АБ УСІМ ПАТРОХУ


 

Адамавік выйшаў да людзей

“Ягоныя творы камусьці падабаюцца, некаму — не, нехта іх успрымае, хтосьці — не. Але чытаюць яго ўсе”, – гэтак выказаўся крытык Пятро Васючэнка на прэзэнтацыі зборніка “Тэксты”, дзе на тысячы старонак выдрукавана найлепшае з творчае спадчыны Адама Глёбуса.

Сотню прысутных на імпрэзе чакаў сюрпрыз. А.Глёбус паказаў публіцы свой першы зборнічак, які ўжо па выдрукаваньні “пусьцілі на локшыну” – зарэзала КГБ. “Мне пазваніў Міхась Скобла й сказаў, што ўнук палкоўніка КГБ Данільчыка распрадае дзедаву бібліятэку, ды параіў схадзіць і выкупіць сваю кнігу… Спачатку я шукаў яе на беларускіх палічках – палкоўнік быў аматар творчасьці такіх, як Ларыса Геніюш – шмат ейных рукапісаў бачыў. Мае ж кнігі там не было… Яна ляжала між Салжаніцыным і Булгакавым, а выкупіў я яе за 10 тысяч рублёў, у тры разы даражэй за том маіх “Тэкстаў”. Палкоўнік пакінуў у канцы ня выдадзенага ў 1984 г. зборніка А.Глёбуса характэрныя зацемы: “неясно, на что намекает”, “богоіскательность”, “релігіозность”, “містіка”…

Ня выдаўшы свае кнігі, А.Глёбус аформіў першы зборнічак Уладзімера Арлова, які з задавальненьнем распавёў пра супрацоўніцтва з сваім цёзкам: “Я ведаю Глобуса (ён жа Глёбус) па сумеснай дзейнасьці ў беларускай літаратуры. Яго завуць Вова. І мяне. Уладзяў шмат цяпер, а Валодзя ў мяне заўсёды атаесамляўся з Валодзем Ульянавым. У яго была майстэрня на Казлабродзкай, дзе мы пілі чырвонае віно й гулялі ў тэніс, малы, натуральна. Там не было WC, і трэ было загартоўвацца – інакш залічыцца параза… На старонках нашага літаратурнага згуртаваньня “Крыніцы” ў наваполацкай газэце “Хімік” шмат хто друкаваўся: Сяржук Сокалаў, пасьля ён стаў Воюшам, і Адам Глёбус таксама. А пасьля да нас зь Ленінскае бібліятэкі прыходзілі лісты, што не стае газэт. Не ставала якраз нумароў зь літаратурнаю старонкаю. І вельмі прыемна, што і творы з гэтае кнігі (“Тэкстаў” – В.М.) выходзілі ў нас. А потым выйшла мая кніга “Добры дзень, мая шыпшына”, аформіў якую Вова. Мы выпілі за гэта, і Вова сказаў: “Давай я ўсе твае кнігі буду афармляць!” Але ніводнае болей не аформіў, бо я пачаў пісаць брутальныя рэчы на гістарычную тэму. “Трэба пісаць, як у першай кнізе – тады буду афармляць”, – патлумачыў Глёбус. Я ж ня мог адказаць узаемнасьцяй, бо ў маленстве маляваў толькі катоў і котак, але пасьля рэгабілітаваўся, адрэдагаваўшы колькі Глёбусавых кніжак… Гэтыя мае рэмінісцэнцыі трэба зграбнаю высноваю завяршыць. Калі творчасьць Адама Глёбуса параўнаць з жанчынаю, дык гэтая жанчына мне ўяўляецца халоднаю, калі не сказаць фрыгіднаю, але наша пяшчота да ягонае творчасьці растапіла фрыгіднасьць”, – закончыў сваю найдаўжэйшую й найэфэктнейшую на імпрэзе прамову Ў.Арлоў, які пры канцы зацеміў пра нястачу ў новым зборніку разьдзела “Суайчыньнікі”.

