ПОШТА РЭДАКЦЫІ


 

Як Сьвятую гару ад камуністаў перахавалі

Слынны сучасны беларускі вандроўнік і бард Зьміцер Бартосік вельмі шкадуе, што ў Беларусі ёсьць гара Дзяржынская і няма гары Сьвятой (гл. “НН” № 44, “Аптэка на Францішканскай”).

Гэта не зусім так. Нават у самыя злыя камунячыя часы ў Беларусі былі і гара Дзяржынская, і гара Сьвятая. І гара Сьвятая — вышэйшая. Гара Сьвятая – найвышэйшая кропка Беларусі, знаходзіцца на поўнач ад вёскі Скірмунтова (на мапах “Скірмантова”, людзі ж кажуць “Скірмунтова”). З краю вёскі ёсьць лесапілка. І камунякі, напэўна, з найлепшых сваіх камунячых меркаваньняў, зрабілі знак гары Дзяржынскай і паставілі яго не на найвышэйшую кропку Беларусі, а ў двары тае лесапілкі, недалёк ад шляху на Івянец. А калі прайсьці гасьцінцам на вёску Глушынцы, то празь некалькі соцень мэтраў стаіць трыангуляцыйны знак – гэта й ёсьць найвышэйшая кропка Беларусі: гара Сьвятая. Такім чынам, камунякі ішлі ў двор лесапілкі да гары Дзяржынскай, а сапраўдныя беларусы – да гары Сьвятой. Але, добра ведаючы хітрых месьцічаў, можна задумацца: “А можа, нейкі разумны беларус зрабіў гэта наўмысна, каб захаваць для Беларусі гару Сьвятую?”

Увогуле гэтыя мясьціны вельмі прыгожыя. Вядомы беларускі турыст і дзіцячы пэдагог Мікалай Мурашка распрацаваў надта цікавы турысцкі маршрут з Койданава да Аксакаўшчыны праз гару Сьвятую і вытокі Іслачы. Маршрут прыгожы і цікавы, лёгка праходзіцца нават дзеткамі, якім менш за 10 гадоў, нават на восеньскія вакацыі. Трэба толькі дамовіцца з школамі ў Вялікіх Навасёлках і Скірмунтове пра начлег. Раней гэты маршрут хадзілі кожны год.

А ў гэтай вандроўцы Зьміцер Бартосік, відаць, праехаў міма многіх знакамітых мясьцінаў. Гэта Малыя Навасёлкі – радзіма Міколы Ермаловіча. У Вялікіх Навасёлках – магіла Каруся Каганца і добра захаваны панскі палац. А паміж Вялікімі Навасёлкамі і Машніцай – магутнае рэчышча Ўсы з “астанцамі”, па якіх бачна, як зьмяніўся ляндшафт.

Валер Бадун, Менск

 

“З Кастрачнікам!”

Хачу працягнуць распачатую некалі ў “НН” размову пра графіці.

Старажытны Пінск расьпісваюць рэгулярна і цікава. Напярэдадні выбараў горад ізноў расьпісалі – надпісаў было шмат, і былі яны паўсюль. Шмат як ніколі. Шкада хіба, што “бягучы момант” патрабаваў ад аўтараў адпаведнай тэматыкі, дзе цяжка быць арыгінальным: “Выбары – падман”, “15 кастрычніка – гэта фарс” і г.д.

Трохі раней, у гадавіну ўступленьня Рыгоравіча на пасаду, пінчукі арыгінальнічалі: “У Лукі гаворкі, што ў дурня махоркі”, “Водка дорожает — Лука процветает”, “Лукец-амбец” — красаваліся надпісы на платах і сьценах уздоўж Першамайскай.

А год таму, напярэдадні чарговай гадавіны кастрычніцкага перавароту, сярод іншых выдзяляліся два надпісы ў цэнтры гораду на вуліцы Леніна: “З Кастрачнікам!”, “7 ноября – поцелуй упыря”.

Ня выключана, што ў хуткім часе, нагледзеўшыся на графіці, пінчукі будуць вітаць тых, хто дагэтуль сьвяткуе 7 лістапада, словамі “З Кастрачнікам, упыри!”.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Думкі над “Нівай”

Атрымала 200-ы, з 23 кастрычніка, 2000, нумар “Нашай Нівы”. Чытаю “Пяцёрка па расейскай” — інтэрвію з карэспандэнтам Ю.Сьвірком, які 15 кастрычніка на выбарчым участку браў інтэрвію ў Лукашэнкі па-расейску.

