Віктар Шніп

Сабачыя гісторыі

 

У аднаго сабаку пераапрануўся Гогаль. Пайшоў да доктара. А там Граждан зь мёртвымі душамі ў карты гуляе.

Адзін сабака пераапрануўся. Прыйшоў да Граждана і сказаў: “Зьбірайся! Нас чакаюць у “Блакітнай вустрыцы!”

У аднаго сабаку пераапрануўся Дастаеўскі. Ідзе па вуліцы і піва з пляшкі п’е. А насустрач яму Граждан зь сякерай гоне старую і крычыць: “Я навучу цябе маліцца нанач!”

Адзін сабака пераапрануўся ў Максіма Багдановіча. Прыйшоў на вечарыну ў Дом літаратара. А там Граждан з трыбуны расказвае, як ён дапамагаў пісаць вершы Багдановічу.

Адзін сабака пераапрануўся ў Аляксея Дударава. Ідзе па вуліцы, а яму насустрач Граждан, пераапрануты ў радавога з граматай ад ЦК камсамола. Ледзьве разьмінуліся.

Паэт пераапрануўся ў аднаго сабаку. Прыйшоў у дом, дзе нарадзіўся. А там ужо Гражданы жывуць, пераапранутыя ў пісьменьнікаў.

Адзін сабака пераапрануўся ў Віктара Шніпа. Прыйшоў у выдавецтва, а там яму і кажуць: “Мы толькі сваіх Гражданоў друкуем!..”

Адзін сабака пераапрануўся ва Ўладзімера Караткевіча. Граждан убачыў на вуліцы Караткевіча і выклікаў міліцыю.

Уладзімер Караткевіч пераапрануўся ў аднаго сабаку і прыйшоў на сход у Саюз пісьменьнікаў. А там Гражданы сядзяць і думаюць пра Леніна.

Адзін сабака пераапрануўся ў Някляева. Граждан убачыў Някляева і запытаўся: “А Захад нам дапаможа?”

Адзін сабака пераапрануўся ў паэта і прыйшоў да Петруся Броўкі. А Броўка і кажа: “Што тут гэта за нейкі Граждан блытаецца пад нагамі?”

Адзін сабака пераапрануўся ў Міхася Лынькова і пайшоў у госьці да Міколкі-паравоза. А там ужо сядзіць Граждан, пераапрануты ў жандара, і расказвае пра бальшавікоў.

Адзін сабака пераапрануўся ў сакратара Саюзу пісьменьнікаў. І ўміг зьбегліся Гражданы: “Давайце правядзём нечарговы зьезд!..”

Адзін сабака пераапрануўся ў Васіля Быкава. Убачыў Граждан Быкава і сказаў: “З-за такіх, як вы, у мяне ў гэтым годзе бульба ня вырасла...”

Адзін сабака пераапрануўся ў Івана Мележа і пайшоў да людзей на балоце. А там ні балота, ні людзей, адны Гражданы каля тэлевізараў сядзяць і радуюцца, як дзеці.

Адзін сабака пераапрануўся ў міністра. Убачыў гэта Граждан і, падбегшы да міністра, сказаў: “Можна я вам партфэлік паднясу...”

Адзін сабака пераапрануўся ў “тутэйшага”. А Граждан у “бумбамлітаўца”. Толькі Шніпу не было ў што пераапранацца – усё забраў з сабой у замежжа Някляеў.

Адзін сабака пераапрануўся ў невядома каго. Граждан ішоў сьледам і маліўся.

Адзін сабака пераапрануўся ў Максіма Танка. Даведаўся пра гэта Граждан і закрычаў: “Перадайце Шніпу, калі ён і далей будзе нас пераапранаць, мы яго самога пераапранем у белыя тапачкі!”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0