Сямён Букчын

Зразумець сябе

Пра новы фільм Кшыштафа Занусі і ня толькі

Імя польскага кінарэжысэра Кшыштафа Занусі добра вядомае ня толькі ў Беларусі. Прызнаны клясык эўрапейскага кіно – адзін зь нешматлікіх інтэлектуалаў, хто дагэтуль падтрымлівае сувязь зь Беларусьсю. Ён нярэдка гасьцюе ў нас. У Менску ён мае вучняў, маладых людзей са сьвету кіно. І гэта важна ня толькі таму, што Занусі – майстар найвышэйшай клясы. Ён мудры чалавек, які ўвесь час напружана разважае над найгалаўнейшымі чалавечымі каштоўнасьцямі.

У Польшчы добра ведаюць Занусі-публіцыста, які сьмела й востра бярэцца за самыя балючыя і далікатныя праблемы жыцьця польскага духу. Занусі змагаецца са стэрэатыпамі нацыянальнага ўспрыманьня і даводзіць, што “польскае” можа быць вельмі розным. Каб выразьней уявіць пазыцыю вядомага кінарэжысэра, дазволю сабе вялікую цытату зь ягонага нядаўняга эсэ:

Польскасьць – традыцыя гэтага народу, гэтага грамадзтва, гэтай краіны, зь якой яна беспасярэдна зьвязаная , – адначасна пераплятаецца, як у кожным грамадзтве, з пэўным грамадзкім слоем. Таму нельга сьцьвярджаць, што ёсьць адна-адзіная польская традыцыя для ўсіх – іх, гэтых традыцыяў, мноства, яны дастаткова разнастайныя. Часам яны яднаюцца, але няма такога кола, якое б аб’ядноўвала ўсё, што можна назваць польскім.

Я выдатна ведаю, як часта, калі гаворка заходзіць пра нацыянальныя стэрэатыпы – пра тое, што ў агульным уяўленьні азначае нацыянальную існасьць народу – праблема грамадзкая пераплятаецца з праблемай нацыянальнай. Асабліва часта я сустракаюся з гэтым, калі працую ў Нямеччыне. Там я часта бачу даволі пагардлівае стаўленьне да сябе, бо там гэта характэрна ў дачыненьні да людзей з Усходу. Я ведаю, што не магу бараніцца, спасылаючыся на Капэрніка, бо адкажуць, што той немец, на Шапэна – бо ім і без таго вядома, што ён француз, на Марыю Складоўскую-Кюры – бо запярэчаць, што яна атрымала Нобэлеўскую прэмію дзякуючы мужу. Затое я добра ведаю, што калі хачу прыперці немца, які дэманструе перада мною нейкую вышэйшасьць, дык лепей за ўсё расказаць яму нешта з гісторыі маёй сям’і. Рэч у тым, што мой бацька да вайны ня меў аніякай варожасьці да немцаў. У яго служыў нямецкі шафёр, была нямецкая прачка, дарэчы, вялікая чысьцёха й вельмі акуратная. Калі я гэта расказваю, то бачу, як разлазіцца па швох нацыянальны стэрэатып. У вачох немца я польскі плебэй, але як пачынаю пераварочваць стэрэатып і казаць пра плебэя нямецкага, дык любы немец адчувае страшнае зьдзіўленьне: як гэта – нямецкі плебэй служыў у паляка? І гэта яшчэ раз даводзіць, што разбурэньне стэрэатыпаў грамадзкіх не супадае з разбурэньнем нацыянальных”.

І яшчэ, зьвяртаючыся ўжо беспасярэдна да польскай нацыянальнай традыцыі, Занусі адзначае: “Найчасьцей мы любім згадваць як нашу сапраўдную спадчыну высакародныя шляхецкія традыцыі, мы гаворым пра тое, што люба нашаму сэрцу, і замоўчваем тое, што зусім ня красіць нас ува ўласнай гісторыі”.

Гэтае эсэ Занусі згадалася мне, калі я прачытаў у “Народнай волі” горкі артыкул нашага кінарэжысэра Віктара Дашука пра тое, як расчараваўся ён у сваім народзе, і дзе ён называе гэты народ “халуйскім”. Я ня маю жаданьня спрачацца з Дашуком найперш таму, што добра разумею яго. Я ня маю жаданьня прыводзіць іншыя прыклады, якія б сьведчылі, што беларусы зусім ня нацыя халуёў. Іх досыць у даўняй і найноўшай гісторыі. Хачу толькі нагадаць, што ня толькі “польскае”, але й “беларускае” — вельмі рознае. І таму боль Віктара Дашука – таксама адзін з стэрэатыпаў. Клясьці свой народ, выкрываць ягонае халуйства – даўняя і ганаровая традыцыя, перад якой я здымаю шапку. Калі Лермантаў мог сказаць: “Страна рабов…”, дык чаму ж Дашуку нельга пра сваіх?..