Суайчыньнікі, напэўна, не пакрыўдзіліся й не пакрыўдзяцца. Зашмат праўды ў Глёбусавых нарысах. Глёбусу зайздросьцяць, як Эдуард Акулін, але па-добраму. Перад тым, як прапяяць песьню-дарунак, ён абмаляваў сваё бачаньне постаці А.Глёбуса: “Адам-першачалавек, які стварае мадэль сьвету”. Першачалавек пасьпеў стацца й першамафіёзі, бо Глёбуса абвінавацілі ў стварэньні пад сябе газэты “Наша Ніва” й часапісу “Arche”. Э.Акулін бяз зайздрасьці заўважыў: “Лепш пісаць у створаныя пад сябе газэты, чымся пісаць пад сябе й пасьля раскідваць гэта ў бакі”. (Гэткія натуралістычныя эмацыйныя фразы былі ўласьцівыя амаль усім выступоўцам.)

Валерка Булгакаў, рэдактар часапісу “Arche”, ня стаў апраўдвацца ў незалежнасьці ад літаратурнае мафіі: “Глёбус – ня гэтулькі пісьменьнік, як унівэрсальна адораная постаць. Сп.Глёбусу наканавана даўгое ды цудоўнае жыцьцё, і яму трэба паспрабаваць сябе ў мэдыцыне і ў палітыцы. Адам Глёбус ідзе наперадзе беларускага народу, распрацоўваючы новыя абсягі; і я пажадаў бы яму быць перакладзеным на розныя эўрапейскія мовы, каб яшчэ далей пашырыць гэтыя абсягі”.

Глёбуса-палітыка хацела б убачыць і Вольга Караткевіч, якая адмыслова з Прагі прыехала па ягоную новую кнігу ды каб павіншаваць найславуцейшага беларускага літаратара ад радыё “Свабода”.

Адцямляючы значнасьць Глёбусавае постаці ў нашай літаратуры, Вітаўт Чаропка ўганараваў яго савецкім мэдалём “За трудовую доблесть”.

Але ня ўсім гэта спадабалася – адзін з прысутных даслаў цыдулку з сваім абурэньнем: “Гэта пародыя на вечарыну. Вы ня можаце вымавіць беларускага “ч”!” “Зато я прекрасно говорю с московскім акцентом”, – зусім не зьбянтэжыўся Ўладзімер Адамчык.

“Калі табе перашкаджаюць – ты на правільным шляху”, – падсумаваў Глёбус плён свае працы: раздаўшы аўтографы, Адамавік зьнік у цемры менскіх вулак.

Віктар Мухін


 

гісторыя культуры

Ўладзімер Содаль

Думалі, што Багушэвічава

 

Было гэта гадоў пятнаццаць таму. Неяк аднаго разу апоўдні зазваніў тэлефон. Я падняў слухаўку.

— Уладзімер Ільліч?! — перапыталіся на другім канцы.

Пераканаўшыся, што я той самы, хто патрэбны, мне адрэкамэндаваўся сам Максім Танк. Ён патлумачыў, што да яго завітала тут Станіслава Абцэвіч з Багушэвічавых Кушлянаў. То ці хацеў бы я зь ёю спаткацца? Кажу, буду чакаць.

— Ну, то яна ўжо едзе да Вас, сустракайце! Спатыкайце!

Празь нейкія паўтары гадзіны спадарыня Станіслава была ўжо ў маёй кватэры высотнага гмаху на рагу Каліноўскага і праспэкту Скарыны.

Каб зразумець далейшыя падзеі, трэба трошкі больш падрабязна расказаць пра маю госьцю. Пэўны час яна жыла ў сям’і Максіма Танка, дапамагала гадаваць яму ўнука, трохі гаспадарыла на кухні. Ведала шмат народных песень, любіла іх сьпяваць. За бяседным сталом яна шмат сьпявала ў нас. Асабліва прыгожая была песьня, як цешча ў зяця гасьцявала. Пачыналася яна так:

Цешча к зяцю пайшла ў госьці, —

Ой, сярдзіты быў той зяць…

Меў ён многа ў сабе злосьці,

Не любіў і патураць

Ні сабе, ні сваёй жонцы.

