Рудая шавялюра Ігната Падэрэўскага

Да 140-ых угодкаў з дня нараджэньня

 

Энцыкляпэдыі спрачаюцца пра дзень ягонага нараджэньня. Адны кажуць, што гэта было 6 лістапада 1860 году, іншыя – 18 лістапада. Мэтрыка не захавалася. Усе зьвесткі узятыя зь ягонага шлюбнага кантракту, які быў складзены па 32-х гадох шлюбу – 10 студзеня 1931 году ў Варшаве, у парафіі сьв. Яна – зь ягоных уласных словаў.

Месцам нараджэньня будучай сусьветнай знакамітасьці была вёска Курылаўка на Падольлі, дзе ягоны бацька служыў адміністратарам маёнтку магнатаў Іваноўскіх.

Нішто ў дзяцінстве Падэрэўскага не абяцала бліскучай кар’еры. Ягоная маці Паліксэна з роду Навіцкіх была дачкой прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту і добра памятала пра сваё беларускае шляхецкае паходжаньне – але нарадзілася і вырасла ў Калузе, куды быў сасланы ейны бацька пасьля паразы паўстаньня 1830-1831 г. Паліксэна памерла маладой, пакінуўшы на руках аўдавелага Яна Падэрэўскага 3-гадовую дачку Антаніну і сына Ігнася, якому было ледзьве некалькі месяцаў. Сын ня ведаў маткі, але атрымаў ад яе ў спадчыну артыстычныя таленты і надзвычайную далікатнасьць рысаў твару, якая пазьней так моцна паспрыяла ягонай непераможнай папулярнасьці.

Бацька, Ян Падэрэўскі, крыху йграў на скрыпцы. А калі выбухнула паўстаньне 1863 году, Ян Падэрэўскі як сапраўдны патрыёт дапамагаў апалчэнцам чым толькі мог, хіба што ня ўдзельнічаў у бітвах – бо усякая вайна супярэчыла ягоным рэлігійным перакананьням. Аднак ніякія перакананьні не заміналі яму хаваць у сваёй хаце зброю і мундуры для паўстанцаў. Неўзабаве Яна Падэрэўскага абвінавацілі ў “антыўрадавай дзейнасьці” і на паўтара года кінулі ў турму. Дзеці ўвесь гэты час жылі ў цёткі – таксама на Жытоміршчыне, – і часта ня мелі чым душу пражывіць. Калі бацька вярнуўся з турмы, дык заўважыў у сыне дробную іскарку музычнай уражлівасьці і ўбачыў у гэтым знак Божы. Ён паставіў сабе мэту – насуперак усім абмежаваньням убогае рэальнасьці – даць абодвум дзецям музычную адукацыю.

У 12 гадоў, амаль зусім яшчэ ня ўмеючы граць, Ігнась паступіў на фартэпіянны факультэт Варшаўскага музычнага інстытуту. Цягам усіх гадоў вучобы ён задарма жыў у сям’і фабрыкантаў фартэпіяна Кернтапфаў, у іхнай шыкоўнай кватэры на задох Нацыянальнага Тэатру. (Дарэчы, фірма “Kerntopf” выпускала зусім нядрэнныя інструмэнты, якія шырока прадаваліся таксама і ў Беларусі.) У Інстытуце Ігнату было нудна, і ён забаўляўся як мог. З-за дысцыплінарных правінаў яго на год адправілі ў адпачынак з пазбаўленьнем усялякіх правоў вучня. Гэты перапынак у занятках Падэрэўскі выкарыстоўвае надта практычным чынам. Разам з двума калегамі – скрыпачом і віялянчэлістам – ён выпраўляецца ў гастрольную вандроўку па гарадох і мястэчках Беларусі. Аніводнаму з гастралёраў на той момант яшчэ ня споўнілася й шаснаццаці гадоў…

Авантура з гастролямі ледзь ня скончылася для Падэрэўскага трагічна. У Віцебску паліцыя захацела праверыць у яго дакумэнты, якіх, натуральна, не было; з гэтае нагоды хлопец трапіў у турму, захварэў на шкарлятыну і адправіў бацьку пакаянны ліст з просьбаю прыслаць яму грошай і выправіць пашпарт… Хто б мог падумаць, што гэты шалапут Ігнась праз тры месяцы на выдатна скончыць інстытут, сыйграўшы на дыплёмным экзамэне фартэпіянны канцэрт Э.Грыга? А яшчэ праз тры месяцы ўся кансэрваторыя ламала галаву над пытаньнем: навошта рэктар запрасіў гэтага гарэзу і няўдалага піяніста выкладаць фартэпіяна на сярэднім курсе?