Вядома, паэзія мае свае законы. Але ці шмат гэтая традыцыя тлумачыць у публіцыстыцы? Нашмат больш мяне прыцягвае імкненьне зразумець, чаму ж гэтак, а не інакш усё складаецца… Вядома, і я маю свае адказы. Адзін зь іх у тым, што народ ня можа гадамі жыць на плошчы, на мітынгу, хадзіць бясконцымі маршамі свабоды. Народ мае права на стомленасьць, на змардаванасьць, як любы чалавек, што яго складае. Беларусы змучаныя – гэта факт. І шыльда “халуі” ня выкліча нацыянальнага ўзрушэньня. А што яго выкліча? Гэтага я ня ведаю. Я не прарок.

Але вось нядаўна глядзеў фільм Занусі “Жыцьцё як сьмяротная хвароба, што перадаецца полавым шляхам”. Карціна атрымала Гран-пры на апошнім Маскоўскім фэстывалі. Герой, доктар Бэрг (яго грае выдатны актор Зьбігнеў Запасевіч), сьмяротна хворы – рак лёгкіх. Усё жыцьцё ён пражыў эгаістам, нікому не было ад яго цёпла. Ён ведае, што па сьмерці ён не пакіне ані заплаканых дзяцей-сіротаў, ані забітай горам жонкі. Але гэтаму цыніку-атэісту шкада разьвітвацца з жыцьцём. Ён бунтуецца, імкнецца супакоіць сваю гардыню спробай самагубства. Мноства пытаньняў задае сабе доктар Бэрг і не знаходзіць адказу ля парогу, за якім сьмерць. І толькі сустрэча з маладой парай нібыта сьведчыць пра душэўную перамену. Перад сьмерцю ён прыміраецца зь непазьбежным…

А пачынаецца фільм сцэнай з жыцьця сярэднявечнай Францыі. Празь вёсачку едзе на восьліку сьвяты Бэрнард. І бачыць ён, як сяляне вядуць вешаць канакрада. Той выдзіраецца, крычыць. Манах просіць сялянаў, каб яны дазволілі яму паразмаўляць са злодзеем. Не, ён ня думае прасіць іх пра памілаваньне. Ён хоча падрыхтаваць чалавека да сьмерці. І вось канакрад, спакойны, заміраны, вяртаецца да сваіх катаў і стае пад дрэва, зь якога зьвісае пятля…

І раптам мы бачым, як гэтую сцэну здымае ў Польшчы француская кінагрупа, занятая фільмам пра сьвятога Бэрнарда. Доктар, што назірае за здымкамі, пытаецца ў рэжысэра, ці сапраўды ў гістарычнай “Хроніцы пра сьвятога Бэрнарда” ёсьць згадка пра тое, як ён рыхтаваў да сьмерці вясковага канакрада. Высьвятляецца, што ў “Хроніцы” нічога пра гэта няма. Манах, што прысьвяціў сябе Богу, ведае напэўна, што сьвяты Бэрнард зрабіў менавіта гэтак. Але для большасьці людзей гэтае пытаньне застаецца без адказу. То як жа, сапраўды, можна пагадзіцца з сыходам з жыцьця, перамагчы ўласны страх, шкадаваньне самога сябе, самую прагу жыцьця?

Вось такое кіно ў кіно… Новы фільм Занусі ня толькі пра доктара Бэрга. Ён найперш пра тую экзыстэнцыйную трывогу, якая мусіць мучыць кожнага чалавека. Бо бяз гэтых пакутаў няма чалавека. Бо кожны з нас, сыходзячы, забірае з сабою цэлы сьвет.

Спазнаць гэты сьвет, дакрануцца да яго – вось тое, магчыма, адзіна чалавечае, што важней за ўсё ў жыцьці…

Беларусы-героі, беларусы-халуі, беларусы прыходзяць (адраджэньне), беларусы сыходзяць (выміраньне, канфармізм, Чарнобыль)… Колькі ўжо пісалася і чыталася пра гэта! Высакародных штампаў можна набраць безьліч. Але ёсьць канкрэтны чалавек. Доктар Бэрг. Ці назавём неяк па-беларуску… І яму важна ўсьвядоміць сваю сапраўдную існасьць. І тады ён прыміраецца. Гэта значыць, робіцца чалавекам. Менавіта ў гэтым сэнсе фільм Кшыштафа Занусі і пра нас, беларусаў.

Хочацца спадзявацца, што гэты тэкст ня будзе ўспрыняты як заклік да замірэньня з тым жыцьцём, якое многія цяпер клянуць. Але спазнаньне сябе – гэта ўсё ж справа не калектыўная. І, магчыма, там, на самым ускрайку, з чалавекам, а значыць, і з народам адбываецца сапраўды нешта важнае. Хто ведае…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0