АКУЛА


* * *

Я зганьбаваную сьвятыню
як мог, што сілаў, аднаўляў.
На помач клікаў на чужыне,
шляхі і вехі ўстанаўляў.
І благаслаўлены Ўсявышні
нас верай, сілай надзяліў, –
народ наш на зямлі ня лішні,
ён будзе жыць, як хваль прыліў!

Кастусь Акула

1981 г.


 

Уладзімер Арлоў

Птушатнік зь Верацеяў

 

Таго, што ня сталася ўражаньнем і ўспамінам, проста не існавала. І ў жыцьці, і ў літаратуры.

Гаворка ня толькі пра падзеі ды зьявы.

Часам я задуменна гартаю тэлефонны даведнік Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў і на кожнай старонцы сустракаю прозьвішчы, якія ня кажуць абсалютна нічога нават мне, “калегу па творчым цэху”. Ці існуюць і ці існавалі іхнія ўладальнікі наагул? Што стварылі, якія ўчынкі зьдзейсьнілі? Можа, іх найвышэйшым творчым узьлётам было падпісаньне ўжо забытай заявы ў падтрымку “саюзнай дзяржавы”?

Жыхара канадыйскага гораду Таронта Кастуся Акулы ў згаданым даведніку вы ня знойдзеце. Можна падумаць, што ён не беларускі пісьменьнік. Або што ў іх там цяжкавата з тэлефонамі.

Але, адрозна ад нялічаных дзясяткаў анікому ня ведамых “беларускіх пісьменьнікаў”, Кастусь Акула існуе. Ужо 75 гадоў. (Цікава, дарэчы, ці засьведчыць гэты факт газэта “Літаратура і мастацтва”?)

“Далёкі й загадкавы Акула” (словы Васіля Быкава з аўтографу на “Сьцяне”) праз усё жыцьцё пакідае за сабою яскравыя ўражаньні ды ўспаміны.

Двухмэтровага беларуса, што ніколі не саромеўся свайго паходжаньня, а нацыянальны гонар мог абараніць не абы-якімі кулакамі, памятаюць вэтэраны 2-га польскага корпусу Восьмай брытанскай арміі, разам зь якімі ён ваяваў у 1945-м на Апэнінах.

Яго часта згадваў былы курсант танкавай школы падхаронжых у Ёркшыры князь Юры Радзівіл, што не прамінаў выпадку распытаць Кастуся пра радзіму продкаў. 

Убачыўшы магутную постаць Акулы, старыя бармэны з пабаў у лёнданскім раёне Фінчлі прыгадваюць беларускія словы і нават цэлую наскую песьню – “Ад панядзелка да панядзелка...”

Замшэлыя барытоны й тэнары колішняга Чырванасьцяжнага ансамблю песьні й танцу Савецкай Арміі часам бачаць у жудлівых снах, як на цырымоніі пачатку іхніх гастроляў у Канадзе нейкі містэр шырака й зычліва ўсьміхнуўся ім і па-расейску, зь мяккім знаёмым акцэнтам пачаў прамаўляць: “Мы сердечно приветствуем вас на свободной канадской земле и ненавидим антинародный кремлевский режим точно так же, как и вы его ненавидите”.

Добра памятаў К.Акулу былы намесьнік старшыні Савету Міністраў Савецкага Саюзу тав.Палянскі, які, аглядаючы ганаровую варту ў “дзень СССР” на выставе ЭКСПО-67 ў Манрэалі, раптам пачуў мала слабейшы за ерыхонскую трубу голас: “Death to Moskow murderers! Freedom for Belarus!” і апынуўся пад дажджом з сотняў улётак. (Па дарозе ў суд затрыманы аўтар “гепэнінгу” пасьпеў растлумачыць канваіру, што ягонае, канваірава, прозьвішча зусім ня нейкі там няўцямны Козэлл, а спрадвечнае, сьветлае й яснае, беларускае – Казёл.)

У 90-я гады Кастусь Акула колькі разоў наведаў Бацькаўшчыну, пакінуўшы па сабе неардынарныя ўражаньні ў грамадзянаў сувэрэннае Беларусі самага рознага статусу й роду заняткаў – ад аднавяскоўцаў і дыспэтчаркі з аўтастанцыі ў Плешчаніцах, што ледзь не перажыла інсульту, упершыню ўбачыўшы перад сабою пасажыра, які запатрабаваў кавы, да манашак полацкага Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра і адказных таварышаў з БТ, якія ўсё ж выпусьцілі ў этэр інтэрвію зь нядобранадзейным замежным літаратарам, бо ў тыя часы на БТ яшчэ ня “чыкалі”, а толькі “цыкалі”.