На пытаньне “НН”, чаму не па-беларуску, карэспандэнт даваў доўгія, непераконваючыя выясьненьні. І на кожны зь ягоных чатырох аргумэнтаў у думках яму адказвала “Усё роўна, тым болей трэ было гаварыць па-беларуску”.

Чаму? Рэч простая. Калі мы ня будзем шанаваць сябе, усяго свайго, сваю мову, дык хто тады нас ды нашую беларускую мову будзе шанаваць!? Ніхто на сьвеце!

Калі ж карэспандэнт у сваіх выясьненьнях-апраўданьнях дайшоў да пункту пятага й сказаў, што ягоная “родная мова расейская”, хоць мовай ягоных продкаў была беларуская, і што гэтага, як і ў Лукашэнкі, зьмяніць нельга, дык сказала яму: “Чалавеча, чаму ж ты гэтага адразу не сказаў?” Праўда, чытач і так здагадваўся, што зь беларушчынай ягонай душы ня ўсё ў парадку, што ў ягонай душы шмат, як немец кажа, “эрзацу”. (У часе вайны ў Нямеччыне не было сапраўднай кавы, а быў “эрзац” — непаўнавартасная замена кавы.)

* * *

А Ніне Мацяш Бог адказвае, так вучыць хрысьціянская рэлігія — Ісус Хрыстос: “Даў я табе, Ніна Мацяш, жыцьцё, вялікі дар-здольнасьці і заданьне-місію праз усё жыцьцё быць сьветачам для Твайго народу, навучаць яго, як ачысьціць і самой ачышчаць “сьметнік”, на якім ты апынулася, як з “псярні” зрабіць людзкое жытло. Я “пасадзіў”, як Ты кажаш, ізраільскі народ на пустыню і ён з пустыні зрабіў квітнеючыя сады...”.

Гэта ня я, а Бог так кажа. Я скажу другое, што мы грашым перад Богам, абражаем Яго, калі ганьбуем ЯГОНЫ НАМ ДАРАМ — нашую беларускую мову, калі мы выракаемся яе. (Гэта пэўне ж кажу не да спадарыні Ніны Мацяш.)

 

* * *

У 41-м нумары “НН”, на бачыне МОВА-2000, гаворка пра прозьвішчы. У нас у Пружане да 1942 году, пакуль я была ў Беларусі, суседак-жанчын называлі па прозьвішчу Жыкоўшчыха, Дудзейчыха, Капаровічыха, Канцэвічыха, але і па імю мужа Вінцулёвая (жонка Вінцэнта, Вінцука, Вінцуля), Фальчучыха — выйшла замуж за Фэлікса-Фальчука, Сымоніха. У Пружанах была беларуская дзяячка Кацярына Стаўбунік, якую абсалютна ўсе называлі Стаўбуніха.

На першай, якую мне давялося наведаць, лекцыі беларусаведы др.Янка Станкевіч гаварыў якраз пра беларускія прозьвішчы, што беларускія хормы прозьвішчаў для замужніх жанчын канчаюцца на -чыха, дзявочыя ж — на -чанка. І так жонка Жукоўскага — Жукоўшчыха, іхная дачка — Жукоўшчанка, Трафімучыхі — Трафімучанка, Канцэвічыхі — Канцэвічанка. Я, слухаючы др.Станкевіча, цешылася, што ў нас якраз гавораць правільна, і таму гэтую лекцыю добра запамятала.

 

* * *

Наватворы могуць тварыць паэты — ад калыскі беларускамоўныя носьбіты мовы, зь вялікім вычуцьцём прыгаства й духу мовы, калі ім у творчасьці само напрошваецца прыгожае слоўца ў беларускім духу. Прыклад з Танка — “кагарка” — песьня-крыкі птушак-чаек “ка-га! ка-га!” так прыветліва ўзьдзейнічалі на душу паэты, што ён адгукнуўся птушцы “кагарка! кагарка!”

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

 

Праспэкты Багушэвіча і Ермаловіча

Дазвольце мне зрабіць прапанову наконт увекавечаньня імя Францішка Багушэвіча. Лічу, што вуліцы для такой постаці як Ён, хоць бы і ў цэнтры, будзе замала.