Адказ на гэтае пытаньне павіснуў у паветры. Першае, што зрабіў 18-гадовы пэдагог, – закруціў раман з сваёй юнай вучаніцай Антанінай Корсак. Неўзабаве яны ўзялі шлюб; аднак іхнае шчасьце доўжылася ўсяго некалькі месяцаў. Праз пару дзён пасьля нараджэньня сына Антаніна памірае, а Ігнат едзе ў Бэрлін — вучыцца на кампазытара, пакінуўшы дзіця на ўтрыманьні сваякоў нябожчыцы-жонкі.

У Бэрлін ён прыбывае з танюсенькім сшыткам сваіх фартэпіянных твораў, па-аматарску няўмелых і нязграбных. Літаральна празь месяц іх друкуе выдавецтва “Bote&Bock”. Напорыстасьць Падэрэўскага ня ведае аніякіх межаў; ён знаходзіць дарогу нават да Брамса. Але хутка грошы Антаніны Корсак скончыліся, і, не зрабіўшы аніякіх асаблівых посьпехаў, Падэрэўскі вяртаецца ў Варшаву. Ён марыць пра вучобу ў Вене, у найаўтарытэтнейшага на той час фартэпіяннага пэдагога Тэадора Лешэтыцкага. Толькі дзе ўзяць грошы?

Ізноў моц ягоных жаданьняў сьвяткуе перамогу. Нехта з знаёмых запрашае яго на адпачынак у Закапанэ. Тут ён сустракае славутую польскую акторку Гелену Маджэеўскую з мужам. 44-гадовая шэксьпіраўская гераіня, летуценьніца і фантазёрка (яна купіла ў Каліфорніі ранча і ўтварыла там утапічную камуну для польскіх і літвінскіх эмігрантаў, а ў Польшчу прыяжджала толькі зрэдку) закахалася ў гожага юнака з рамантычнай рудой шавялюрай. Ці ж ня грэх – кінуць без дапамогі такога хлопца? Ён марыць паехаць у Вену і вучыцца ў Лешэтыцкага? А чаму не, справа ж толькі ў грошах! І Маджэеўская наладжвае іхны сумесны канцэрт у Кракаве. Адно імя славутай акторкі на афішы зьбірае ў залі такі аншляг, які ня сьніўся ніякаму піяністу. Яна чытае вершы, ён грае на раялі… Праз пару дзён грошы былі ў кішэні.

Вена сустрэла Падэрэўскага ня вельмі прыязна. Лешэтыцкі пахваліў ягонае прыроджанае пачуцьцё музычнага гуку і артыстычны інстынкт, але сказаў, што віртуоза зь яго ня выйдзе – занадта позна (Падэрэўскаму было 24 гады). Зрэшты, прафэсар згадзіўся даваць яму ўрокі. Лешэтыцкі ня мог не ацаніць такой самаахвярнай мэтанакіраванасьці! А жонка мэтра, славутая расейская піяністка Ганна Есіпава, была ў суцэльным захапленьні. Плятанічна закаханая ў Падэрэўскага, яна выконвала ў сваіх канцэртах літаральна ўсе ягоныя фартэпіянныя творы.