Тады нарэшце адбылася сустрэча Акулы з нашым чытачом. Як выглядае, яе чаканьне было ўзаемным. Фрагмэнты з “Усякае ўсячыны”, “Гараваткі” ды іншых кнігаў Кастуся Акулы надрукавалі, бадай, усе беларускія часопісы, а ў 1994-м у “Мастацкай літаратуры” быў перавыдадзены раман “Змагарныя дарогі”.

Ужо дзьмуў новы вецер. Раман быў падпісаны ў друк на трэці дзень пасьля перамогі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Відаць, з гэтае прычыны наклад, параўнаўча з колькасьцю заявак, рэзка зьменшылі да 6 тысячаў. Але Аляксандар Рыгоравіч рэабілітаваўся, беспасярэдна прычыніўшыся да рэклямы “Змагарных дарогаў”. У часе тэлесустрэчы з новым начальнікам краіны малады аматар палітычных даносаў буйным плянам прадэманстраваў з экрану “нехорошую” кнігу ў зграбным пераплёце сталёвага колеру, заклікаючы разабрацца, куды ідуць народныя грошы. Начальнік паблажліва паабяцаў.

У выніку “Змагарныя дарогі”, асабліва ў Менску, былі імгненна раскупленыя. Колькі месяцаў кніга займала высокія пазыцыі ў сьпісе беларускіх бэстсэлераў, а адтуль пазьней перавандравала ў пералік 100 беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя (а значыць, некалі абавязкова будзе зноў перавыдадзеная).

Увесь гэты час доўжылася выясьненьне, куды ж пайшлі народныя грошы. Кропку паставіў Беларускі ПЭН-Цэнтар, прысудзіўшы Кастусю Акулу літаратурную прэмію імя Францішка Багушэвіча.

Развагі пра творчасьць Кастуся Акулы, яе кантэкст, традыцыйнасьць і наватарства пакідаю літаратуразнаўцам. (Пагатоў, свае дылетанцкія ўражаньні я калісьці ўжо выказаў у прадмове да “Змагарных дарогаў”.) Зазначу адно, што бяз гэтага раману, напісанага на далёкім беразе Антарыё, беларуская ваенная проза засталася б трохі кульгавай.

Мо яшчэ колькі слоў пра тое, што літаратуразнаўцам, магчыма, невядома.

Кастусь Акула называе сябе птушатнікам, то бок непрафэсійным арнітолягам. Ён можа зь неўдаванаю скрухаю напісаць, што ў Таронце памерлі ад марозу вераб’і. Бываючы ў Беларусі, ён захоплена глядзіць на кожную сароку, бо ў Канадзе гэтыя птушкі не вядуцца й успрымаюцца як экзоты кшталту якога-небудзь какаду.

А птушка, якую вы бачыце, – самы сьвежы ліст ад Акулы ў Беларусь.

Беларускі пісьменьнік, які ў 75 гадоў малюе птушак, мусіць жыць доўга.


Жыцьцяпіс

Кастусь Акула (Аляксандар Качан), народжаны 16 лістапада 1925 г. у вёсцы Верацеі (с/с Каралеўшчына, Докшыцкі р-н, Віцебскай вобл.). Бацька — Ігнат, маці — Паўліна. У сям’і было 8 дзяцей. Бацька меў 12 гектараў ворнай зямлі. Надта працавіты й сумленны селянін, ён таксама стараўся даць магчымасьць дзецям вучыцца.

Я вучыўся ў польскай пачатковай і пасьля савецкай школе. Падчас нямецкае акупацыі скончыў шасьцімесячныя курсы для настаўнікаў пачатковых школаў у Глыбокім, працаваў настаўнікам у Порплішчах. Налета паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Увосень 1943 г. у Менску трапіў у нямецкую аблаву і адседзеў 4 месяцы ў вязьніцы і канцлягеры.

У чырвені 1944 г. паступіў добраахвотнікам у Школу Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны ў Менску. Школа пакінула Менск 29 чырвеня. У канцы жніўня, у Францыі, яна арганізавана перайшла да францускіх партызанаў. У сьнежні я ўступіў у Брытанскую восьмую армію ў Італіі (Другі польскі корпус).