Бо Цэнтар – гэта Гісторыя, традыцыя, у яго свае спрадвечныя назовы, якія трэба вяртаць. Я прапаную перайменаваць вуліцы Магілёўскую, Аранскую ды Партызанскі праспэкт у праспэкт Францішка Багушэвіча.

Таксама падтрымліваю ідэю перайменаваньня вуліцы Сьвярдлова і Маякоўскага да Камвольнага камбінату ў праспэкт Міколы Ермаловіча. А за камбінатам – у Ігуменскі тракт.

Гайшун, Менск

Глыбокае – “залатое дно” і “парахавая бочка”

Пару тыдняў таму нечакана зачынілі глыбоцкі Малы рынак, які ў народзе завецца папросту “Хітрушка”. Бульдозэр пры расшырэньні гандлёвай пляцоўкі агаліў у пласьце зямлі цэлы арсэнал. Сапёры (маёр і сэржант), што прыехалі зь Межыцы з-пад Лепелю, знайшлі 308 мінаў калібру 50 мм да батальённага мінамёту. Дзьве міны былі чамусьці савецкія, астатнія – нямецкія. Міны вывезьлі за горад і ў раёне Белага возера ўзрывалі партыямі па 50—100 штук. Начное рэха даносілася і да Глыбокага, адбіваючыся ў шыбах дамоў.

На гэтае разьмінаваньне сабралася паглядзець колькі разявакаў, якія назіралі зводдаль, бо бліжэй не пускалі міліцыянты. Адзін знаўца мясцовых плётак, што стаяў побач са мной, прыгадаў: “Пару дзесяцігодзьдзяў таму, яшчэ пры Саюзе, праводзілі тут суботнік. Ахвотных прыбіраць сьмецьце і капаць зямлю рыдлёўкай задарма было мала. Між тым, адзін зь землякопаў, родам з суседняй вёскі Прыперна, знайшоў раптам пушку з залатымі манэтамі. Сьведкаў было зашмат, каб гэты скарб прыхаваць. Здалі дзяржаве. Шчасьлівец купіў “Жыгулі”. На наступны суботнік сабралася ледзь не палова Глыбокага…”

Зрэшты, глыбоцкія скарбы ўсім нааскомілі, нават Алег Трусаў у “НН” выказваў занепакоенасьць лёсам скарбу з 630 залатых манэтаў, якія вывезьлі ў Маскву. Між тым глыбоцкае золата вывозілі і немцы ў германскую крэдытную касу ў Рызе падчас апошняй вайны. Дзіўнага нічога няма: да 1941 году каля 80% жыхарства гораду складалі жыды, якія называлі Глыбокае “маленькім Данцыгам”. Блізу 10 тысячаў зь іх загінула ў гета, але перад гэтым шмат чаго было прыхавана ў зямлі.

Уладзімер Скрабатун, Глыбокае

 

У нас у БНФ

У ліпені баранавіцкая суполка БНФ “Адраджэньне” зьвярнулася ў гарвыканкам з прапановай добраўпарадкаваць канцавы аўтобусны прыпынак на вул.Тэльмана. Таксама былі раскіданыя 4000 улётак, якія заклікалі жыхароў мікрараёну тэлефанаваць у выканкам з такім самым патрабаваньнем. Улады спачатку сапраўды пачалі былі аднаўляць прыпынак, нагналі тэхнікі. Аднак праз колькі тыдняў на пачатку верасьня ўсе працы па добраўпарадкаваньні спыніліся — ня стала бюджэтных грошай.

Каб разварушыць вэртыкальшчыкаў, “вячоркаўцы” падалі заяўку на пікет 9 лістапада на месцы правядзеньня аднаўленчых работ. Выканкам дазволіў яго, але месца перанёс у Малады Парк — на другі канец гораду. У дзень пікету фронтаўцы, што вырашылі былі ўжо правесьці несанкцыянаванае мерапрыемства, пабачылі тэхніку і рабочых, якія завіхаліся на аднаўленчых работах — клалі асфальт, ачышчалі пляцоўку пад дашок.

Увесну, як ужо пісала “НН”, “вячоркаўцы” здолелі дабіцца, каб мясцовыя улады заасфальтавалі ходнікі на той жа вуліцы, каля аўтавакзалу.

Равяка Руслан, Баранавічы

 

Заступіцца за пакрыўджанага

Пішу вам ліст дзеля таго, каб расказаць пра сваю паразу, папрасіць прабачэньня і выправіцца. Яшчэ сваёй мэтай стаўлю зьвярнуць увагу на той фронт барацьбы, які мы ігнаруем.

