БІБЛІЯТЭКА
У супрацы і барацьбе
Смалянчук А.Ф. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905–1907 г. – Горадня: “Ратуша”, 2000. – 204 с.
Публікацыі Алеся Смаленчука, гарадзенскага гісторыка, што дасьледуе грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Беларусі на пачатку ХХ ст., цікавыя ня толькі для прафэсійных гісторыкаў, але і для шараговага чытача. Аўтар вяртае зь нябыту забытыя імёны грамадзкіх дзеячаў, якія адыгрывалі ў свой час важкую ролю ў беларускай гісторыі: Рамана Скірмунта, Эдварда Ропа, Міхала Ромэра, Людвіка Абрамовіча і іншых. Алесь Смалянчук — дасьледчык такой плыні пач. ХХ ст., як “краёўцы” (польскія дзеячы, што адчувалі свае беларускія ці літоўскія генэалягічныя карані і зыходзілі з нацыянальных інтарэсаў краю, марачы пра аднаўленьне колішняй поліэтнічнай Рэчы Паспалітай). Краёўцы балянсавалі на памежжы: палякі, літоўцы, беларусы, кожны па-свойму пераходзячы тую ці іншую грань. У новай кнізе Алесь Смалянчук адзначае, што Беларуска-Літоўскі край стаўся, апрача карэнных жыхароў — беларусаў і літоўцаў, радзімай для іншых: габрэяў, латышоў, татараў, расейцаў, і не ў апошнюю чаргу — палякаў. У савецкія часы на гэта ўпарта не зьвярталі ўвагі, але ж польскі элемэнт адыграў значную ролю ў беларускай гісторыі. Польскамоўнае насельніцтва Беларусі і Літвы складала значны працэнт сярод элітаў грамадзтва і было найбольш грамадзка актыўным; дзейнасьць польскага элемэнту падчас рэвалюцыі 1905–1907 г. — гэтаму пацьвярджэньне.
Манаграфія складаецца з трох частак: “Палітыка царызму ў Беларусі і Літве пасьля падаўленьня паўстаньня 1863–1864 г. Аднаўленьне польскага руху”; “Польскі рух у пэрыяд уздыму рэвалюцыі”; “Польскі рух у пэрыяд адступленьня рэвалюцыі. Сакавік 1906 — чэрвень
1907 г.”.
Пасьля паўстаньня 1863 г. польскі рух, нягледзячы на форс-мажорныя абставіны, створаныя самадзяржаўем, адрадзіўся і здолеў стаць ці не найбольш магутным на беларускіх землях. Аўтар манаграфіі зьвяртае ўвагу на асобаў, што адыгрывалі значную ролю ў тагачаснай расстаноўцы палітычных сілаў. Асобны разьдзел прысьвечаны становішчу каталіцкага касьцёлу ў Беларусі падчас першай расейскай рэвалюцыі. А.Смалянчук адзначае, што касьцёл гэтага пэрыяду стаў моцна палітызаваным, што яскрава выявілася ў дзейнасьці віленскага арцыбіскупа Эдварда Ропа. Барон Роп паспрыяў умацаваньню каталіцкіх пазыцыяў у Беларусі і Літве і, адпаведна, аслабленьню ўплыву Пецярбургу на каталіцкае насельніцтва рэгіёну.
Дасьледчык адзначае, што беларускі рух падчас рэвалюцыі 1905–1907 г. апынуўся між двух агнёў: з аднаго боку, царскія ўлады абвінавачвалі ў распаўсюджваньні беларускай ідэі польскіх дзеячоў, з другога — беларускага руху баяліся польскія палітыкі, цьвердзячы, што беларуская карта наўмысна інсьпіраваная Расеяй, каб паслабіць польскую нацыянальную ідэю.
Пачатак стагодзьдзя ў Беларусі і Літве прайшоў у палітычнай барацьбе і супрацоўніцтве паміж палякамі, літоўцамі і беларусамі. Палітычныя падзеі таго часу ставяць шмат пытаньняў, і кніга Алеся Смаленчука адказвае на шмат якія зь іх, ліквідуючы тым самым чарговую белую пляму ў беларускай гісторыі.
А.Г.
Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю
Чалавек: Праваабарончы бюлетэнь. № 2 (6), жнівень 2000 г. – Менск: Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі гельсынскі камітэт”, 2000. – 44 с.: іл. – Наклад 299 ас.
Чалавек: Праваабарончы бюлетэнь. № 3 (7), кастрычнік 2000 г. – Менск: Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі гельсынскі камітэт”, 2000. – 40 с.: іл. – Наклад 299 ас.
У апошніх нумарох “Чалавека” – весткі з усіх краёў, а перадусім зь Беларусі, пра парушэньні правоў чалавека й пра балючыя праблемы грамадзтва – ад наркотыкаў да выкраданьня людзей. Неўзабаве бюлетэнь мае быць зарэгістраваны й на яго можна будзе падпісацца. Выдаўцы гэтаксама абяцаюць павялічыць наклад – да 1000 асобнікаў.
Эпоха: Беларускі часапіс. Верасень 2000 г. – 76 с.: іл.
У апошнім нумары “Эпохі” зьмешчаны інтэрвію Станіслава Шушкевіча й Сяргея Кавалёва. Бальшыня матар’ялаў – перадрукі зь іншых выданьняў. Багата ілюстрацыяў.
Як судзілі Антона Сокала-Кутылоўскага: Жыцьцярыс кіраўніка Слуцкага паўстаньня паводле матар’ялаў судовае справы КГБ / Падрыхтаваў Ф.Станкевіч. – Берасьце: Берасьцейскі аддзел Спартова-патрыятычнай арганізацыі “Край”, 2000. – 18 с. – Наклад 299 ас.
Антон Сокал-Кутылоўскі – узор чалавека, які аддаў сябе змаганьню за беларускія інтарэсы, а трапіўшы ў сталінскія засьценкі, быў зламаны фізычна, але ня скораны духоўна.
А.Вишневский. Организация и деятельность милиции Беларуси в 1917 – 40 г.: Историко-правовые аспекты. – Менск: Тэсэй, 2000. – 224 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6454-83-2
Упершыню кніга пра беларускую міліцыю зьявілася ў 1927 г. – “Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі (1917–27 г.)”. У цяперашнім дасьледаваньні значная ўвага аддаецца, у прыватнасьці, злачынствам НКВД у 1930-я г. Цана кнігі – 2000 руб.
Белавеская пушча: Беларускае прыродалюбнае асьветна-публіцыстычнае выданьне: Аўтарская газэта Валера Дранчука. № 3 (24), 2000. – 32 с.: іл. – Наклад 2000 ас.
У гэтай адзінай беларускай газэце, што выходзіць у часапісным фармаце, вылучаюцца тэксты пра новабудоўлі І.Ціцянкова ў Белавескай пушчы ды нарыс пра экалягічную вандроўку ў Польшчу. Шмат мастацкіх фотаздымкаў.
Падрыхтаваў Віктар Мухін