Песьня гэтая была доўгая, як опэра, але сьпявачка з Кушлянаў, нягледзячы на свой немалады век, выцягвала мэлёдыю належна і з трапяткой дрыготкай. Песьня слухалася. Яна мела гульліва гумарыстычны зьмест. Але ня толькі яе зьмест, але і сьпеў, ладам пад дробную полечку, лагодзіў душу. Станіслава Абцэвіч тлумачыла, што гэтай песьні яна вывучылася ад паэтавай дачкі Туні і была пэўная, што гэтую песьню напісаў ні хто іншы, як Мацей Бурачок — Францішак Багушэвіч. Яе напеў я запісаў на магнітную стужку, даваў шмат каму паслухаць. Хтосьці з маіх слухачоў аднойчы сказаў: “Дык гэта ж Якуба Коласа словы!” Праз пэўны час я зьверыў: і напраўду ў зборы Коласавых твораў ёсьць такі верш. То чаму ж тады кушлянцы прыпісвалі згаданы твор свайму земляку Францішку Багушэвічу? Проста так ці ў іх была хоць якая падстава?

Падчас сьвяткаваньня 160-х угодкаў Францішка Багушэвіча я знаёміўся са старымі выданьнямі, у якіх зьмяшчаліся Багушэвічавы творы. Cярод іх патрапіў мне ў рукі “Беларускі каляндар” на 1915 год, выдадзены ў Вільні. У ім якраз і быў выдрукаваны ўпершыню гэты гумарыстычны твор за подпісам “Томаш Булава”. А перад ім за подпісам “Сымон Рэўка” быў выдрукаваны і Багушэвічавы верш “Не цурайся”. Усё гэта магло стварыць у кушлянцаў ілюзію, што песьню-верш “Зяць” напісаў той жа Сымон Рэўка, ён жа і Мацей Бурачок. Хто ж тады ведаў, што Тамаш Булава — гэта Якуб Колас. Псыхалягічна кушлянцы тады былі гатовыя ўсё, што зьяўлялася вусна ці пісьмова па-беларуску, прыпісваць Мацею Бурачку. А каму было яшчэ?! На ўсю Беларусь мільён пракурораў і толькі Ён адзін адвакат!

У мяне сабралася нямала запісаў літаратурных твораў, якія колісь бытавалі і жылі на кушлянскіх абшарах. Калі-небудзь я сыстэматызую гэтыя запісы. Яны шмат чаго нам цікавага адкрыюць. Што ж да песьні “Зяць” на Коласавы словы, то шмат хто і цяпер лічыць, што гэтую песьню напісаў Францішак Багушэвіч. Ведаюць гэтую песьню і ў недалёкіх ад Кушлянаў Жупранах. А зусім нядаўна мне паведамілі, што песьню пра зяця любяць і даўна сьпяваюць на радзіме Францішка Багушэвіча ў прывіленскіх Сьвіранах.


 

БТ вачыма беларуса

П’янае БТ

Калі нехта спазьняецца і прыходзіць у кампанію, дзе ўжо пэўны час доўжыцца застольле, звычайна кажуць, што яму трэба “даганяць”, бо інакш і таму, хто спазьніўся, і астатнім будзе ня вельмі цікава. Карацей – ня будзе паразуменьня.

Чаму я пішу пра гэта? Шчыра кажучы, не стрываў у часе чарговай трансьляцыі “Залатога шлягеру”. Падалося, што і Бюль-Бюль аглы, і яшчэ добры тузін старэчаў, якія спрабавалі сьпяваць, але ўжо амаль не маглі, былі добра паддатыя, бо хіба можна на цьвярозую галаву выглядаць гэтак сьмешна?

Я раптам адчуў, што каб далей глядзець гэтае “шоў”, трэба альбо хуценька “даганяць” тых, хто ўжо колькі фэстывальных дзён “спажывае” ў Магілёве, альбо – выключаць тэлевізар. Інакш не патрапіш зразумець, чаму адны робяць выгляд, што яны супэрзоркі, а другія пры гэтым – сапраўды ўдзячныя слухачы. І выключыў тэлевізар.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0