Гэтае здарэньне адбылося ў грамадзкім транспарце. Яно не было нечаканым, новым, бо такое здараецца ледзь ня кожны дзень і з вамі. Дзядзька, гадоў за 50, відаць, хворы на галаву, вельмі непрыстойна абразіў дзяўчыну. Мне ж трэба было выходзіць, і я выйшаў… Я здрадзіў ёй, я здрадзіў ідэі і самому сабе. І з кожным такое бывае, і мы баімся, пазьбягаем канфлікту, тлумачачы гэта тым, што некуды сьпяшаемся, тлумачачы сваёй сьціпласьцю, боязьзю альбо абыякавасьцю.

І ня маюць рацыі тыя, хто кажа: “Гэта чужыя праблемы, мяне яны не датычацца. Чаго я буду каго абараняць?”. А я кажу вам, што хопіць апускаць вочы, хопіць чакаць нейкіх ворагаў, калі гэтыя пачвары ўжо тут, сярод нас. Калі ты лічыш сябе сапраўдным мужчынам, нацыяналістам-абаронцам, дык ведай — ты жаўнер на гэтай зямлі, і пакуль твой фронт — гэта крама, транспарт і вуліца. Барані свой крэўны народ і здабывай у яго падтрымку ўдзячныя сьлёзы, тады будзе табе Перамога. Для мяне той дзень быў пераломным, я паглядзеў у люстра і спытаў у сябе, ці даравальна мне такое? Вядома, не. Я прыняў прысягу, жадаў бараніць свой Край, а да самага простага ня быў падрыхтаваны. І толькі тады я зразумеў словы з бэпээсаўскай улёткі з “Маршу Свабоды”: “Усё! Цяпер пачынаецца мой Нацыянальны Чын! Гэта мой Нацыянальны Бастыён, і больш ні кроку назад! Больш ніякага ўнутранага згодніцтва. Гэта мая Ворша і мой Грунвальд! І вораг пабяжыць, вораг будзе растаптаны, зьмецены, разарваны на кавалкі!”.

Так, гэта мой Бастыён!

 

Падтрымайма беларускі відэаклюб!

Да Вас зьвяртаецца Беларускі Відэаклюб Таварыства Беларускай Мовы з просьбай аб падтрымцы выданьня і дэманстрацыі відэастужак на беларускай мове. БВК пераклаў на беларускую мову відэафільмы “Пяты элемэнт” і “Адважнае сэрца”, перавыдаў фільм “Ісус” зь беларускім перакладам. Цяпер БВК закончвае працу над відэазборнікам “Фільмы з удзелам Віктара Шалкевіча” (“Сьлёзы блуднага сына” і “Салодкі яд кахання”). На чарзе – мастацкія фільмы “Пан Тадэвуш”, “Агнём і мячом”, “Матрыца”, “Бэтховен”, “Красуня”, “Маска”, “Страчаны сьвет. Юрскі парк-2”, мультфільм “Кароль Леў”. У плянах – мастацкая стужка “На чорных лядах” і дакумэнтальны фільм “Вяртаньне Міхася Забэйды”.

Мы гатовыя разьмясьціць Ваш лягатып на вокладцы відэакасэты, а Ваш відэаролік – перад запісам фільму. Калі Вы будзеце спонсарам таго ці іншага фільму, дык падчас яго дэманстрацыі на рэгіянальных каналах будзе дэманстравацца Ваш відэаролік – як спонсара гэтага выданьня.

Таксама Вы можаце падтрымаць дэманстрацыю ўжо выдадзеных стужак, размясьціўшы сваю рэкляму падчас яго паказу.

Вы можаце падтрымаць нашую дзейнасьць, зрабіўшы ахвяраваньні. Грошы можна перавесьці на разьліковы рахунак ТБМ №3015212330014 у Гардырэкцыі Белбізнэсбанку Менску код 764 (пры пераводзе з ашчаднай касы камісійны збор не бярэцца). Калі ласка, квітанцыю пра аплату дасылайце на адрас 220107, Менск, а/с 150.

Нашыя кантакты:

220107, Менск, а/с 150.

Тэл. (017) 213-43-52, 240-78-01, Віталю Станішэўскаму.

E-mail: [email protected]


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0