з Расеi пра Расею

Таямнiца “Курску”

Дзеля чаго кiраўнiцтва флёту праiгнаравала iнфармацыю ад нарвэскiх сэйсмолягаў, якія 12 жнiўня каля 11.30 зарэгiстравалi два моцныя выбухi ў Баранцавым моры? Чаму нарвэжцы заўважылi iх здалёк, а расейскiя караблi, што знаходзiлiся ў самым раёне аварыi, iх нібыта не адзначылi?

Адказ просты – кiраўнiцтва ВМФ “перанесла” аварыю на 23.30, дзякуючы чаму доўгiя рапарты ў Крэмль набылi вельмi прыстойны выгляд. Выратавальная апэрацыя пачалася нiбыта адразу пасьля катастрофы. На паперы “Курск” адшукалi ўмэнт, а не амаль праз суткi пасьля катастрофы. I, што самае важнае, сам прэзыдэнт “адразу” даведаўся пра тое, што здарылася з субмарынай.

Апублікаваны тэкст цыдулкi, якую адшукалi ў кiшэнi капітан-лейтэнанта Дзьмiтрыя Калесьнiкава, камандзіра сёмага адсеку, пацьвярджае, што нарвэжцы мелi рацыю. Але немагчыма нават больш-менш падрабязна даведацца, што менавіта Калесьнікаў напiсаў. Спачатку ваеннае кiраўнiцтва казала, што Калесьнiкаў напiсаў дзьве цыдулкi – службовую i невялiкi лiст да жонкi Вольгi. Потым яны зрабiлi заяву, што ёсьць толькi лiст, вельмi асабiсты, i таму яго аддадуць жонцы, а публiкаваць ня будуць. Але й Вользе да гэтага часу не паказалi нi арыгiналу, нi копii таго, што перад сьмерцю напiсаў муж. Маўляў, лiст рассыпаецца ў мэтлух, i зь iм трэба абыходзiцца вельмi асьцярожна, бо ён зьяўляецца важным доказам у сьледзтве па справе катастрофы.

Дзеля чаго нырцам загадалi замкнуць уваходы ў іншыя адсекі і працягваць пошукi толькі ў трэцім, хоць з цыдулкi вынiкала, што шукаць маракоў трэба ў кармавой частцы? Дый камандаваньне з самага пачатку ня раз цьвердзiла, што выбух зьнiшчыў целы ўсiх тых падводнiкаў, што былi ў першых пяцёх адсеках.

Адказ знайсьцi лёгка. У другiм i трэцiм адсеках сканцэнтравана тое, што складае таямнiцу: дакумэнты, коды, шыфры. Што б нi казалi кiраўнiкi флёту, расейская грамадзкая думка ім ня верыць і верыць цяпер ня будзе. І ўсе правыя маскоўскія газэты кажуць генэралам: вы высылаеце нырцоў не на пошукi целаў, вы шукаеце нешта сакрэтнае.

А што патаемнага можа хаваць “Курск”? Магчыма, зусiм не шыфравальныя машыны цi карабельны дзёньнiк. Ня выключана, што галоўная таямнiца ў тым, што сама субмарына была збудаваная такiм чынам, што была марской труною на атамным паліве, у якой ня дзейнiчае анiводнае выратавальнае прыстасаваньне, дзе нават апошнi адсек, якi на выпадак катастрофы павiнен быў ператварыцца ў надзейны схоў для экiпажу, робiцца пасткай для маракоў.

Можа, менавiта гэта ўлады хаваюць ад нас, замыкаючы наглуха кармавыя адсекі “Курску”? І мы будзем і будзем упарта задаваць гэтае пытаньне. І нас не прымусіш замаўчаць. Хіба што ўлады – як сказаў Уладзімер Пуцін у інтэрвію францускай газэце “Фігаро” – сапраўды возьмуць бізун ды раз і назаўжды добра дадуць незалежным мэдыям…

Андрэй Чаркiзаў

 

Ілюзія недарэмнай сьмерцi

Ствараецца ўражаньне, што расейскiя мас-мэдыi ў суаўтарстве з вайскоўцамi ды чыноўнiкамi спрабуюць напiсаць вострасюжэтны раман “Трагедыя “Курску”. Некаторыя дэталi зьместу пакуль толькi абмяркоўваюцца. Так, вайскоўцы нiяк ня могуць вырашыць, чыя субмарына пратаранiла “Курск” — ангельская цi амэрыканская. Вiдаць, тэорыя пра сутыкненьне з сухагрузам была ня вельмi ўдалай. Не такiя ўжо й добрыя падлодкi ў тых натаўцаў — хоць субмарына-прывiд i здолела незаўважна падабрацца да “Курску”, затапiць яго ды нябачна зьнiкнуць, але пакiнула-ткi алейную пляму на паверхнi мора. Пiльныя расейскiя вайскоўцы яе (пляму, не падлодку) заўважылi ды асаромiлi на ўвесь сьвет заходнiх гора-канструктараў, чые субмарыны так неабачлiва пакiдаюць за сабой сьляды. Канал РТР зрабiў з апэрацыi выратаваньня тэлешоў. Хвалi, вецер, мiльёны гледачоў. Для шчасьлiвага фiналу не ставала толькi жывых падводнiкаў. Выйсьце знайшлi – на экранах зьявіўся працяг тэлешоў “Эвакуацыя целаў маракоў”. Падводнікаў ужо няма, а выратаваньне працягваецца. Галоўны акцэнт на словы “ўзьнялi на паверхню”, “перадалi родным”. Маракi на зямлі — iлюзiя посьпеху. “Курск” патапiлi замежнiкi – iлюзiя недарэмнай сьмерцi. “Нягледзячы на тое, што экiпажу няма ў жывых, мы й зараз робiм усё магчымае…” – iлюзiя невiнаватасьцi.

Алесь Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0