Нарэшце яна здолела зрабіць для яго і нешта больш грунтоўнае: запрасіла ў Парыж і пазнаёміла з дырэктарам канцэртнай залі “Эрар”. Той прапанаваў дебютны сольны канцэрт 3 сакавіка 1888 году. З гэтага дня й пачалася ашаламляльная слава піяніста – слава, якой ня зьведаў, бадай, ніхто зь ягоных папярэднікаў і якую наўрад ці каму ўдасца зьведаць у будучыні. У Парыжы гэтую славу для яго часткова здабыла герцагіня Рашэль дэ Бранкаван, якая зьбірала ў сваім палацы адзін з самых бліскучых артыстычных салёнаў францускай сталіцы. Парыскія гранд-дамы знайшлі ў Падэрэўскім увасабленьне сваіх рамантычных летуценьняў. Як пісаў нейкі крытык, “чаго толькі вартая гэтая агнявая шавялюра рэдкага адценьня, ці залацістага, ці рудавата-чырвонага…”

Немалую славу Падэрэўскаму здабыў і “агнявы позірк”. Паколькі на ягоных канцэртах заўжды быў аншляг, на сцэну выстаўляліся крэслы, і білеты на гэтыя месцы прадаваліся ніжэйшым коштам. Аднак многія жанчыны папросту баяліся там сядзець, бо палохаліся позірку Падэрэўскага, які падчас ігры меў манеру пільна глядзець на кагосьці з бліжэйшых слухачоў. Звычайна ў гэткіх абставінах людзі думалі, што Падэрэўскі злуецца, і шукалі, у чым яны перад ім вінаватыя. Часам ім здавалася, што артыст чытае іхныя думкі… Так ці іначай, гэта было ня вельмі прыемнае адчуваньне, і ўжо напэўна яно адцягвала слухачоў ад самой сутнасьці музыкі. Нездарма Бэрнард Шоў назваў Падэрэўскага “Сталіным фартэпіяна”. Магчыма, Падэрэўскі сьвядома хацеў гэткага эфэкту, бо нейкім таемным інстынктам адчуваў усю недасканаласьць сваёй ігры (якую мы выдатна чуем на кружэлках). У ёй было шмат тэхнічных памылак; правая рука амаль заўжды адставала ад левай, а бегласьць была відавочна не найлепшай.

І аднак усё гэта было няважна; як трапна прыкмеціў адзін з крытыкаў, ніякія крытэрыі піянізму ня мелі да Падэрэўскага ніякага дачыненьня. Гэта стала асабліва відавочным падчас ягоных шматлікіх амэрыканскіх турнэ. Калі ён упершыню выступіў у Нью-Ёрку, знаўцы фартэпіяннага мастацтва яшчэ спрабавалі рабіць нейкія разумныя заўвагі; потым гэта ўсё патанула ў акіяне ўсеагульнага захапленьня. І посьпех, і прыбыткі ягоныя былі галавакружныя – ва ўсялякім выпадку, менавіта гэтак успрымаліся 160 000 даляраў чыстага прыбытку, якія ён атрымаў за свой другі амэрыканскі тур. Найбольшым аб’ектам моды ізноў была ягоная галава з шапкаю залатых кучараў – у Амэрыцы яе называлі “хрызантэмай”.

Зь першых сваіх артыстычных крокаў Падэрэўскі ахвотна наладжваў дабрачынныя канцэрты. З дапамогаю свайго мастацтва ён зьбірае сродкі на будоўлю помнікаў Шапэну ў Жалязовай Волі і помнік Лісту ў Вэймары. Аднак галоўнай ягонай фундацыяй былі грошы на помнік у гонар 500-ых угодкаў Грунвальдзкай бітвы. Помнік работы скульптара Антонія Вівульскага, урачыста адкрыты 15 ліпеня 1910 году ў Кракаве і пазьней разбураны камуністамі, быў першым сымбалем новае, незалежнае Польшчы, якая яшчэ не паўстала, але, на думку Падэрэўскага, неўзабаве мусіла паўстаць.

З гэтага моманту арліны позірк Падэрэўскага надоўга зьвярнуўся ў бок палітыкі. Пачатак першай сусьветнай вайны застаў яго на віле ў Швайцарыі. А 9 студзеня 1915 г. у швайцарскім горадзе Веве ўтвараецца Генэральны камітэт дапамогі польскім ахвярам вайны на чале з Генрыкам Сянкевічам і Ігнатам Падэрэўскім. У сярэдзіне сакавіка артыст выпраўляецца ў Лёндан, каб кіраваць стварэньнем філіялу гэтай арганізацыі, але 7 красавіка пакідае Эўропу і разам з жонкай апынаецца ў ЗША. З фармальнага пункту гледжаньня ён адбывае свае чарговыя амэрыканскія гастролі, якія зацягнуліся на… тры з паловаю гады.