Ад студзеня 1945 году да канца вайны ў Італіі браў удзел у акцыі супраць немцаў, атрымаў як узнагароду “Мэдаль за вайну” і “Зорку Італіі”. Ад сярэдзіны траўня да канца наступнага красавіка знаходзіўся ў Англіі на Школе Падхаронжых Панцырнай Зброі ў Катэрык Кемп у Ёркшыры. Пасьля вярнуўся яшчэ раз у Італію, дзе з рангай капрала падхаронжага праходзіў практычныя заняткі. Вярнуўшыся ў Англію, у чэрвені 1947 году выехаў у Канаду.

Папрацаваўшы трохі на кантракце на фэрме, перабраўся ў Таронта. Галоўная мэта – палажыць пачатак арганізаванага беларускага нацыянальнага жыцьця ў гэтай краіне. 30-га кастрычніка 1948 г. ініцыятыўная група — 14 чалавек, — у Таронце залажыла Згуртаваньне Беларусаў Канады, мяне выбралі першым старшынём. Ад пачатку 1948 году да 1954 г. рэдагаваў месячную газэту “Беларускі Эмігрант” (поўную яе копію на істужцы пераслаў я сп-ру Лявону Пранчаку).

У 1950 годзе ажаніўся зь беларускай, Надзяй Вернай. Чацьвёра дзяцей (сын памёр у 1972 г. у веку 20 гадоў ад цукрыцы), сын Юрка скончыў Таронцкі ўнівэрсытэт (сацыялёгію), цяпер жыве ў Манрэалі. Дачка й сын у Таронце.

Я працаваў на індустрыі, найперш у Масы Фэргусон на працягу 18 гадоў, а пасьля ў дзьвёх іншых кампаніях. Ад 1-га студзеня 1990 году адыйшоў на пэнсію.

Цэлы час браў актыўны ўдзел у беларускай грамадзкай працы, шмат часу пасьвячаў журналістыцы і антыкамуністычным акцыям як на беларускім, так і на міжнацыянальным франтох. Творчая праца на літаратурнай ніве давала добрую падтрымку ў нялёгкім эміграцыйным быце.

 

Творы: “Змагарныя дарогі”, раман (1962).

“Гараватка”, трылёгія: “Дзярлівая птушка” (1965), “Закрываўленае сонца” (1974), “Беларусы, вас чакае зямля” (1981).

“Усякая ўсячына”, проза, паэзія, п’еса (1984).

“За волю”, раман (1991).

“Tomorrow is Yesterday”, раман (1968).

 

На працягу некаторага часу пісаў у расейскамоўны часапіс (быў сябрам рэдкалегіі) “Современник” у Таронце, таксама пісаў у парыскі часопіс “Континент”.

У 1951 г. бацьку замардавалі ў канцлягеры, дзесьці каля Барысава. Дэталі мне невядомыя.

Цяпер рэдагую часопіс вэтэранаў “Зважай”.

P.S. Некаторы час карыстаўся, у журналістыцы пераважна, псэўданімам Міхась Козыр.

P.P.S. Хачу вытлумачыць сказ з тэй аўтабіяграфіі: “Налета паступіў у Віленскую беларускую гімназію”. Гэта было ў верасьні 1943 году. Я здаў іспыты ў восьмую (апошнюю) клясу. Скончыць мне яе не ўдалося, бо па дарозе дадому (трэба ж было прывозіць з дому харчы) заехаўся ў Менск і там трапіў у аблаву. Адседзеў тры месяцы ў вязьніцы й адзін месяц у канцлягеры, што быў ля Камароўкі. Гледзячы назад, не шкадую таго, што ня маю фармальнай сярэдняй адукацыі, бо лепшую навуку дала мне вязьніца й канцлягер. Прашу зразумець: пішу гэта таму, што ўжо некаторыя людзі, гаворачы пра мяне ці пішучы, робяць і такое: “скончыў Віленскую беларускую гімназію”. На маёй пасьветцы з гімназіі (яна, пасьветка, цяпер знаходзіцца ў Лёндане ў Скарынінцы) напісана: “Неклясыфікаваны з прычыны хваробы”.

Праўда, апынуўшыся ў Другім корпусе польскай арміі ў Італіі, здаў я экзамэн з “малой матуры”. Без “малой матуры” не загадалі бы мне ехаць на школу падхаронжых у Англію, якую я скончыў, хоць польскі памешчык Палішэўскі, камандзер Школы, даў мне апошнюю “лёкату”, а гэта з прычыны маёй нацыянальнасьці. Я хацеў адмовіцца, а пасьля падумаў, што як маеш на мундзіры пагоны падхаронжага, каторыя даюць табе ў войску афіцэрскія правы, дык да цябе ўсе інакш адносяцца. І я не памыліўся.

