водгук

…ды абзац пра эрзац

Я вельмі люблю ды паважаю «НН» за несавецкі падыход да крытыкі з боку чытачоў, не ўласьцівы іншым беларускім газэтам, таму, хоць і крыўдна было чытаць допіс пра мяне Раісы Жук-Грышкевіч з Таронта, думаю, што даведацца пра такі водгук было карысна і мне, і ўсім чытачам.

Спадарыня Раіса палічыла, што я «даваў доўгія, непераконваючыя выясьненьні». Яна мае права на такую ацэнку, хоць я на ейным месцы напісаў бы «выясьненьні, што не пераканалі мяне». Сьмешна выглядае, калі на любы доўгі аргумэнт заўсёды ёсьць кароткі контраргумэнт — і заўсёды аднолькавы, які распачынаецца словамі «ўсё роўна».

Неяк абрыдла чуць гучныя, але пустыя заклікі кшталту: «Калі мы ня будзем шанаваць сябе, усяго свайго, сваю мову, дык хто тады нас ды нашую беларускую мову будзе шанаваць?! Ніхто на сьвеце!» Можа, лепш скіраваць гэты патас супраць заходняга часопісу The Economist, які надоечы назваў беларускую мову «дрэнна вызначанай мовай, на якой размаўляюць галоўным чынам на вёсцы»?

Яшчэ вельмі ўразіла пільная ўвага спадарыні Жук-Грышкевіч да майго пятага пункту, то бок пятае часткі маіх тлумачэньняў, якія яна лічыць «апраўданьнямі». Праўда, не спадабалася вольнае абыходжаньне са зьместам майго адказу, зь якога нібыта вынікае, што я маю з Лукашэнкам адну й тую ж родную мову. Прабачце, у мяне яна сапраўды расейская, а пра ягоную такога сказаць нельга. Але хочацца даведацца: ці лічыць спадарыня Раіса магчымым, каб дарослы чалавек зьмяніў родную мову? Як жа гэта ажыцьцявіць, ды што рабіць з тымі беларусамі (а яшчэ й зь небеларусамі), чыя родная мова расейская, але якія свабодна валодаюць беларускаю? Усім ім дамо другі гатунак ці, яшчэ лепш, эрзац-беларусамі будзем зваць?

Дарэчы, пра эрзац. «У часе вайны ў Нямеччыне не было сапраўднай кавы, а быў «эрзац» — непаўнавартасная замена кавы», — паведаміла чытачам «НН» Раіса Жук-Грышкевіч. Напэўна, толькі таму, што я да трохгадовага ўзросту жыў у Нямеччыне (ГДР) і там вучыўся сваёй роднай расейскай мовы, я ведаю, што эрзац — гэта ўвогуле непаўнавартасная замена, а ня толькі кавы. «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі (Мн., БелЭн, 1999) лічыць: «эрзац — непаўнацэнны заменьнік чаго-н., сурагат». Вельмі шкада, калі ў беларускай мове нямецка-канадзкіх эмігрантаў значэньне гэтага слова звузілася толькі да сурагату кавы.

Юры Сьвірко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0