Памерла Мод...

Колькі разоў яна памірала на сцэне, і вось цяпер — у жыцьці. Катастрофа здарылася 12 кастрычніка: інсульт, шпіталь, безнадзейнасьць… А 6 лістапада надышоў непазьбежны фінал. І цяпер мы мусім жыць без Стэфаніі Станюты. Цяжка! У свае 95 гадоў яна была маяком – адзіным, і якім жа каштоўным аскепкам клясычнае акторскае традыцыі, носьбітамі якой былі калісьці і Рахленка, і Ржэцкая, і Глебаў-Сарокін.

Цяпер гэтая традыцыя скончылася, і, хаця нехта яшчэ самаўпэўнена прэтэндуе на яе спадчыну, на дварэ зусім іншая тэатральная эпоха. Тэатар стаўся цацкаю для багатых, а нам застаецца толькі настальгічна згадваць назовы тых даўніх, амаль забытых пастановак, у якіх блістала ў сваёй беспараўнана арыстакратычнай манеры Стэфанія Станюта. А было яшчэ кіно: 34 фільмы за няпоўныя 30 гадоў.

Адзіным домам Станюты заўжды заставаўся Купалаўскі тэатар. Яна прыйшла сюды ў 1932 г., маючы за плячыма 6 гадоў вучобы ў Беларускай драматычнай студыі пры Маскоўскім тэатры Станіслаўскага і 6 гадоў працы ў Віцебску. Тут яна сыграла свае лепшыя ролі і сустрэла сваю сапраўдную гераіню – Мод. Яны былі амаль аднагодкамі: Станюта і 79-гадовая Мод, якая жыве ў чыгуначным вагоне, крадзе аўтамабілі і ходзіць на ўсе хаўтуры, бо ведае, што ўсяму свой час, і зусім ня хоча спазьніцца на сваё пахаваньне. Тут, на хаўтурах, яна сустракае сваё каханьне – 19-гадовага багаценькага інтравэрта. Гэты хлопец – Гаральд – заляцаецца да яе і хоча зь ёй ажаніцца. Якой жа трэба быць кабетай, каб мы паверылі ў праўду гэтага каханьня! І якой трэба быць акторкай, каб удыхнуць жыцьцё ў бутафорска-ўмоўнае дрэва, якое становіцца сымбалем яе душы!

У фінале п’есы Мод памірае – добраахвотна, бо ёй адной дадзена зразумець непахісныя законы быцьця. Так паміраюць на сцэне. У жыцьці ўсё інакш – болей празаічна і напэўна больш трагічна. Мод памерла… Але назаўжды засталося каханьне. А калі не каханьне, дык несьмяротная памяць аб ім.

Юлія Андрэева

 

Мікалай Пінігін, рэжысэр:

— Пайшла цэлая эпоха, і ня толькі тэатральная — эпоха беларускай культуры. Чалавек, які бачыў спэктаклі Меерхольда, Таірава, Станіслаўскага, вельмі адукаваны, вельмі сьвядомы. Я ніколі не забуду, як мы ехалі на таксоўцы пасьля спэктаклю “Гаральд і Мод” і яна паказвала: “А вось тут цар Мікалай ІІ гладзіў мяне па галоўцы”. Гэта пайшла цэлая вялікая эпоха, і замяніць яе няма каму, няма чым.

Віктар Манаеў, актор, выканаўца ролі Гаральда:

— Скончылася цэлая эпоха Купалаўскага тэатру. Ёй удалося пражыць такое доўгае жыцьцё, такія цяжкія і трагічныя часы, калі такое адбывалася і зь Беларусяй, і з тэатрам, і застацца пры гэтым такім сьветлым чалавекам. Я думаю, што для Бога важней ня тое, наколькі ты таленавіты, а колькі сьвятла ты ствараеш вакол сябе, кім бы ты ні быў — артыстам ці рабочым сцэны. Яна была чалавек-сьвятло.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0