К.Акула

19.2.1993


стары фэльетон

Сходзіны*

Сядня ў Нью Ёрку адбыліся сходзіны чала Ўсекрывіцкага Руху й Ордэну Двупагоні. Ладная лічба з гэнкіх прысутных толькі надовечы зрабіла ўлазіны ў Гаспадарствы Злучаныя Амэрыканскія.

Усі сябры й госьці сходзіліся паважліва ды займалі лавы й услоны поблізу дохтарчынага крэсла, зь якога наські дохтар, прахвэсар, інжынер Іванька Склют маў прагаласіць водчыт.

Спачатна прыйходзілі малажлявыя сябры й сябрыхі, за імі-ж прыбывалі й старэйшыя. Напокуці на ўслоне разьмясьціўся ведамы мудрыц Гапон Казановічык. Побач расьселіся: дзеўка Хвядося ў салёпцы, вучыцелчын плямяньнік Піліпянё Панасюк. Гэттака-ж перазь іхныя плечы відаць было бы кураводку Гапульку і ейнае рабё. За ёю было відаць яшчо колькадзесят людзёў. Між імі выдзяляліся харашлявыя Лявон, Сілівон, Гапон, Сапрон і Харытон – людзі разумныя й сярод крывіцкага руху слаўныя, што не абы якія мазкі малі. Усюдах чутная была мова крывічанская – скарынінская. У дзьвярох наськая паліца пераверывала прашпарты, каб усьцерагчыся варагоў. Усяго ў салі сходзінаў зыбралася дабрусенькіх да асьмідзесят чатырох сябраў.

Па неськім часе запанавала ціша. У салю паважліва зрабіў уходзіны ў суправодзе чэлядзі быўшы вайводаў сябра, гарапяка крывіцкага руху, магістар Ордэну Двупагоні, ведамы мудрыц і філялёг мовы крывіцкае паўшэхнае, слаўная думніца – ацец і вучыцел руху паспалітага, усекрывіцкага – прахвэсар, дохтар, інжынер, акадэмік Іванька Склют.

Гэттака-ж усе ўсталі й адале пачаліся нямоўкныя воплескі й выгукі: “Віват, вашэць! Ваські дух із намі! Дапаможам вашэці ўздолець чужнікоў і варагоў!”

Ягонае-ж шаноўства, узважліва кіўнуўшы думніцай ва ўсе стараны, падыйшоў да ордэнскага крэсла. Хусьцінай выцер чало й ачкі, каўтнуў вадзіцай із шкляной пасудзіны й распачаў гаворку. Гаварыў ён на тэму: “Вузлы й ніці руху ўсекрывічанскага, з Ордэнам Двупагоні зьвязанага, на наськай дамашняй глебе выраслага й нашы задачы сядня ў Задзіночаных Гаспадарствах Амэрыканскіх”.

Гэнкі водчыт цягнуўся доўга, але тыі прысутныя ё людзьмі церпялівымі й кемкімі, дык просьле водчыту разьвярнулася вялікая дыскуса. Разьбіраліся ноўшыя хормы барацьбы з чужнікамі ўдома і ўсюдах.

Просьле ўсяе дыскусы было спаладжана йгрышча крывіцкае. На гэнае йгрышча дайшлі йшчэ йгрыцы із снасьцямі: з дудой, бубнам, літаўрамі й цымбаламі ды йскрыпкай. На сталох было падрыхтавана еміна й пітво. Падсілкаваўшыся й выпіўшы ладне, усі кінуліся ў скокі пад зычную музыку ігрыцоў. Дзекаторыя ірзалі зь весялосьці й радошчаў.

Наські дохтар быў і не абы які гуляка. Узяўшыся пад бакі, ён прытупнуў нагою й пазаліхвацку зацягнуў песьню: “Зажурылась пападзьдзя што поп з барадою”.

Ігрышча скончылася просьле першых пятухоў. Наканцы ўсім была прагаломшана ведамка, што ў другую нядзелю адбудзецца ўсекрывіцкі выбег паза Нью Ёрк.

Подля ведамак, зыбраных Цэцыляй і Даміцэляй і апрацаваных Януком і Прануком

 

* Гэты фэльетон, аснованы на мове вядомага філёляга й палітыка, быў зьмешчаны ў “Беларускім Эмігранце”, № 8 (30) за 30-га верасьня, 1950 году ў Тароньце. (Заўвага аўтара.)

 

Кастусь Акула. Усякая ўсячына: Проза, паэзія, п’еса. – Выданьне “Пагоні”, Таронта, 1984. ISBN 0-96908969-6-2

[Артаграфія арыгіналу]

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0