы такія, калі ад нас бягуць, як ад нячыстай сілы? Я глянуў на Ласкова. Той таксама глядзеў перад сабой панурыўшыся.

Так упершыню мы сутыкнуліся на чалавечым узроўні з сутнасьцю так званага братэрства народаў і краін, што ўваходзілі ў Варшаўскую дамову. Пазьней, у Маскве, расказваючы сябрам ды знаёмым пра тую замежную паездку, мы пазьбягалі гаварыць пра варшаўскага кантралёра — было сорамна і за сябе, і за ўсіх нас. Цалкам верагодна, што той добра ведаў ня толькі абрэвіятуру “СССР”, але і “НКВД”.

Віктар Бараноўскі, Горадня


 

Лістуюць Вам з Кобрыня…

Лістуюць Вам з Кобрыня. Вось што ў нас робіцца.

На выбарах перамог “несьмяротны” Віктар Кучынскі. Парушэньні па Кобрыншчыне былі ня ў меншай колькасьці, чым дзе. Шмат дзе ў калгасах старшыні загадалі забясьпечыць 100%-ую яўку пад пагрозай звальненьня з працы. За навучэнцаў кобрынскіх вучэльняў падстаўлялі галасы. Па вёсках хадзілі зь бюлетэнямі па хатах, а тады куды падзенешся? Не прагаласуеш, ня дасьць старшыня сена для каровы.

А ў калгасе імя Мічурына сёлета за кавалкі зямлі пад бульбу настаўнікам далі па 18 радкоў буракоў мэтраў па 200 кожны. Два разы прапалі, выберы да абшкрабі. Летам прапалоць неяк пасьпееш, а выбраць увосені, калі заняткі, і за два тыдні з жонкаю і дзецьмі не пасьпееш, а яшчэ ж свая гаспадарка… А грошы даюць – адны сьлёзы. За двухразовую праполку налічылі ажно 3500 рублёў. Зьдзек зь людзей усё большае.

Ігар з-пад Кобрыня


 

Магілёўскі стол

Гістарычны цэнтар Магілёва, аднаго з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых гарадоў нашага сярэднявечча, уяўляе сабой зараз безгустоўную й бессэнсоўную сумесь гібеючых помнікаў даўніны, абшарпаных “райхстагаў” сталінскай пары, невыносна шэрых цагляных ды блёчных каробак часоў “дарагога Леаніда Ільліча”, спраектаваных ды пабудаваных ці не сьляпымі.

Прыемна ўразіў мясцовы “Тыднёвік Магілёўскі”, не чакаў сустрэць такое выданьне на Ўсходзе. Але нераскупленыя стосы “Нашае Свабоды”, “Пагоні” ды таго ж “Тыднёвіка” ў шапіках прымусілі вярнуцца да рэчаіснасьці.

Па даўняй завядзёнцы, дзе б ні даводзілася бываць, усюды стараюся патрапіць у мясцовы краязнаўчы музэй. Наведаў і магілёўскі, адчынены пасьля шматгадовага рамонту. Прасторна, чыста, сьветла. Але подпісы расказваюць пра тое, як “польскіе і літовскіе феодалы в XVІ веке отбіралі землю у белорусскіх крестьян”, хоць Статут ВКЛ наагул забараняў іншаземцам набываць зямлю ў краіне, а “літовскіх феодалов”, якія б адбіралі зямлю ў беларускіх сялян, было ў тую пару не нашмат болей, чымся гішпанскіх або партугальскіх.

У магілёўскім музэі можна даведацца й пра зьверствы ў Магілёве войскаў Карла ХІІ ды пабачыць выявы вызваліцеляў — расейскіх “чудо-богатырей” (цэлая вялікая заля адведзена). Хоць у параўнаньні зь Пятром Карл ў дачыненьні да Магілёва падаецца амаль што анёлам. Расейцы ніякіх “зьверстваў” у горадзе не чынілі, яны проста выпалілі й вынішчылі яго дарэшты.

Больш за іншыя экспанаты ўразіў мяне звычайны пісьмовы стол. Праўда, не зусім звычайны, а інкруставаны каштоўнымі пародамі дрэва. У 1942 годзе нейкі мясцовы ўмелец зрабіў яго ў якасьці падарунка “дарагому І.В.Сталіну” да 25-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі (калі даваць веры напісанаму побач). Застаецца невядомым, як ён зьбіраўся перадаць свой падарунак, але дазналіся быццам бы пра яго немцы і вырашылі падарыць гэты твор мастацтва другому крывасмоку — Гітлеру, так бы мовіць, ад удзячнага беларускага народу. Ды ня спалі ў шапку савецкія партызаны — пераправілі каштоўны выраб у лес разам зь яго творцам. Забыліся, праўда, пра жонку і трох дзяцей, якіх немцы і расстралялі. Большаму было восем гадоў, а меншаму не было яшчэ й году…

Калі на нашай зямлі паўстане калі-небудзь музэй злачынстваў — бальшавізму, камунізму ды таталітарызму, а такое абавязкова павінна стацца, дык сярод шматлікіх іншых экспанатаў абавязкова мусіць быць і гэты стол.

Вячка Васілёнак, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0