Што вы зрабілі са сваёй вольнасьцю

У XV-XIX ст. з Афрыкі на амэрыканскія плянтацыі вывезьлі каля 20 млн. чалавек. Яшчэ каля 15 млн. афрыканцаў паняволілі арабскія паляўнічыя на людзей. Навука Маркуса Гарві і Марціна Лютэра Кінга, рух Black Power, музыка рэгі ды растафарыянізм падштурхнулі мурынаў Новага сьвету да пошуку сваіх каранёў. У свой час вялікую вядомасьць набыў чын амэрыканскага пісьменьніка Галея, які прыехаў на сваю гістарычную радзіму, адкуль яго продкаў вывезьлі стагодзьдзі таму, і адшукаў тамака сваіх дальніх сваякоў. Сёньня каменныя фарты, дзе ўтрымлівалі нявольнікаў і адкуль іх адпраўлялі ў 100-дзённае падарожжа на рабскія рынкі Карыбаў, сталі турыстычнымі славутасьцямі.

На пачатку 90-х эксцэнтрычны правадыр ёруба, мільянэр і няўдалы прэзыдэнт Нігерыі Абіёла пачаў кампанію, каб прымусіць Захад заплаціць кампэнсацыю за паняволеньне і калянізацыю Афрыкі. Пры гэтым ён спасылаўся на кампэнсацыю, якую выплаціла жыдам Нямеччына, а таксама на рэпарацыі, выплачаныя Кувэйту Іракам, і нават здабыў сваёй задуме падтрымку з боку Арганізацыі Афрыканскага Адзінства.

Многія афрыканскія і афраамэрыканскія палітыкі ў прынцыпе пагадзіліся з ідэяй кампэнсацыі. Некаторыя, праўда, заявілі, што тую кампэнсацыю найперш трэ было б даваць чарнаскурым Амэрыкі і Карыбаў, а ня Афрыцы і тым афрыканцам, чыіх продкаў ніхто нікуды ня звозіў. Дый хто мусіць плаціць? Калі заходнія дзяржавы, то як быць з тым, што некаторыя падаткаплатнікі заходніх краінаў самі нашчадкі рабоў?

І чаму ніхто не дамагаецца адначасова кампэнсацыяў і ад арабскіх краінаў? У Афрыцы іслам шырыцца і мацнее, а арабскія нафтадаляры ратуюць многія дыктатарскія рэжымы Чорнага кантынэнту, таму нагадваць арабам пра рабства ніхто не рызыкуе. Затое нагадаць пра яго белым - цалкам адпавядае духу часу. Дый як разабрацца з князькамі і царкамі, што самі палявалі на сваіх людзей, каб прадаць іх іншаземцам, ці ўвогуле аддавалі іх за іржавую стрэльбу? І ўвогуле, як уся Афрыка можа патрабаваць кампэнсацыяў за рабства, калі ў такіх краінах, як Судан і Маўрытанія, яно практыкуецца і цяпер?

Адным з варыянтаў вырашэньня праблемы мог бы стаць гэткі афрыканскі “плян Маршала”. Чарнаскуры пастар і палітык з ЗША, Джэсы Джэксан ужо шэраг гадоў змагаецца за кампэнсацыі для Афрыкі, але кажа, што трэба забыць пра адказнасьць самой Афрыкі за нявольніцтва і не зважаць на долю ейнае віны ў ім, бо не афрыканцы стварылі попыт на рабоў, не яны перавозілі нявольнікаў цэлымі караблямі і не яны збудавалі сваю цывілізацыю на нявольніцтве. І дадае, што калі плян дапамогі ўсё ж немагчымы, то для пачатку хапіла б і таго, каб Захад дараваў Афрыцы даўгі, якія дасягаюць 300 млрд. даляраў, і даў новых пазыкаў на тых жа ўмовах, што і для посткамуністычных краін Усходняй Эўропы.

Але існуюць і іншыя меркаваньні. “Годзе стаяць з працягнутай рукой і жабраваць! Годзе вінаваціць за нашыя беды толькі іншых! Урэшце, годзе пытацца, што сьвет зрабіў для Афрыкі, трэба засяродзіцца на тым, што мы самі можам для сябе зрабіць!” — заявілі прэзыдэнты Паўднёвай Афрыкі і Ўганды Таба Мбэкі і Ёвэры Мусэвэні, абвяшчаючы надыход афрыканскага Адраджэньня. Адным словам, паўтараючы Нэльсана Мандэлу: “Што вы зрабілі са сваёй вольнасьцю?”

Не дасягнуўшы згоды між сабой у справе стаўленьня да кампэнсацыі за нявольніцтва і змарнаваную вольнасьць, Афрыка ня можа атрымаць і інвэстыцыяў. Вось і рамантуюць афрыканцы нявольніцкія рынкі і вязьніцы, куды ахвотна едуць заходнія турысты, зь якіх можна выцягнуць грошы. Ніяк чорнай Афрыцы не ўдаецца скарыстаць са сваёй вольнасьці. Воля - гэта вам ня рабства!

С.Р.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0