Згубленыя ў вякох

Праз тысячу год па страце дзяржаўнасьці народ мая адраджае сваю вялікую культуру

Калі гаворыцца пра цывілізацыю мая, многія згадваюць пра схаваныя ў сэльве Цэнтральнай Амэрыкі старажытныя таямнічыя піраміды. Гэтыя велізарныя каменныя пабудовы закінутыя больш за тысячу год таму, але нашчадкі тых, хто будаваў піраміды, жывуць дагэтуль. Праз тысячагодзьдзе па зьнікненьні свае дзяржавы гэты старажытны народ спрабуе адрадзіць сваю культуру – і зноў адчуць сябе задзіночанаю нацыяй. Цяперашнія індзейцы мая, якіх налічваецца блізка шасьці мільёнаў чалавек, жывуць у пяці краінах рэгіёну – у паўднёвай Мэксыцы, Гватэмале, Бэлізе, Гандурасе й Сальвадоры.

Па навале канкістадораў стагодзьдзі прыгнёту й рабаўніцтва прывялі бальшыню індзейцаў мая да галечы й няшчасьця. Лідэры “Руху Мая” маюць на мэце дамагчыся хаця б частковага адраджэньня колішняе велічы – і ня толькі праз аднаўленьне даўніх традыцый. Яны шукаюць і новыя шляхі. Азнакі адраджэньня найлепш відаць у тых дзьвюх краінах, дзе народнасьць мая мае найбольшы лік – у Гватэмале (4 мільёны чалавек) і ў Мэксыцы. Але найактыўнейшыя мая – выкладчыкі, пісьменьнікі, мастакі – не прызнаюць межаў і спрабуюць адрадзіць культуру свайго народу, дзякуючы якой індзейцы зноў усьвядомяць сябе адзінаю нацыяй – стваральніцай адной з самых разьвітых цывілізацыяў гісторыі.

Шторазу большую папулярнасьць атрымліваюць нацыянальныя строі мая. Мая-мадэльеры намагаюцца, каб створанае імі адзеньне насілі жанчыны (і мужчыны) ува ўсіх куткох земскае кулі. Самі ж яны носяць нацыянальныя строі не таму, што ня могуць набыць сабе сучасную вопратку. Мая-кампутароўцы пішуць праграмы, якія ўзнаўляюць на сваіх пэрсанальных кампутарах старажытныя магічныя спосабы прадказаньня будучыні. Мая – народ практычны.

Але і ўпарты. Абедзьве гэтыя рысы дапамаглі ім выжыць. Іхнае змаганьне за захаваньне нацыі прыцягнула да сябе ўвагу міжнароднае супольнасьці. Увага гэтая стала пільнейшаю асабліва ў 1992 годзе, калі актывістка “Руху мая” Рыгабэрта Мэнчу атрымала Нобэлеўскую прэмію міру за свой уклад у змаганьне за правы тубыльцаў Гватэмалы. Трохі пазьней у цэнтры ўсеагульнае ўвагі апынуліся даведзеныя да роспачы жыхары мэксыканскага штату Чыяпас, разьмешчанага на поўдні краіны: яны абвясьцілі вайну мэксыканскаму ўраду, патрабуючы сацыяльнае справядлівасьці для народу мая. Рух той ачольваў славуты “субкамандантэ Маркас”, які сам да мая не належыць. Аднае пагрозы было досыць, каб ад 1994 г., калі ўзьнялося паўстаньне, мэксыканскі ўрад вылучыў на разьвіцьцё Чыяпасу сотні мільёнаў пэса. Але мая ня хочуць вайны, асабліва тыя нешматлікія маладыя людзі, якія атрымалі адукацыю. Бо ў суседняй Гватэмале грамадзянская вайна, што скончылася колькі гадоў таму, забрала жыцьці ста тысяч чалавек, і блізка ўсе яны былі індзейцы мая. Адных мабілізавалі ўва ўрадавае войска, іншыя з паўстанцкімі атрадамі сышлі ў горы, трэція – мірныя сяляне – проста трапілі пад гарачую руку тым ці другім. Але вайну разьвязалі ня мая, а чужынцы, гэтаксама як усе войны ў нашым краі вяліся дзеля зусім ня нашых інтарэсаў.

Росквіт цывілізацыі мая прыпадае на гэтак званы клясычны пэрыяд – ад 250 да 900 гадоў н.э. Цягам гэтых стагодзьдзяў дойліды мая збудавалі найвялікшыя ў Заходняй паўкулі помнікі – бажніцы ў мэксыканскай Чычэн-Іцы, гватэмальскім Тыкалі, гандураскім Капане. Земляробы мая вывелі і ўдасканалілі кукурузу. Матэматыкі адкрылі панятак “нуль”. Мая стварылі ўласную сыстэму пэтрогліфаў.

За шэсьць стагодзьдзяў да “адкрыцьця” Калюмбам Амэрыкі гэтая цывілізацыя раптам спыніла сваё існаваньне. Чаму гэтак адбылося, пакуль ня высьветлена, хоць навукоўцы сярод прычын называюць перанаселенасьць, эпідэміі, зьмены клімату й вайну. На месцы згінулай дзяржавы паўставалі іншыя дзяржаўныя ўтварэньні – тальтэкаў, якіх у ХІІ ст. заваявалі ацтэкі – пакуль, нарэшце, пры канцы ХVІ ст. усіх іх не захапілі гішпанцы. І цьмяная памяць пра гераічную мінуўшчыну засталася хіба адзіным, што дагэтуль задзіночвае мая.