Зрэшты, за гэты час Падэрэўскі зрабіў шмат карыснага для Польшчы. Ён казаў патэтычныя прамовы перад сотнямі тысяч польскіх эмігрантаў у Чыкага, заклікаючы іх перад помнікам Т.Касьцюшку ахвяраваць адзін дзень сваёй працы (15 ліпеня – дзень Грунвальдзкай гадавіны) дзеля дапамогі ахвярам вайны. Ён прамаўляў перад кожным з 300 сваіх канцэртаў, папулярызуючы перад амэрыканцамі ідэю незалежнае Польшчы і просячы іх аб падтрымцы. Ён дапамагае прэзыдэнту Вудра Вільсану перамагчы на выбарах 1916 году; у абмен атрымлівае 13-ы пункт мірнага пляну амэрыканскага прэзыдэнта, у якім прадугледжваецца стварэньне незалежнай Польшчы з выхадам да мора. Ён уручае ноты пратэсту розным міністрам і дыпляматам, публічна прамаўляе аб неабходнасьці стварэньня польскай арміі і піша для яе гімн на ўласныя словы.

І вось 11 лістапада 1918 году даўняя мара Падэрэўскага, нарэшце, пачала збывацца: Юзэф Пілсудзкі абвешчаны старшынём незалежнай польскай дзяржавы і вайскаводцам польскіх узброеных сіл. Вайна ішла на спад, і Падэрэўскі вырашае вярнуцца на радзіму. Адначасова ён робіць заяву пра тое, што ў Польшчы мусіць быць законны ўрад, які б прадстаўляў яе на будучай мірнай канфэрэнцыі. Ён таксама выказаў упэўненасьць, што Польшча будзе дэмакратычнай дзяржавай. Па дарозе ён заехаў у Парыж і Лёндан, сустрэўся з тагачасным лідэрам Польскага нацыянальнага камітэту Раманам Дмоўскім і, адчуваючы сябе амаль што законным прэм’ерам, на брытанскім крэйсэры “Канкорд” выправіўся на радзіму.

Ягонае вяртаньне ў Польшчу было амаль як вяртаньне Леніна на браневіку. Цалкам выпадкова ён трапляе ў самы цэнтар паўстаньня, якое выбухнула ў Познані, кажа там чарговую палымяную прамову, ледзь застаецца жывы і 1 студзеня 1919 году ў арэоле “выратаванай нацыянальнай сьвятыні”, героя і трыюмфатара прыбывае ў Варшаву. 5 студзеня распачынаюцца ягоныя перамовы з Пілсудзкім наконт стварэньня новага ўраду. Спачатку Пілсудзкі рашуча яму адмаўляе, аднак неўзабаве – 16 студзеня – сам прапануе пасаду прэм’ер-міністра і міністра замежных справаў…

Спачатку ўсё ішло цудоўна. “Левыя” і “правыя” з энтузіязмам падтрымалі кабінэт Падэрэўскага. Стаўшы прэм’ерам першага канстытуцыйнага ўраду Польшчы, ён за кароткі тэрмін наладзіў усеагульныя дэмакратычныя выбары, чым заслужыў павагу і ў краіне, і за мяжой. А галоўнае – праз два дні пасьля свайго афіцыйнага прызначэньня Падэрэўскі прыбыў на Парыскую мірную канфэрэнцыю, адкрыцьцё якой адбылося 18 студзеня 1919 году ў Люстранай зале Вэрсальскага палацу. Пасаду старшыні ўзяў на сябе францускі прэм’ер Жорж Клемансо – галоўны аўтар праекту Вэрсальскай дамовы. Узгадаўшы даўняе знаёмства, Падэрэўскі выправіўся да Клемансо з афіцыйным візытам. Тое, што прадстаўнікі Польшчы ў асобе Ігната Падэрэўскага і Рамана Дмоўскага прысутнічалі на канфэрэнцыі і падпісалі Вэрсальскую мірную дамову, de facto азначала прызнаньне Польшчы з боку ўсіх краін – удзельніц дамовы, а таксама афіцыйнае замацаваньне ейных межаў.