Сёньня мая пазбаўлены нават моўнае лучнасьці. (Гэта і што да гішпанскае, бо вяскоўцы амаль не валодаюць дзяржаўнаю моваю сваіх краін.) У моўную сям’ю мая ўлучаецца болей за дваццаць жывых гаворак і дыялектаў: зь іх, прыкладам, на дыялекце моча гавораць толькі 75 чалавек у Чыяпасе, і ён вось-вось станецца мёртвым. Іншыя, кшталту какчыкеля, пашыранага ў цэнтральнай Гватэмале, на якім гавораць 270 тысяч чалавек, плённа супраціўляюцца гішпанізацыі. У наш час школы па ўсім “краі мая” ўсяляк імкнуцца заахвоціць “сапраўдных мая” гаварыць на роднай мове. Настаўнікі намагаюцца пераадолець скептыцызм вучняў і бацькоў. Спачатку многія бацькі меркавалі, што іхныя дзеці зробяць крок назад, калі будуць вучыцца гаворцы какчыкеля, але цяпер яны ў гэтым “кроку назад” бачаць і перавагі.

Прыхільнікі адраджэньня культуры мая аддаюць увагу ня толькі шкаляром. Мовазнаўцы працуюць над складаньнем слоўнікаў, парадкуюць граматыку й нават прыдумляюць новыя словы. “Кампутар”, прыкладам, стаўся “кемацыбам” (“слоўным ткачом”). Мова мая паэтычная й багатая на гукаперайманьні: “гром” – “кунунун”, што азначае “той, што нізка разьлягаецца”, “пацалунак” абазначаецца словам, што перадае цмоканьне – “цуц”, “дзяцел” будзе адпаведна “туктук”. Усё больш і больш пісьменьнікаў мая пераконваюцца, што іхныя родныя мовы цалкам прыдатныя, каб ствараць на іх літаратуру.

Гэтая тэндэнцыя прасочваецца амаль ува ўсіх сфэрах штодзённага жыцьця. Адзін гватэмальскі выдавец друкуе й пасьпяхова распаўсюджвае падручны штодзёньнік, створаны на падставе старажытнага календара мая. Ён мае попыт і ў тых, хто не належыць да мая паводле крыві: зь ягонаю дапамогаю можна выбраць спрыяльны дзень для палявых работ, для падзякі ці пэўных цырымоній. У гэтым маленькім тамку дні тыдня пазначаюцца таямнічымі для непасьвечаных пэтрогліфамі і выкарыстоўваецца сыстэма зьлічэньня мая. У месьце Тэкпан яна ўжываецца (поруч зь дзесятковаю сыстэмаю) для навучаньня шкаляроў арытмэтыкі ці, прынамсі, для разьвіцьця мысьленьня – гэтак на Захадзе з тою самаю мэтаю вучаць дзяцей лічыць у дванаццатковай сыстэме. Дызайнэр кнігі Дэмэтрыё Радрыгес стварыў адмысловую праграму, што дае магчымасьць адною пстрычкаю “мышкі” выклікаць на экран увесь набор пэтрогліфаў мовы мая. “Цяпер яны праракуюць з дапамогай лэптопу”, – кажа антраполяг Кей Уорэн, аўтар манаграфіі аб праблемах этнічнага адраджэньня ў Гватэмале.

Рух “панмаянізму” амаль нідзе не спаткаў адмоўнае рэакцыі. У Мэксыцы, прыкладам, ніхто не пратэстуе з тае нагоды, што зь дзяржаўнае скарбніцы грошы паліліся ў Чыяпас. Да гэтага ставяцца скарэй з патураньнем. І ў Гватэмале незадаволеньне выяўляецца хіба толькі ў форме жартаў. Папулярны досьціп кажа, што Гватэмала будзе пераназвана ў “Гватэмаю”. “Ладынасы” (як называюць індзейцы мая ўсіх, хто не належыць да іхнага народу) таксама стаміліся ад вайны.

А між тым вайна паспрыяла пашырэньню руху за адраджэньне мая наўшыркі. Эдуарда Такацік у 10 гадоў праз грамадзянскую вайну мусіў пакінуць родны дом у Чымальтэнанга і ўцячы ў Мэксыку. Там ён навучыўся пэлёты – даўняе гульні індзейцаў мая, забытае ў Гватэмале. Праз 13 год, вярнуўшыся на бацькаўшчыну, ён прывёз з сабою гульню. Неўзабаве Такацік ды дзясятак ягоных сяброў, якіх ён зацікавіў гульнёю, выправіліся ў ваколіцы Тэкпану, дзе ў старажытнасьці мая гулялі ў пэлёту, і зладзілі там турнір. Гэта было нешта большае, чым проста гульня. Ад Х ст. гэтая пляцоўка была закінута й забыта – цяпер, хай і ненадоўга, мая вярнуліся на яе.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0