Між тым паціху нарастала напружанасьць паміж Падэрэўскім і ягонымі суайчыньнікамі. Раман Дмоўскі не ўхваляў многіх ягоных учынкаў. Але галоўным прадметам спрэчак было пытаньне пра будучае фэдэратыўнае ўладкаваньне Польшчы. Падэрэўскі, як сапраўдны дэмакрат, трымаўся думкі, што Беларусь, Украіна і Літва мусяць самастойна вырашаць свой лёс на рэфэрэндуме; а калі б яны захацелі далучыцца да Польшчы, ім мусіць быць дадзеная аўтаномія. Дмоўскі ж, наадварот, быў пасьлядоўным прыхільнікам непасрэднага ўключэньня ў склад Польшчы г.зв. “усходніх земляў”, быццам бы няздольных да самавызначэньня і самастойнага кіраваньня. Большасьць краінаў Заходняй Эўропы – як і тагачаснае польскае грамадзтва – з варожасьцю ставілася да ідэі стварэньня новых дзяржаваў на памежжы з Расеяй.

Гэткім чынам Падэрэўскі на 70 гадоў апярэдзіў свой час. І за гэта ён мусіў заплаціць. Ворагі пільна сачылі за ім, шукаючы нейкіх правінаў, за якія можна было б падпусьціць яму чарговую шпільку. Яму ўпікалі нават тое, што ён аддае больш увагі жонцы, чымся дзяржаўным справам!

Дні дэмакратычнае ўлады ў Польшчы былі зьлічаныя. 27 лістапада 1919 году кабінэт Падэрэўскага падаў у адстаўку. Сам прэм’ер яшчэ не канчаткова страціў давер Пілсудзкага, і той даручае яму стварэньне новага ўраду. Аднак па некалькіх няўдалых спробах Падэрэўскі спыняе ўсялякія намаганьні і 3 студзеня 1920 году складае зь сябе дзяржаўныя абавязкі. У лютым ён зьяжджае ў Швайцарыю, але 16 ліпеня ў сувязі з пачаткам расейска-польскай вайны ўскладае на сябе абавязкі афіцыйнага прадстаўніка Польшчы ў Лізе Нацыяў. Ягоны чарговы раман з польскімі ўладамі скончыўся вельмі хутка, і ўвесну 1921 году ён надоўга – каб не сказаць назаўжды – адыходзіць ад палітыкі.

З гэтага часу ён жыве ў Амэрыцы, а летам – у Швайцарыі, зрэдку наведваючы Польшчу. Ён спрабуе зноў вярнуцца на канцэртную эстраду і нават знаходзіць у гэтым асалоду; аднак ягоны час беззваротна мінуўся. Польскія ўлады ўсё часьцей ставяцца да яго з абыякавай варожасьцю і нават забываюцца павіншаваць яго з 75-мі ўгодкамі, якія шырока адзначаліся ў сьвеце. Стары і мудры чалавек з трывогаю сочыць за пераможным шэсьцем фашызму…

Вайна ізноў застала яго на віле ў Швайцарыі. Аўдавелы і самотны, разам з сваёю “сьвітаю” ён дабіраецца на ўласным чорным лімузыне ў Партугалію, грузіць аўтамабіль на параход і адплывае ў ЗША. Там яго ўжо чакаюць амбітныя пані, якія хацелі б зацягнуць яго ў свае салёны і частаваць ім сваіх гасьцей. Але ён марыць толькі пра тое, каб дапамагчы Польшчы. Ён спрабуе зьбіраць грошы для выгнаньнікаў, заклікае амэрыканскі ўрад уступіць у вайну і выратаваць зраненую Эўропу – але яго ніхто ня чуе.

Ён памёр ад запаленьня лёгкіх 29 чэрвеня 1941 году – у самы разгар нью-ёрскай сьпякоты. Яго ўрачыста пахавалі на прэстыжных могілках у Арлінгтане, хаця ў сваім тэстамэнце ён прасіў пахаваць яго ў Польшчы. 29 ліпеня 1992 г., у 51-я ўгодкі сьмерці Падэрэўскага, ягоны прах быў пахаваны ў варшаўскай катэдры сьв. Яна, дзе ён калісьці браў шлюб.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0